Яўгеній Лівянт: «Прыхлопнуць прыватную адукацыю»

Вядомы педагог Яўгеній Лівянт выказаўся пра становішча беларускай адукацыі: «Наша Міністэрства адукацыі, якое жыве ў сваім паралельным і далёкім ад рэальнасці свеце, зусім не хвалюе праблема адтоку нашай моладзі ў іншыя краіны». 

Фота са старонкі Яўгенія Лівянта ў ФБ

Фота са старонкі Яўгенія Лівянта ў ФБ


Вядомы беларускі педагог, рэпетытар па фізіцы і матэматыцы Яўгеній Лівянт на сваёй старонцы ў фэйсбуку надзвычай шчыра і адкрыта выказаўся пра набалелае — становішча ў беларускай сістэме адукацыі.
«У беларускіх абітурыентаў пачаліся ўступныя экзамены ў ВНУ. Здзіўлены? Снежань жа цяпер, а не чэрвень. Так і ВНУ расійскія, а не нашы.

Так, менавіта сёння і заўтра праходзяць першыя іспыты, натуральна, у дыстанцыйнай форме па праграмах Рассупрацоўніцтва і многія беларускія абітурыенты будуць іх здаваць. А тым, хто не паспеў падрыхтавацца, яшчэ прапануюць паступіць у расійскія ВНУ зімой, вясной і летам праз алімпіяды ВНУ, праз папярэдні ЕГЭ, па сертыфікатах ЦТ, па дадатковых квотах... польскія ВНУ таксама «на падыходзе» і ў бліжэйшы час пачнуць праводзіць свой набор. Варыянтаў паступіць у ВНУ іншых краін у нашых абітурыентаў да ЦТ у чэрвені будзе вельмі шмат.

І толькі наша Міністэрства адукацыі, якое жыве ў сваім паралельным і далёкім ад рэальнасці свеце, зусім не хвалюе праблема адтоку нашай моладзі ў іншыя краіны. Падумаеш, недабралі нашы ВНУ летам 2021 года каля сямі тысячаў абітурыентаў. Магчыма, летам 2022 года не дабяруць 15 тысяч. Затое чэргі на падачу дакументаў у нашы ВНУ стануць менш. Не конкурс менш, у многія ВНУ ён ужо адмоўны і менш быць не можа, а чэргі!

Думаю, што наша краіна такая адзіная ў свеце, дзе нельга дыстанцыйна падаваць дакументы ў некалькі ВНУ на некалькі спецыяльнасцяў. У нас абітурыентам можна паступаць толькі ў адну ВНУ і ўсе дакументы толькі вочна можна падаваць.

Нічога страшнага, мы стаялі ў чэргах, нашы дзяды і прадзеды таксама ў чэргах стаялі, а гэтая моладзь жыцця не ведае, няхай таксама ў чэргах патусуецца, подпісы ўсе паставіць і дакументы ўсе ў акенца перадасць. Не цукровыя, не растануць, а пандэмію прыдумалі баязліўцы.

І няварта адцягваць Міністэрства адукацыі на вырашэнне нейкіх неістотных праблем, на нейкую лухту. Ёсць значна больш важныя задачы, я б сказаў, дзяржаўнай важнасці!

У першую чаргу, неабходна тэрмінова працягнуць новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі, з дапамогай якой пазачыняюць палову агульнаадукацыйных ліцэяў, а то яны занадта добра вучаць, і на іх фоне астатнія школы глядзяцца, мякка кажучы, не вельмі. Заадно прыхлопнуць прыватную адукацыю, навошта яна нам.

Гэта ў Кітаі грошай на адукацыю вылучаецца мала, таму ў іх больш за 30% школ прыватных, эканомяць, як разумееце, кітайцы свой бюджэт. А мы такім шляхам не пойдзем, нікому іншаму не дазволім бюджэты асвойваць, усё самі зробім. Ды яшчэ напладзім кучу новых бессэнсоўных кантор, нейкіх агенцтваў па забеспячэнні якасці адукацыі. Школы, якія даюць якасную адукацыю, закрыем, а агенцтва, якое якасць адукацыі ацэньвае, адкрыем! Вось гэта называецца неардынарнае мудрае рашэнне, і толькі мудакі-фэйкамёты гэтага не разумеюць, але такіх трэба выкарчоўваць, як атрутныя грыбы».

Паводле budzma.org