Вярхоўны суд пакінуў прысуд па справе загінулага салдата Коржыча без зменаў
У сваёй апеляцыйнай скарзе маці загінулага салдата Святлана Коржыч прасіла больш сурова пакараць трох сяржантаў Яўгена Бараноўскага, Антона Вяжэвіча, Ягора Скуратовіча, павялічыўшы тэрмін пакарання яшчэ на 2-4 гады. Акрамя таго, яна патрабавала прыцягнуць да адказнасці былога начальніка 72-га гвардзейскага аб'яднанага цэнтра ў Пячах Канстанціна Чарнецкага і лекараў, якія лячылі яе сына.
Сёння Вярхоўны суд разглядаў апеляцыйную скаргу па справе радавога Аляксандра Коржыча, якога знайшлі з майкай на галаве і завязанымі шнуркамі ў падвале медыцынскай роты 3 кастрычніка 2017 года. Яго знікненне выявілі толькі праз сем дзён.
З прысудам Мінскага абласнога суда не пагадзіліся ні абвінавачаныя з іх абаронцамі, ні сама пацярпелая. Як распавяла ў судзе Святлана Коржыч, яна падала скаргу толькі пасля таго, як даведалася, што сяржанты вырашылі абскардзіць прысуд.
Судовая калегія выслухала ўсе бакі: абвінавачаных, адвакатаў, пацярпелую, дзяржабвінаваўцу. І пайшла ў дарадчы пакой на некалькі гадзін.
Перад тым, як у залу зайшла калегія, Святлана Коржыч, гледзячы на клетку з абвінавачанымі, гучна сказала:
— Бог вам суддзя!
— Паводзьце сябе спакойна! — адказаў Ягор Скуратовіч і паспрабаваў сказаць нешта яшчэ, але канвой зрабіў яму заўвагу.
— Гэта я не табе кажу, а Бараноўскаму, — пракаментавала пацярпелая.
Вярхоўны суд пакінуў прысуд без змены, апеляцыйную скаргу без задавальнення.
Нагадаем, выступаючы сёння ў працэсе, Святлана Коржыч прасіла выклікаць у суд былога начальніка 72-гвардзейскага аб'яднанага цэнтра ў Пячах Канстанціна Чарнецкага, які раней ужо быў дапытаны Мінскім абласным судом. А таксама настойвала на яўцы лекараў, якія лячылі яе адзінага сына. Жанчына абураная тым, што Аляксандра Коржыча не раз выстаўлялі чалавекам, які мае псіхічныя праблемы, спасылаючыся на дыягназ «саматаформная вегетатыўная дысфункцыя».
— Гэта не псіхічнае захворванне, а стан арганізма! Саша быў здаровым, калі прызываўся ў войска. (...) Выклікайце дактароў, сведак. Гэта захворванне паказаў сам следчы. Так у нас палова залы з саматаформнай дысфункцыяй, — казала Святлана Коржыч.
Са сведкаў сёння ў суд ніхто не выклікаўся.
Нагадаем, 5 лістапада 2018 года Мінскі абласны суд прызнаў сяржантаў з Печаў вінаватымі ў давядзенні да самагубства радавога Аляксандра Коржыча і прысудзіў Яўгена Бараноўскага да 9 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, Антона Вяжэвіча — да 7 гадоў, Ягора Скуратовіча — да 6 гадоў пазбаўлення волі. На адрас міністра абароны Андрэя Раўкова суд вынес прыватнае вызначэнне. Сяржанты асуджаны па ч. 3 арт. 455 КК (Злоўжыванне ўладай, якое пацягнула цяжкія наступствы), ч. 1, 2 арт. 430 (Атрыманне хабару), а Бараноўскі яшчэ па ч. 1 арт. 205 (Крадзеж).
Сёння пацярпелая Святлана Коржыч прасіла павялічыць тэрміны і прысудзіць Бараноўскага да 12 гадоў, Вяжэвіча — да 11 гадоў, Скуратовіча — да 8 гадоў. Пракурор Юрый Шарснёў казаў, што версія мамы пра забойства сына даследавалася ў судзе, але не знайшла свайго пацверджання.
Прысуд уступіў у законную сілу.
tut.by