Каля 400 майстроў возьмуць удзел у свяце рамёстваў "Слуцкiя паясы"
Каля 400 майстроў Мінскай вобласці прымуць удзел у другім свяце рамёстваў "Слуцкiя паясы", які пройдзе сёння ў Слуцку.
Свята адкрыецца на Цэнтральнай гарадской плошчы Слуцка канцэртам творчых аматарскіх калектываў Міншчыны. Уздоўж вуліцы Багдановіча разгорнецца кірмаш "Рамесная слобода", дзе будуць прадстаўленыя вырабы лепшых майстроў ткацтва салома- і лозапляцення, ганчарства, разьбы па дрэве, вышыўкі і іншых відаў рамёстваў.
Чакаецца правядзенне майстар-класаў па ткацтву, роспісу па тканіне, пляценні папяровых трубачак.
На пляцоўцы каля Цэнтра дзіцячай творчасці адбудзецца абласны конкурс "Беларуская лялька", удзельнікі якога прадставяць традыцыйныя і сучасныя беларускія лялькі, вырабленыя сваімі рукамі. У гэтым годзе заяўкі на конкурс адправілі больш за 100 чалавек з 17 раёнаў Мінскай вобласці.
Праграмай свята запланавана правядзенне канферэнцыі "Традыцыйныя рамёствы Міншчыны: сучасны стан, асаблівасці побыту, тэндэнцыі развіцця", у якой возьмуць удзел вядомыя дзеячы культуры і мастацтва Беларусі.
Для самых маленькіх прадугледжаны забаўляльныя гульні і конкурсы, тэатралізаваныя прадстаўленні з удзелам дзіцячых тэатральных і фальклорных калектываў. Завершыцца мерапрыемства канцэртнай праграмай фальклорнага ансамбля "Купалінка" Белдзяржфілармоніі.
Абласное свята рамёстваў "Слуцкiя паясы" праводзіцца ў адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай адраджэння тэхналогій і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі "Слуцкія паясы".