Камітэт ААН прыняў рашэнне па справе Уладзіслава Кавалёва
21 лістапада Любоў Кавалёва, маці расстралянага паводле прысуду за ўдзел у тэракце ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года Уладзіслава Кавалёва, атрымала адказ ад Камітэта па правах чалавека ААН. Гэтая ўплывовая структура прызнала, што ў крымінальнай справе Кавалёва ў ходзе следства і судовага працэсу было шмат парушэнняў. Камітэт ААН прызнаў парушэнне Рэспублікай Беларусь права Уладзіслава Кавалёва на жыццё. Аднак маладога чалавека, якога пакаралі смерцю, ужо не вернеш.
Праваабаронца Раман Кісляк, Любоў Кавалёва і праваабаронца Людміла Гразнова
Як сказала на прэс-канферэнцыі 22 лістапада Любоў Кавалёва, зараз мэта яе жыцця — рэабілітаваць расстралянага сына ў вачах людзей. 17 сакавіка бягучага года стала вядома, што Уладзіслаў Кавалёў, а таксама галоўны абвінавачаны ў справе тэракту на станцыі метро «Кастрычніцкая» Зміцер Канавалаў расстраляныя згодна з вердыктам Вярхоўнага суда Беларусі. Галоўны беларускі чыноўнік, у руках якога было жыццё двух маладых людзей, адмовіўся іх памілаваць.
Як нагадаў на сустрэчы з журналістамі праваабаронца Раман Кісляк, скарга Любові Кавалёвай, а таксама сястры Уладзіслава Таццяны была накіравана ў Камітэт па правах чалавека ААН 14 снежня 2011 года, а ўжо на наступны дзень яна была афіцыйна зарэгістраваная. Разгляд скаргі адбыўся 29 кастрычніка 2012 года, 14 лістапада канчатковае рашэнне ААНаўскай структуры было афіцыйна аформленае, а 21 лістапада па пошце яно дайшло да заяўнікаў. Па словах Кісляка, дакумент праз прадстаўніцтва ААН у Жэневе будзе перададзена афіцыйнаму беларускаму боку.
Як распавёў Раман Кісляк, падчас разгляду справы Уладзіслава Кавалёва беларуская дзяржава парушыла шэраг палажэнняў міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама двух факультатыўных пратаколаў да яго. Прычым, усе гэтыя дакументы ў свой час былі ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь.
«Камітэт ААН задаволіў 85–90 працэнтаў патрабаванняў, якія выставілі да беларускіх уладаў маці і сястра Уладзіслава Кавалёва. Так, Камітэт ААН прызнаў такія парушэнні, як прымяненне фізічнай сілы, прымус да дачы паказанняў супраць сябе, парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, бо дзяржаўныя СМІ яшчэ да выраку суда называлі Кавалёва і Канавалава тэрарыстамі. Апроч таго, Уладзіслава і Дзмітрыя прывозілі ў суд у кайданках і саджалі іх у клетку, — адзначыў Раман Кісляк. — Да таго ж, як прызнаў Камітэт ААН, суд над маладымі людзьмі не быў незалежным і непрадузятым. Напрыклад, суддзя адхіляў амаль усе хадайніцтвы адвакатаў, але задавальняў практычна ўсе хадайніцтвы дзяржаўнага абвінавачання».
Апроч таго, падкрэсліў Кісляк, Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэнні і ў дачыненні да маці і сястры Кавалёва. «Абстаноўка сакрэтнасці, што да даты прывядзення прысуду ў выкананне, тое, што сваякам не выдаецца цела расстралянага і нават не паведамляецца месца яго пахавання, было прызнана парушэннем артыкула 7 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (забарона жорсткага абыходжання). У дадзеным выпадку Камітэт ААН прызнаў ахвярамі маці і сястру Уладзіслава», — удакладніў юрыст.
Дарэчы, Камітэт па правах чалавека ААН патрабуе ад афіцыйнага Мінску апублікаваць сваё рашэнне ў сродках масавай інфармацыі. Аднак у тое, што дзяржаўныя СМІ Беларусі выканаюць патрабаванне ААН, слаба верыцца.
Любоў Кавалёва трымае ў руках Рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН па справе яе сына Уладзіслава