Касінерава: Рэжым не зможа накрыць сістэму дапамогі палітвязням, бо яна гарызантальная
Прадстаўніца праваабарончай ініцыятывы «DissidentBY» Марына Касінерава, у маці якой адбыўся ператрус падчас нядаўняй аблавы сілавікоў, пракаментавала апошнія рэпрэсіі ў дачыненні да сваякоў палітвязняў, былых палітвязняў і тых, хто ім дапамагае.
Паводле слоў Марыны, ператрус адбыўся па месцы яе прапіскі ў Беларусі, дзе яна не жыве ўжо каля 10 гадоў.
— Падрабязнасцей не ведаю, бо забралі ўсю тэхніку. Толькі тое, што ператрус адбываўся ад ранку да самага вечара. Нават у туалет не давалі схадзіць. Пыталі, чаму я не вяртаюся, бо ў іх ёсць «цудоўная» праграма вяртання на радзіму, — цытуе прадстаўніцу ініцыятывы «DissidentBY»«Салідарнасць» са спасылкай на эфір «Свабода Premium». — Гэта ўсё, думаю, звязана з дапамогай палітычным вязням.
Гэта важнае пытанне для ўлад, бо салідарнасць дазваляе трымацца сваіх меркаванняў. Людзі, якія выходзілі ў 2020 годзе, рабілі нейкія дзеянні і акцыі, прытрымліваюцца нейкіх поглядаў: жадаюць свабоды, дэмакратыі і перамен. Калі існуе салідарнасць, яна дазваляе гэтым каштоўнасцям жыць, далучаць новых людзей.
А яны жадаюць усё гэта зачысціць, пакінуць людзей у вакууме, каб сцерці каштоўнасці і салідарнасць, каб ніхто не мог адзін з адным камунікаваць, а потым не выйшаў на вуліцы і нічога не зрабіў. Таму іх мэта даволі зразумелая, дыктатура так і дзейнічае — яны жадаюць пазбавіцца ўсіх апанентаў, каб ніхто нават думкі не меў супрацьстаяць.
Але, лічыць Касінерава, гэтага не атрымаецца, бо «ўсе ініцыятывы вельмі добра працуюць, і сістэме незразумела, што калі гэта дэцэнтралізавана, то гэта вельмі складана парушыць».
— Гэта не вертыкальная сістэма, у якой яны працуюць: ты кагосьці прыбраў, прызнаў фарміраваннем і ўсё паламалася. Гэта проста сетка, мы ўсе камунікуем, людзі наўпрост дапамагаюць, і з гэтым складана змагацца нават ідэалагічна.
Вядома, кагосьці з людзей такія чысткі адсейваюць (бо яны баяцца), але збольшага гэта закаляе людзей: яны разумеюць, якія перасцярогі трэба прымаць. То-бок людзі толькі вучацца, як гэтаму супрацьстаяць.
Гэта пераходзіць у больш партызанскі варыянт, але пацвярджае, што запыты не змяншаюцца: людзі прыходзяць па дапамогу і дзякуюць за яе, і кожны разумее сістэму ў Беларусі.
Мы ўсе робім усё магчымае, адаптуем нашы механізмы. Мы вельмі гнуткія ў дачыненні да таго, што робіць сістэма. Таму ім складана накрыць сістэму дапамогі, амаль немагчыма, бо мы ўсё ж такі гарызантальныя.
Для сістэмы гэта выклік, бо яны не могуць з такім
працаваць. Так, кропкава яны могуць кагосьці накрыць, але гэта не вырашае
цалкам праблему, таму што салідарнасць не знікае. Рэпрэсіі робяць нас больш
эфектыўнымі ў сваім змаганні і дапамозе.