17 гадоў — а ўжо «экстрэміст». Гісторыя хлопца, якога ГУБАЗіК затрымаў проста на занятках

Адукацыйныя ўстановы ў Беларусі — дзяржаўныя, а таму падпарадкоўваюцца сістэме і не перашкаджаюць сілавікам забіраць навучэнцаў наўпрост у сценах «храмаў навукі». Хутчэй бывае наадварот: яшчэ і самі падахвочваюць.

Дзмітрый Сілін. Фота: spring96.org

Дзмітрый Сілін. Фота: spring96.org

17-гадовага магіляўчаніна  Дзмітрыя Сіліна затрымалі напрыканцы снежня 2022 года на занятках у музычным каледжы. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа зарэгістравалі яго ў чат-боце плана «Перамога» і зрабілі хлопца падазраваным у «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» (арт. 361-1 КК). Дзмітрый правёў Новы год у ізалятары, але першага студзеня яго адпусцілі. Пасля чарговага выкліку на допыт у Следчы камітэт хлопец не стаў чакаць затрымання і з’ехаў з Беларусі.

Дзмітрый расказаў «Вясне», як адміністрацыя каледжа зарабляе на студэнтах, пра прымусовыя падпіскі на прапагандысцкую газету, як ГУБАЗіК прымусіў яго прысядаць 250 разоў і пагражаў расправаю, а таксама як у каледж паступіў загад аб яго адлічэнні.

Восенню 2020 года, у самы разгар пратэстаў, Дзмітрый пачаў вучыцца ў Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў па класе баяна. Хлопец быў паспяховым вучнем, праяўляў актыўнасць і хутка стаў старастам групы. Ад пачатку навучання ён адкрыта выказваў нязгоду з паборамі адміністрацыі і навязваннем дзяржаўнай ідэалогіі ў культурніцкай установе.

Дзмітрый расказвае, як сутыкаўся з прымусовымі абсурднымі дзеяннямі адміністрацыі каледжа. Напрыклад, навучэнцаў прымушалі падпісвацца на прапагандысцкую газету, якой яны не цікавіліся.

«На газету трэба было скідвацца па некалькі рублёў. А стыпендыя і так, мякка кажучы, не вельмі вялікая. Лепш бы студэнты купілі сабе на гэтыя грошы марозіва».

Таксама, паводле слоў хлопца, адміністрацыя імкнулася зарабіць на студэнтах.


Глядзіце таксама

«У нас, як і ва ўсіх іншых музычных навучальных установах, перыядычна ладзіліся справаздачныя канцэрты розных аддзяленняў. А кіраўніцтва каледжа прымушала студэнтаў, якія не ўдзельнічалі ў канцэртах, набываць на іх квіткі і наведваць выступленні».

Завуч каледжа, які пазней атрымаў пасаду начальніка аддзела культуры па Магілёўскай вобласці, імкнуўся выслужыцца і ладзіў шматлікія канцэрты. А высокі ўзровень падрыхтоўкі да выступлення часта не адпавядаў нагодзе для канцэрта, расказвае Дзмітрый. 

«Напрыклад, аднойчы ў нас быў канцэрт з нагоды «70-годдзя паліклінікі». Нярэдка здаралася так, што выкладчыкі сядзелі без навучэнцаў, бо тыя ў вучэбны час выступалі на дне народзінаў паліклінікі».

«Мы прыйшлі з-за тваёй актыўнасці»

Па Дзмітрыя прыйшлі 28 снежня 2022 года. Пяцёра супрацоўнікаў ГУБАЗіКа затрымалі хлопца падчас заняткаў у каледжы.

«Я быў выдатнікам, старастам групы, нямала зрабіў для каледжа. Але калі прыйшлі мяне затрымліваць, намеснік па выхаваўчай працы нават вокам не павёў. Проста здаў мяне сілавікам».

Спачатку хлопца павялі ў кабінет да намесніка дырэктара па выхаваўчай працы, дзе ў Дзмітрыя адразу забралі яго тэлефон.

«Прыпірацца не было сэнсу. Сілавікі знайшлі ў мяне ў Тэлеграме падпіскі на «экстрэмісцкія» СМІ».

У якасці пакарання — 250 прысяданняў              

Пасля затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіКа павезлі Дзмітрыя ў аддзяленне КДБ. Там сілавікі кпілі з яго доўгіх валасоў, называлі «змагаром» і пагражалі расправаю.

«На парозе ляжаў бел-чырвона-белы сцяг, па якім супрацоўнікі прымушалі прайсці. А на сцяне разам з чырвона-зялёным сцягам вісеў расійскі трыкалор».


Глядзіце таксама

У канцы допыту Дзмітрыя прымусілі зрабіць 250 прысяданняў. Як сказалі сілавікі, у якасці пакарання. Пасля прысяданняў у яго ўзялі адбіткі пальцаў, якія атрымаліся вельмі нізкай якасці.

«Ва ўсіх, хто пасля бачыў гэтыя адбіткі, было проста «рука-лицо». А супрацоўнікі РАУС, куды мяне прывязлі пазней, вельмі здзіўляліся, што можна настолькі няякасна «адкатаць пальцы», — кажа Дзмітрый.

Бацькам Дзмітрыя пра затрыманне сына паведаміў сілавік, калі тыя патэлефанавалі сыну. 

«Супрацоўнік сказаў толькі: "Вашага сына затрымалі". Больш бацькі нічога пра мяне не ведалі».

У дакументах было прозвішча іншага чалавека

У той жа дзень у міжраённым аддзеле Следчага камітэта па Магілёве ў Дзмітрыя быў чарговы допыт. Пасля яго следчая Юлія Глоба аддала хлопцу паперы на подпіс. На першай старонцы было яго прозвішча, а на другой — зусім іншага чалавека, расказвае Дзмітрый.

«Я ўказаў следчай на памылку, і яна яе выправіла як нічога ніякага. Мяркую, што ўсе гэтыя справы яны заводзяць як пад капірку», — кажа хлопец.

Ва ўсіх установах, куды перамяшчалі Дзмітрыя пасля затрымання, сілавікі размаўлялі лаянкай.

«Следчая Юлія звярталася да мяне на нармалёвай мове, але са сваімі калегамі гаварыла мацюкамі. Бл*ць і на*уй  для іх проста словы-звязкі».

Сілавік, які ў гэты час корпаўся ў тэлефоне хлопца, знайшоў там прыкладанне «Новая Беларусь».

«Навошта табе гэтая новая Беларусь? Табе што, старая не падабаецца?» — адрэагаваў ён.


Глядзіце таксама

Пасмяяліся з «пакаяльнага відэа»

Супрацоўнікі КДБ, якія суправаджалі Дзмітрыя ў Следчы камітэт, загадалі яму запісаць «пакаяльнае відэа».

«Запісалі яго недзе з трэцяга разу. Я не стаў прыпірацца, бо ведаў пра катаванні і не хацеў іх спазнаць на ўласным досведзе. Па вызваленні мы з аднагрупнікам паглядзелі гэтае відэа і пасмяяліся. Бо гэта поўны абсурд».

Хлопец кажа, што не разлічваў, што яму давядзецца сядзець у турме, але быў да гэтага гатовы.

17 гадоў, а ўжо «экстрэміст»

Вечарам таго ж дня Дзмітрыя перавялі ў Магілёўскі ІЧУ, дзе ён прабыў у адзіночнай камеры трое сутак.

«Хоць я і экстраверт і люблю камунікаваць з людзьмі, але адносна спакойна вытрымаў гэтыя дні ў адзіночным зняволенні. Быў час пабыць адзін на адзін са сваімі думкамі. Сам сабе здзіўляўся, што ў 17 гадоў мяне ўжо запісалі ў «экстрэмісты».

Дзмітрый неахвотна кажа, што, нягледзячы на малы ўзрост, з боку сілавікоў было рукапрыкладства і маральныя прыніжэнні.

«Пастаянна крычалі, каб апускаў галаву ніжэй падчас канваіравання. Кайданкі зашпільвалі ззаду як экстрэмісту. Ад сілавікоў сыпаліся бясконцыя абразы. Я ўжо не памятаю, што яны казалі, для мяне гэта быў пусты звон. Увогуле, як «калхознік» можа абразіць чалавека з культурнай сферы?»

На трэція суткі, 1 студзеня 2023 года, Дзмітрыя вызвалілі з ізалятара, не папярэдзіўшы загадзя бацькоў. Адзін з супрацоўнікаў на ўласным аўтамабілі прапанаваў яго адвесці дадому.


Глядзіце таксама

Зноў допыт і ад’езд

Праз дзесяць дзён пасля вызвалення Дзмітрыя зноў выклікалі на допыт у Следчы камітэт, дзе распытвалі пра чат-бот плана «Перамога».

«Я чакаў, што мне дадуць падпіску аб нявыездзе, але гэтага не адбылося».

Хлопец расказвае, што ГУБАЗіК даслаў у каледж паперу, каб адміністрацыя знайшла фармальную нагоду для яго адлічэння.

«Пра гэта маёй маці паведаміў чалавек з адміністрацыі. Але ў мяне амаль не было пропускаў заняткаў, і вучыўся я добра. Таму нагоду знайсці не атрымалася».

У СК Дзмітрыю сказалі, што справу нібыта будуць закрываць, але ніякіх адпаведных дакументаў не выдалі. Хлопец вырашыў не выпрабоўваць лёс, атрымаў візу і з’ехаў з Беларусі. Цяпер ён жыве ў Варшаве і займаецца продажам беларускіх кніг.