Яшчэ адно беларускае падраздзяленне будзе змагацца за вызваленне Украіны
У складзе Другога інтэрнацыянальнага легіёна абароны Украіны ўжо ствараецца беларускае падраздзяленне.
Пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале беларускі добраахвотнік, былы ваяр палка Каліноўскага Яўген Аўгуст Міхасюк.
Вось што ён паведаміў: «Я абяцаў падзяліцца
яшчэ адной добрай навіной, дык вось і яна. На сённяшні дзень мы знайшлі
паразуменне з кіраўніцтвам «Другога інтэрнацыянальнага легіёна», і мне (і маёй
камандзе) далі дазвол на фарміраванне структурнага падраздзялення «легіёна».
Сёння мы вырашаем шмат розных пытанняў: выконваем баявыя задачы, шукаем рэсурсы на тэхніку і амуніцыю і патроху рыхтуем новых байцоў. Але!
Але ўсё гэта будзе несур’ёзна, калі ў нас не будзе дастатковай колькасці розных спецыялістаў. Нам патрэбны людзі ў выведку, інжынеры, сувязісты, аператары дронаў і нават менеджары. Таму я запрашаю рэкрутаў прыяднацца да нашай групы і такі стварыць талакой беларускае вайсковае падраздзяленне, за якое не будзе сорамна».
Другі інтэрнацыянальны легіён — гэта батальён спецыяльнага прызначэння, створаны ў складзе сухапутных войскаў ВСУ ў 2022 годзе. Камандуе падраздзяленнем палкоўнік Руслан Мірашнічэнка. Паведамлялася, што ў складзе падраздзялення будуць служыць украінцы, беларусы і грузіны.
Журналісты меркавалі, што з'яўленне легіёна стала вынікам сустрэчы галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага з падпалкоўнікам Валерыем Сахашчыкам, прадстаўніком у пытаннях бяспекі і абароны Аб'яднанага пераходнага кабінета беларускай апазіцыі.
Яўген Міхасюк — былы баец палка Каліноўскага. Пакінуўшы падраздзяленне, ён апублікаваў у Twitter серыю пастоў з крытыкай кіраўніцтва палка.