Маміны гісторыі. Дзеці растуць!

Як мама я ледзь не з першых дзён жыцця свайго дзіцяці штодня сутыкаюся з дылемай: як выхаваць сына самастойным і адказным, але пры гэтым захаваць прывязанасць?

Фота з архіву аўтаркі

Фота з архіву аўтаркі

Калі чужыя дзеці растуць хутка, то свае — увогуле імгненна. Як паспець надыхацца гэтай духмянай макаўкай, перацалаваць маленечкія ручкі і ножкі, нагушкацца — калі тваёй малечы ўжо месяц, тры, шэсць, а неўзабаве год?.. Міргнуць не паспееш, як гэты толькі што маленькі пухленькі піражочак ужо басам заявіць пра свае асабістыя правы.

Гэта вялізнае шчасце для бацькоў — штодня бачыць, як дзіця засвойвае новыя навыкі, развіваецца, сталее. Першая ўсмешка, уменне трымаць галаву, паварочвацца са спінкі на жывот і назад, станавіцца на карачкі, паўзці, сядаць, першыя словы — скарбонка бацькоўскай радасці і гонару поўніцца ледзь не штодня. Гэта тое, што напаўняе сэрца той самай безумоўнай любоўю і дорыць адчуванне ўласнай усемагутнасці. 


Глядзіце таксама

Але разам з тым гэта і вялікі сум, што ён ці яна ўжо ніколі не будуць такімі маленькімі і безабароннымі. З кожным крокам, з кожным днём нашы дзеці робяцца ўсё больш самастойнымі, а значыць, усё менш маюць патрэбы ў нас, бацьках. 

І калі з пэўнага ўзросту фізічна дарослыя становяцца дзецям непатрэбныя, духоўная сувязь паміж імі можа захавацца на ўсё жыццё. А можа і не захавацца — і тут збольшага ўсё таксама залежыць ад нас, бацькоў. Гэта, канечне, выклік яшчэ той. Але, здаецца, калі з ім справіцца, можна сарваць вялікі куш.

Як мама я ледзь не з першых дзён жыцця свайго дзіцяці штодня сутыкаюся з дылемай: як выхаваць сына самастойным і адказным, але пры гэтым захаваць прывязанасць? Ці магчыма гэта ўвогуле без перакосаў у бок адчужанасці ці, наадварот, залішняй інфантыльнасці? Як распазнаць, калі нешта на гэтым шляху пойдзе не так, і паспець своечасова выправіць гэта?

Пакуль мне складана пацвердзіць сваю тэорыю практычнымі дасягненнямі, бо сын яшчэ зусім маленькі і ўсё яшчэ мае вялікую патрэбу ў прысутнасці мамы побач. Але ўсё роўна рызыкну падзяліцца некаторымі думкамі. 

Галоўная задача бацькоў — выпусціць дзіця ў вялікі свет самастойным і з разуменнем таго, як тут усё ўладкавана. І асноўны інструмент тут — уласны прыклад, бо дзеці ва ўсім капіруюць нас, гэта біялагічны адаптатыўны механізм. Часам бывае так, што трэба літаральна адчапіцца ад дзіцяці, спрабуючы з апошніх сіл навучыць яго слушным паводзінам, а заняцца сабой, прыгледзецца да паводзінаў уласных, дзесьці іх скарэктаваць. 


Глядзіце таксама

Яшчэ мне здаецца, што з дзіцём трэба быць сумленным. Калі памыляешся — прызнаваць гэта, а не ляпіць з сябе вялікага беззаганнага аўтарытэта. І вучыць яго таму, што памыляцца, прызнаваць і выпраўляць свае памылкі — гэта нармальна. 

Безумоўна, самы вялікі і моцны падмурак, які бацькі могуць даць дзіцяці, — гэта любоў. Але, калі любіш, трэба ўмець адпусціць, калі прыйдзе час. І гэта, бадай, самае складанае, што можа быць у бацькоўстве. Аднак, калі такі час настане, значыць, вы з усім справіліся. Бо бачыць, як дзіця ідзе і паспяхова будуе сваё ўласнае жыццё, — найлепшая бацькоўская ўзнагарода.