«Яны забрахаліся, прабачце»: у Мінску зноў ідзе суд па «справе Коржыча»

9 красавіка Вярхоўны суд разглядае апеляцыйную скаргу сяржантаў па «справе Коржыча». У зале зноў сустрэліся ўсе, хто цягам мінулага года не сыходзіў са старонак СМІ. У клетцы і побач — сяржанты Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч, якія 5 лістапада атрымалі 9, 7 і 6 гадоў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна за давядзенне Сашы Коржыча да самагубства. Па іншы бок кратаў — маці загінулага радавога Святлана Коржыч.

korz_0904_1.jpg

Згодна з яе скаргай, прысуды сяржантам трэба павялічыць: да 12, 11 і 8 гадоў адпаведна. Але ў судзе яна тлумачыць, што ранейшыя прысуды яе цалкам задавальняюць. А насамрэч Святлана Коржыч хоча прыцягнуць да адказнасці лекараў, якія прызывалі яе сына на вайсковую службу, а таксама былога начальніка 72-га АНЦ палкоўніка Канстанціна Чарнецкага (пасля гібелі Коржыча ён быў адхілены ад пасады ўказам Лукашэнкі, а цяпер працуе ў Мінабароны).
Не я падавала гэтую скаргу, а нашы высокакваліфікаваныя адвакаты. Але яны так ужо забрахаліся, прабачце мне", — кажа пацярпелая.
Адначасова Вярхоўны суд разглядае апеляцыйную скаргу сяржантаў. Адвакаты просяць адправіць справу на новы разгляд і перакваліфікаваць артыкулы, па якіх асудзілі іх падабаронных.
Прашу вас заўважыць, Высокі Суд, што ніякіх адносінаў да Аляксандра Коржыча я не маю. Было выяўлена ўсяго два эпізоды, калі нейкі сяржант прымушаў усіх адціскацца, а я проста стаяў побач. Больш нічога супрацьпраўнага ў дачыненні да Коржыча я не здзяйсняў, дый гэта не супрацьпраўнае з майго боку. Таксама я лічу, што па артыкуле 430 часткі 2 суд няправільна кваліфікаваў дзеянні, таму што гэта ўсё было без злых намераў", — распавядае ў судзе Ягор Скуратовіч.
Як вы ставіцеся да скаргі пацярпелай?” — пытаецца суддзя.
Першы раз пацярпелая была згодна з прысудам, прэтэнзій да нас не мела, а цяпер лічыць, што прысуд занадта мяккі. Я лічу гэта неабгрунтаваным”, — адказвае Скуратовіч.
Апеляцыйнае вызначэнне суд абвесціць сёння ў 15:00.
Летась суд высветліў, што сяржанты атрымлівалі ад салдат хабар (ч. 1, 2 артыкула 430 КК), перавышалі службовыя паўнамоцтвы і давялі да самагубства шарагоўца Аляксандра Коржыча (ч. 3 артыкула 455). Яўгена Бараноўскага прызналі вінаватым яшчэ і па частцы 1 артыкула 205 КК — сяржант скраў тэлефон у шарагоўца.
Цела Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі ў падвале медроты вайсковай часці 3 кастрычніка 2017 года. Ён правісеў ў пятлі тыдзень. У салдата былі звязаныя ногі, а на галаву надзетая майка. Расследаванне гучнай справы доўжылася паўгода. 19 красавіка 2018 года Следчы камітэт паведаміў, што Коржыча давялі да самагубства калегі. Маці салдата ў гэтую версію не верыць, а пацярпелыя салдаты кажуць, што ў Аляксандра не было прычын зводзіць рахункі з жыццём. Суд па “справе Коржыча” цягнуўся амаль тры месяцы — з 8 жніўня 2018-га.
Паводле euroradio.fm