«На радзіме вам нічога не пагражае». Беларускіх уцекачоў чакае дэпартацыя са Швецыі
Нават калі на цябе ў Беларусі заведзена крымінальная справа, шведскія чыноўнікі непахісныя: яны ўпэўнены, што ў нашай краіне ўсё добра.
Швецыя неахвотна дае прытулак беларусам, якія з'ехалі з краіны па палітычных прычынах. У народнай амбасадзе расказалі, што ў 2023 годзе шведы далі прытулак пяці беларусам з тых 67, хто падаўся, а ў 2022-ім — тром са 141. «Медыязона» знайшла траіх з тых, хто атрымаў адмовы — усе рыхтуюцца пакідаць краіну, каб не быць дэпартаванымі.
Вобшукі, «суткі», уцёкі. Пераслед у Беларусі
Былая супрацоўніца МАЗ Ала Цвірка з'ехала з Беларусі ў 2021 годзе. У 2020 годзе падчас забастовак Цвірка выстаўляла патрабаванні кіраўніцтву завода і была адной са стваральніц незалежнага прафсаюза. У выніку яна звольнілася з завода па ўласным жаданні. Ала кажа, што трапіла ў «чорныя спісы» і не магла знайсці новую працу. Пасля затрымання старшыні незалежнага прафсаюза і ператрусу ў яе дома актывістка наважылася з'ехаць. Пасля ад'езду з Беларусі Цвірка жыла ва Украіне, а пасля вайны з'ехала праз Польшчу да сястры ў Швецыю.
Супрацоўніка наваполацкага завода «Палімір» Андрэя Саліна затрымалі на выбарчым участку падчас канстытуцыйнага рэферэндуму. Гэта было ў лютым 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Салін сапсаваў бюлетэнь: паставіў два крыжыкі, сфатаграфаваў яго, кінуў каля скрыні і дастаў украінскі сцяг.
«Горад у нас невялікі, так што затрымліваў мяне знаёмы чалавек з міліцыі. Ён вельмі моцна бянтэжыўся, адводзіў вочы. Быў у масцы і думаў, што я яго не пазнаю», — расказвае Андрэй.
Саліна арыштавалі на 15 сутак. Пасля вызвалення ён вырашыў з'ехаць з Беларусі. Ужо пасля ад'езду сястра расказала, што яго шукала міліцыя.
Андрэй Салін быў членам нацыянальнай зборнай Беларусі па спартыўным арыентаванні. Знаёмыя спартсмены са Швецыі паклікалі яго да сябе і параілі падавацца на прытулак.
Вольга з'ехала ў Швецыю раней за Алу і Андрэя — у 2019 годзе. Праблемы ў яе пачаліся праз адкрытую крымінальную справу, у якой яна праходзіла сведкай і «рызыкавала стаць абвінавачанай».
«Беларусь не ўяўляе небяспекі». Адмова
Прыехаўшы ў Швецыю, Вольга падалася на прытулак. Ёй хутка прызначылі інтэрв'ю. Паводле яе слоў, падчас яго ёй не далі да канца расказаць сваю гісторыю. Абстаноўку там яна называе «непрыязнай», а тое, што ў выніку напісалі ў пратаколе — «поўнай лухтой». Неўзабаве беларуска атрымала адмову ў прытулку, бо Беларусь «не ўяўляе небяспекі», а Вольга не даказала, што займалася палітычным актывізмам. Яна падавалася яшчэ, але беспаспяхова.
Вольга атрымала тры адмовы, нягледзячы на тое, што ў спісе дакументаў быў ліст ад арганізацыі, прызнанай у Беларусі «экстрэмісцкай», у якой працавала беларуска. Паводле яе слоў, у адказе міграцыйны суд напісаў, што для палітычных актывістаў сітуацыя ў Беларусі за апошнія 4 гады не змянілася. Праз першую адмову Вольга страціла жыллё ў лагеры для бежанцаў, ёй перасталі выплачваць дапамогу, дапамагаць з медыцынай і забралі дазвол на працу. У яе заставаўся толькі дазвол знаходзіцца на тэрыторыі Швецыі.
Тое самае адбылося з Андрэем Саліным. На інтэрв'ю ён падрабязна расказаў пра затрыманне і пасля чакаў рашэння па сваёй справе. Беларус уладкаваўся на працу ў горадзе Гётэборг — дзевяць месяцаў развозіў ложкі. Пасля скарачэння перайшоў на новую.
«Паводле шведскіх законаў, калі мне не даюць прытулку, я магу застацца па рабочай візе, але павінен адпрацаваць чатыры месяцы бесперапынна на адным працоўным месцы і атрымліваць не менш за 13 000 крон заробку», — кажа Салін.
На другім месцы ён паспеў адпрацаваць толькі 2,5 месяцы. За гэты час ён атрымаў тры адмовы ад міграцыйнай службы. Прычына такая ж: беларусу на радзіме «нічога не пагражае», бо ён адбыў 15 сутак і ў яго няма крымінальнага пераследу. У дакуменце гаворыцца, што ён перасёк мяжу легальна, і гэта паказвае, што ва ўлад да яго няма пытанняў.
Ала таксама падала ў міграцыйную службу дакументы аб пераследзе. Паводле слоў беларускі, яна праходзіць абвінавачанай па справе аб «грубым парушэнні парадку». Шведскія чыноўнікі выслухалі яе гісторыю і адмовілі ў прытулку. Рашэнне яны патлумачылі тым, што Але «нічога не пагражае на радзіме і яна можа вяртацца назад».
На міграцыйную службу ніяк не паўплывалі лісты з Офіса Святланы Ціханоўскай і праваабарончага цэнтра «Вясна», у якіх гаварылася пра лёс затрыманых па яе справе. Ала абскардзіла рашэнне, але зноў атрымала адмову.
У адказе з міграцыйнага суда пазначана: суд не аспрэчвае той факт, што Ала Цвірка ўваходзіць у склад групы з чатырох чалавек, супраць якой распачата крымінальная справа. Але праз тое, што ў Алы не было дакументаў, якія пацвярджалі б, што яна знаходзіцца ў вышуку, у прытулку ёй адмовілі.
«У мяне ў любым выпадку дэпартацыя. Таму не ведаю, што далей рабіць. Калі б я ведаў, што будзе настолькі складана, я б адразу Літву ці Польшчу разглядаў. Я не думаў, што так атрымаецца. А ўжо выбару няма. Я ўжо павінен у любым выпадку пакінуць Еўрасаюз», — тлумачыць Андрэй.
Вышэйшы міграцыйны суд адмовіўся разглядаць справу Алы Цвірка, таму што для гэтага не з'явілася новых падстаў. Гэта была апошняя інстанцыя, куды магла звярнуцца Ала. Да 9 кастрычніка яна павінна пакінуць Швецыю, ці яе дэпартуюць. Акрамя таго, яна павінна выехаць з ЕС. Ала сцвярджае, што паступіла ў еўрапейскі ўніверсітэт і плануе пераехаць у Польшчу ці Літву.
Паводле слоў Дзмітрыя Васермана, які прадстаўляе народную амбасаду, у Швецыі ведамствы дрэнна кантралююцца палітыкамі.
«У гэтым выпадку мы маем справу з тыповай некампетэнтнасцю ведамства. У некаторых адмовах гаварылася пра дастаткова актыўных людзей, што ім бяспечна вяртацца ў Беларусь і што сітуацыя пасля 2020 года стабілізавалася. Я не ведаю, што яны маюць на ўвазе пад «стабілізавалася». Хутчэй за ўсё, тое, што спыніліся самі дэманстрацыі. Але, падобна, яны прапусцілі, што рэпрэсіі не спыніліся, а толькі ўзмацніліся».
Жыццё ў лагеры для бежанцаў
Вольга падала заяву ў Камітэт правоў чалавека ААН. Заяву прынялі і, паводле слоў актывісткі, «напісалі ў шведскае міграцыйнае агенцтва, каб яе пакінулі ў спакоі, не дэпартавалі, каб не здарылася непапраўнае».
Працэс можа зацягнуцца яшчэ на два гады.
У гэты час Вольга не можа ні выязджаць са Швецыі, ні афіцыйна працаваць у краіне. Цяпер яна працуе ў IT на замежную фірму. Заробак там не параўнаецца з тым, які мог бы быць пры афіцыйным працаўладкаванні ў Швецыі. Напрыклад, медыцына па 100%-най аплаце з яе ўзроўнем даходаў «недасягальная».
Да першай адмовы ў прытулку Вольга жыла ў трох лагерах для ўцекачоў. Спачатку — у 15 хвілінах язды на цягніку ад Гётэборга. Людзі жылі ў аднапавярховых і двухпавярховых хатках; там былі пральныя машыны, дастаткова прыбіральняў і душавых. Вольгу пасялілі з іншымі дзяўчатамі, яны атрымлівалі €2 у дзень на чалавека. У сталовай кармілі арабскай кухняй. Беларуска такую ежу есці не магла і за два месяцы схуднела на 15 кілаграмаў.
Для ўваходу ў пакоі жыхарам лагера выдавалі бранзалеты-ключы. «Калі да цябе ёсць нейкія пытанні ў міграцыйнай службе, яны проста аўтаматычна адключаюць твой бранзалецік, і ты нікуды патрапіць не можаш. І ты ідзеш да іх на рэсепшн, вырашаеш пытанне. Альбо табе ўручаюць ліст, альбо перадаюць інфармацыю і — хоп — зноў уключаюць твой бранзалецік», — кажа Вольга.
Пасля Вольгу адправілі ў іншы лагер «у нейкай Богам забытай вёсцы».
«Гэта было вельмі сумна. Няма пагаварыць з кім. Прадукты ў два разы даражэй, чым у вялікім горадзе. Там проста можна было выць на сценкі», — згадвае беларуска.
Яна папрасіла перасяліць яе ў трэці лагер — той, куды адправілі расіяніна, з якім яна пазнаёмілася ў першым. Лагер знаходзіўся на базе закрытай бальніцы за 10 кіламетраў ад горада Хальмстад. Да яго некалькі разоў на гадзіну хадзілі аўтобусы, побач — мора. Уцекачам выдавалі па €7 на дзень. На паверсе была кухня, пральная машына, пакой адпачынку з тэлевізарам. Уваход у пакой — па картцы. У распараджэнні жыхароў была вялікая бібліятэка, часам іх вазілі на рыбалку. Вольга магла выбіраць настаўніка шведскай мовы.
Пасля адмоў у прытулку Вольга страціла жыллё ў лагеры; ёй дапамагала знаёмая шведка. Потым яна пазнаёмілася з нарвежцам, ён прапанаваў пераехаць да яго. Пара падала заяву ў ЗАГС, для Вольгі запыталі від на жыхарства па ўз'яднанні сям'і.
Калі ўсё складзецца, беларуска атрымае права на працу.