Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях скароцяць на 50 артыкулаў
Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП) плануецца спрасціць, зрабіць яго больш зразумелым і скараціць колькасць прадугледжаных правапарушэнняў. Пра гэта ў эфіры навін тэлеканала «Беларусь 1» паведаміла намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Вольга Чупрыс.
— На першы погляд, нават каля 50 артыкулаў можа сысці з кодэкса. Гэта значыць, мы стараемся зрабіць так, каб было хутка, зручна, зразумела, і не біла па гаманцу грамадзяніна. І ў цэлым, каб прыбраць значную колькасць тых дзей, якія ёсць у кодэксе на сённяшні дзень, з ліку адміністрацыйных правапарушэнняў, каб грамадзяне адчувалі сябе больш свабоднымі ў нашым грамадстве, — распавяла Чупрыс.
Арыентыровачна да 1 сакавіка неабходна падрыхтаваць канцэпцыю зменаў. А да 1 траўня — і саму новую рэдакцыю КаАП.
Што яшчэ хочуць змяніць у КаАП?
Раней намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Вольга Чупрыс і старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала ўжо дзяліліся прапанаванымі карэкціроўкамі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Сярод іх:
- вылучыць у асобную групу парушэнні, зарэгістраваныя дарожнымі камерамі фотафіксацыі;
- усе адміністрацыйныя правапарушэнні трэба падзяліць на катэгорыі па ступені грамадскай небяспекі і прававых наступстваў;
- скараціць асобныя органы, якія могуць выносіць адміністрацыйныя спагнанні;
- зрабіць у санкцыях магчымасць папярэджання ў якасці адміністрацыйнага спагнання.
Прапаноў па карэкціроўцы КаАП чакаюць і ад беларусаў. Свае прапановы ў пісьмовым і электронным выглядзе прапануецца накіроўваць да 24 студзеня 2020 года на электронную пошту opros@ncpi.gov.by, праз акаўнты ў сацыяльных сетках «Укантакце», «Аднакласнікі», Facebook, Twitter і ў спецыяльнай тэме на Праўным форуме Беларусі.
Чаму КаАП вырашылі тэрмінова змяніць
Нагадаем, на нарадзе, якая прайшла на мінулым тыдні, Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў «палачна-галочную сістэму» прыцягнення беларусаў да адміністрацыйнай адказнасці. Паводле яго слоў, за няпоўныя пяць гадоў зарэгістравана 16 млн парушэнняў, за здзяйсненне якіх да адказнасці прыцягнутыя каля 3,5 млн грамадзян — больш за 50% усяго працаздольнага насельніцтва.
За 12 гадоў дзеяння КаАП прынята 115 законаў, на падставе якіх у яго ўнесена больш як 1,4 тысячы карэкціровак. Лукашэнка даручыў распрацаваць новы праект КоАП і выключыць карэкціроўкі заканадаўства ў гэтай сферы як мінімум на наступныя пяць гадоў.
tut.by