«Справа адной літары»: новы разгляд

Аляксандр Міхайлаў, які высунуў пазоў беларускаму Следчаму Камітэту амаль на 100 тысяч долараў, працягне змагацца. Мінскі гарадскі суд 8 красавіка адмяніў рашэнне суда Партызанскага раёна сталіцы аб незадавальненні яго пазову і адправіў справу на новы разгляд.

mova_1305ukarotkae.jpg


Нагадаем, спадар Міхайлаў пакрыўдзіўся, што адказныя асобы Следчага камітэту ў перапісцы з ім пісалі яму «вы» з маленькай літары. У той час, як правілы беларускай арфаграфіі, замацаваныя законам, патрабуюць ў службовай перапісцы звяртацца да асобы на «Вы» з вялікай. Улічваючы, што такое здаралася неаднаразова, і толькі ў дачыненні да яго (адвакат Міхайлава непазбежна атрымліваў лісты з СК са зваротам «Вы» з вялікай), Міхайлаў, які жыве ў Рызе, палічыў гэта абразай свайго гонару і годнасці, што прынесла яму маральныя пакуты. І вырашыў спагнаць з СК за гэтыя пакуты 200 тысяч рублёў.

У прынцыпе, з тымі парушэннямі, з якімі прайшоў разгляд гэтай справы ў судзе першай інстанцыі, заканамерна, што суд адправіў справу на новы разгляд. Але адвакатам — Сяргею Зікрацкаму і Віталю Брагінцу — удалося дамагчыся крыху большага.

Найперш таго, што да справы ўсё ж было далучана экспертнае заключэнне Міжнароднай федэрацыі незалежных экспертаў, дзе пішацца: зварот да асобы на «Вы» з вялікай літары «не з’яўляецца формай эпісталярнага этыкету — ён замацаваны ў заканадаўстве Беларусі». І таму «шматразовае парушэнне правіла арфаграфіі, выкладзенага ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 23.07.2008 мае дэманстратыўна зневажальны характар і яўна мае за мэту знявагу асобы атрымальніка ліста».

Шмат спрэчак выклікала неаднаразова незадаволенае хадайніцтва Міхайлава пра яго ўдзел у працэсе шляхам відэасувязі. Суддзі задаваліся пытаннем: а чаму б Міхайлаву самому не прыехаць, і не патлумачыць пра свае маральныя пакуты? Але тут беларускія следчыя, як кажуць, «высеклі самі сябе».

Міхайлаў у Беларусі з’яўляецца абвінавачаным па крымінальнай справе (а інакш бы ён і не вёў перапіску са Следчым камітэтам). Па гэтай справе ён затрымліваўся латышскай паліцыяй, але латышскі суд не знайшоў падставаў затрымліваць Міхайлава, і адпусціў яго. Зараз вырашаецца пытанне пра экстрадыцыю Міхайлава на Радзіму. А пакуль гэтае пытанне вырашаецца, пазоўнік не можа пакінуць межы Латвіі, бо тады парушыць латышскія законы.

Да таго ж допыт шляхам відэасувязі — гэта справа ў Беларусі не новая, і ёсць правам Міхайлава. Грамадзянска-працэсуальны кодэкс Беларусі кажа, што толькі (і выключна) па двух прычынах у гэтым можна адмовіць. Першае — тэхнічная немагчымасць. Другое — закрыты працэс. Каб у сталічнага суда не было тэхнічнай магчымасці наладзіць сувязь па скайпе — сумніўна. А працэс аб абароне гонару і годнасці — адкрыты.

Але вельмі здзівіла аргументацыя прадстаўніцы Следчага камітэта. Кожны яе аргумент, прыняты раней судом першай інстанцыі, выклікаў толькі адно пытанне: «Ну і што?»

sledkamit.jpg


Яна пачала з таго, што ў Беларусі Міхайлаў абвешчаны ў вышук (нібыта нашыя следчыя не ведаюць, дзе ён знаходзіцца). Але нават калі ён абвешчаны ў вышук, ў яго што, няма гонару і годнасці? На гэтай падставе яму трэба адмаўляць у ветлівым звароце? Да таго ж, ён яшчэ не асуджаны, не прызнаны злачынцам, і яшчэ невядома, якое рашэнне па яго справе вынесе суд. Ці ёсць падстава для такіх аргументаў?

Па яе словах, Дзмітрый Вераб’ёў са Следчага камітэта, калі пісаў адказы Міхайлаву, звяртаўся да яго на «вы» з маленькай нібыта таму, што адказваў двум асобам — Міхайлаву і яго адвакату. Аргумент спрэчны, бо Віталь Бранігец, па сутнасці, атрымліваў копіі адказаў Міхайлаву, а не адказы Міхайлаву і Брагінцу. Да таго ж стылёва гэтыя адказы гучаць, як адказы адной асобе, на што звярнуў увагу Сяргей Зікрацкі. «Напісана: «вы затрымліваліся». Выбачайце, Брагінца ніхто не затрымліваў!», — падкрэсліў ён.

Віталь Бранігец у доказ таго, што Міхайлаў са сваім пазовам мае рацыю, прыводзіў адказ начальніка Вераб’ёва таму ж Міхайлаву — начальнік выбачаўся за памылкі, што зрабіў яго падначалены. Па меркаванні прадстаўніцы СК, прынесеныя прабачэнні «не змяняюць тэксту дакумента па сутнасці». А павінны змяняць? У тым і справа, што не павінны — як было «вы» з маленькай, так і засталося.

Прадстаўніца СК лічыць: Міхайлаў не даказаў, што з-за зневажальнага, на яго думку, звароту ён адчуваў пакуты. Але пра гэта і цвердзілі адвакаты — яму не далі гэта даказаць! Хадайніцтва Міхайлава пра ўдзел у працэсе па відэасувязі непазбежна адхілялася судом. Хаця гэты момант вельмі істотны — ніякая заява, ніякая папера не зможа расказаць пра маральныя пакуты так, як сам чалавек.

Ну і нарэшце прадстаўніца СК выдала фразу, якая журналістаў, прысутных на разглядзе апеляцыі, проста шакавала. Патрабаванні Міхайлава ў 200 тысяч рублёў кампенсацыі, на яе думку «ніяк не суадносяцца» з рэальнай магчымай маральнай і матэрыяльнай шкодай.

Цікава, ці чулі ў Следчым камітэце пра «справу БелТА»? Пра суд над Марынай Золатавай? З недзяржаўных журналістаў за тое, што дзяржаўныя рэдакцыі па 15 гадоў не змянялі пароль доступу да платнай падпіскі БелТА, толькі з журналістаў TUT.BY спагналі больш за 70 тысяч рублёў. А па гэтай справе праходзілі не толькі журналісты TUT.BY, але і іншых СМІ, з якіх таксама «спаганялі шкоду»… Дык чаму па «справе БелТА» шкода «суадносіцца», а ў Міхайлава — «не суадносіцца»?

У любым выпадку, калегія Мінскага гарадскога суда, улічваючы шматлікія парушэнні суда першай інстанцыі накіравала справу на новы разгляд.

«Гэта той рэдкі выпадак, калі правасуддзе перамагло, — пракаментаваў вынік Віталь Брагінец. — Гэта той вынік, які павінен быў быць, улічваючы шматлікасць парушэнняў і іх характар. Па свайму характару парушэнні выключаюць пакіданне прысуду суда першай інстанцыі ў сіле. Галоўнае — было парушана права на абарону Міхайлава. Мяне, прадстаўніка Міхайлава, фізічна не дапусцілі ў залю судовага пасяджэння, што, зразумела, прывяло да немагчымасці майго ўдзелу ў працэсе. А права на абарону — абсалютнае. Гэта канстытуцыйнае права, яму ў Асноўным законе прысвечаны асобны артыкул. Гэта святое права кожнага чалавека. Як можна пакінуць у сіле рашэнне, якое вынесенае з парушэннем канстытуцыйных правоў?»

Такім чынам, пра «справу адной літары» мы яшчэ пачуем неаднаразова.