«Ген беларусаў». Як выжывае і прарастае беларускасць, нягледзячы антыбеларускую ўладу
Некаторыя беларусы ўжо шмат гадоў аддаюць сябе беларускай справе, пра некаторых кажуць, што яны «толькі прачнуліся». Героі гэтага інтэрв'ю — верагодна, з апошніх. Але ім таксама баліць Беларусь.
У нашых мясцінах яшчэ п’юць ваду з балота, але дыхаць там цяжка…
Святлана і Андрэй родам з Віцебска, працуюць у ІТ-сферы, хаця абое першапачаткова заканчвалі ветэрынарную акадэмію. Іх размова з «Польскім радыё» пачалася з таго, што згадалі іх прыгожы горад, вядомых людзей — кшталту Шагала, Пэна, іншых. Праўда, суразмоўцы з жалем зазначаюць, што горад іх блізка ад расійскай мяжы і вельмі моцна русіфікаваны.
— І калі мы прыязджалі ў Мінск і іншыя гарады нашай Беларусі, асабліва ў Гродна, і чулі там беларускую мову — гэта было вельмі добра для нашых вушэй! Думаю, што і мы, і большасць людзей, якія жывуць у Віцебску, недзе ў душы схіляюцца да сваёй роднай мовы, памятаюць яе і хаваюць…
А потым следам за сваім горадам Святлана і Андрэй з непадробным сумам цікава расказваюць пра наваколле, прыроду свайго краю. І адчуваецца, што яны надалей гэтым жывуць. Асабліва калі гавораць пра балота Ельня.
— Гэта месца міграцыі птушак, асабліва жураўлёў. Гэтае балота — сапраўды «лёгкія Еўропы». Яно вельмі вялікае, і там пануе нейкая энергетыка яшчэ з тых стагоддзяў. Там для турыстаў з дапамогай Еўрасаюза зрабілі драўляны насціл, і можна па ім прайсці і шмат пабачыць. На першы погляд здаецца, што там толькі балота, парослае кустоўем, але пануючая несамавітая цішыня ўражвае. І толькі «курлы-курлы, цвісь-цвісь» — птушкі там. Гід, які з намі быў, нават прапаноўваў піць ваду з гэтага балота — настолькі яна чыстая…
Тым не менш, нягледзячы на ўсю такую прыгажосць, Святлана і Андрэй задумваліся яшчэ ў 2019 годзе, каб пакінуць краіну, змяніць месца жыхарства.
— Не было чым дыхаць у роднай краіне. На ўсё існавалі нейкія забароны: таго нельга, туды нельга, тут стой, туды не хадзі і г. д. Стабільнасць існавала, а па-іншаму — застой, паветра не ставала. І мы пачалі задумвацца аб пераездзе ў іншую краіну, дзе можна было б рэалізавацца ў жыцці.
Праўда, як ні дзіўна, іх погляды шмат у чым змяніліся падчас кавіду. Святлана і Андрэй згадваюць, што ніколі раней у сваёй краіне не адчувалі такой салідарнасці, калі людзі, нягледзячы на абыякавасць уладаў, аб’ядналіся і пачалі дапамагаць адно аднаму, каб абараніцца ад нахлынуўшай хваробы.
— І гэта так уразіла! Аказваецца, нашы людзі здольныя на многае, у нас яшчэ нешта цепліцца, не ўсё згублена і мы нешта можам…
Былі планы, але 2020 іх змяніў…
Былі нават планы адкрыць свой бізнес: хацелі зрабіць кавярню з афрыканскай крафтавай кавай. Святлана і Андрэй — аматары вандровак і заўсёды прывозяць з іншых краін тое, чаго няма ў Беларусі. А вось каву ім хацелася дастаўляць у Віцебск з Кеніі і адкрыць сапраўдную кавярню.
— Мы нават не думалі на гэтым зарабляць. Галоўным было навучыць цаніць людзей тыя харчы, якія яны маюць. Каб для іх смак кавы быў не проста смакам шакаладу, а каб яны маглі адчуць смак ягады кавы.
Праўда, планы змяніў 2020 год. Жыццё, як заўважае спадарыня Святлана, перакулілася з ног на галаву. Яны былі актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх акцый у Віцебску. А калі ў абласным цэнтры пратэсты прыціхлі, яны сталі ездзіць у Мінск.
— «У адзін прэкрасны момант» мне прыйшла позва з пракуратуры. Па нумары тэлефона мяне зафіксавалі на месцы, дзе адбываліся пратэсты. Праўда, на першы раз толькі папярэдзілі, я падпісала пратакол — і адпусцілі. А потым яшчэ сказалі: калі пабачаць мяне на здымках падчас акцый, то будзе штраф, арышт і крымінальная адказнасць. І пасля гэтага мы вырашылі, што нам тут больш нельга заставацца.
Тыя дні забыць немагчыма
Але абое ў адзін голас кажуць, што тады пражылі незабыўныя дні.
— Страшна было. Але быць разам з людзьмі на пратэстах нам было важна. Бо хто, калі не мы? Рэкі людзей цяклі па вуліцах з бел-чырвона-белымі сцягамі, у некага бранзалетка белая, у некага ў валасах стужачкі… Як у той песні «Nizkiz»:
«Гадзіну згубіліся б, але ж хтосць уздыме сцяг
Мы выйшлі на вуліцу знянацку так…»
Так яно і было. І ўсё гэта так натхняла, і быў такі парыў… Мы столькіх людзей пазналі, якія цяпер сталі нашымі сябрамі! З намі на маршы хадзіў разам сталы чалавек, у яго сын служыў у КДБ. Мы яго пыталі: як так? А ён адказваў, што ён бацька і ходзіць за сына, які на тым баку — такім чынам адказваючы за яго…
Адкуль жа ў іх такі патрыятызм, калі яны жылі ў зрусіфікаваным горадзе?
— А гэта, як кажуць, ген беларусаў. І калі паглядзець на гісторыю, то заўсёды было знішчэнне беларускасці. Яе знішчалі, знішчалі, знішчалі, але яе знішчыць немагчыма — яна ў генах.
Нам здавалася, што бяжым спрынт, аднак…
У Польшчы Святлане і Андрэю ўдалося хутка ўладкавацца і наладзіць жыццё. Яны па-ранейшаму працуюць у той самай фірме, якая пераехала з Беларусі. Працуюць дома, ёсць заробкі, здымаюць кватэру, а таму праблем асаблівых не адчуваюць.
Праўда, напачатку ўвесь час чакалі таго моманту, што вось-вось вернуцца дахаты. Але той момант зацягваецца.
— Нам здавалася, што бяжым спрынт, а даводзіцца бегчы марафон…
З Польшчы мы прывезлі б свабоду
У адносінах з палякамі праблем не маюць, мову іх разумеюць, праўда, складаней на ёй гаварыць.
— Мы працуем дома, у нас няма палякаў у кампаніі, а таму можам спакойна чытаць, слухаць, а вось з тым, каб гаварыць, трохі складаней…
Згадаўшы традыцыю пары, паводле якой яны прывозяць дамоў нешта са сваіх вандровак, журналіст «Польскага радыё» пацікавіўся, што б яны прывезлі з Польшчы? Адказ прагучаў адразу:
— Свабоду. Я, да прыкладу, у Беларусі была трошкі замкнёная ў сабе, а тут нават пафарбавала валасы, абрэзала іх, наогул расправіла плечы, тут па-іншаму дыхаецца. Так што мы з Польшчы б прывезлі свабоду, — адказвае Святлана.
— У мяне аднойчы чалавек спытаў: каб быць сёння добрым мастаком ці музыкам, што для гэтага патрэбна – багацце ці беднасць? Я тады не змог яму адказаць. Але потым зразумеў: трэба быць свабодным, — дадае Андрэй.
Калі вернемся ў Беларусь, то адразу паедзем не ў Віцебск…
І Святлана, і Андрэй настроены на тое, што пры першай магчымасці вернуцца дамоў. Родныя мясціны не адпускаюць, часта сняцца. Яны кажуць, што і ў замежжы не спынілі барацьбу, працягваюць удзельнічаць у беларускіх справах, дапамагаюць тым, хто ў патрэбе. А калі вернуцца на Радзіму, то першае, што зробяць…
— У мяне ёсць мара. Калі мы вернемся ў Беларусь, то адразу паедзем не ў Віцебск, а на наша любімае возера, якое побач з Віцебскам. І там будзем сядзець, глядзець на яго і слухаць беларускую цішыню. Бо гэта для нас самае прыгожае месца на зямлі.