Іду на «Вы»
Няведанне правілаў беларускай арфаграфіі і адна літара маглі каштаваць Следчаму камітэту Беларусі 80 тысяч долараў.
Аляксандр Міхайлаў, які жыве ў Рызе, незадаволены адказамі Цэнтральнага апарата Следчага камiтэта Рэспублiкi Беларусь у рамках афiцыйнай перапiскi па крымiнальнай справе. На яго думку, да яго была прынятая зняважлівая, абразлівая і непрымальная форма звароту.
Сутнасць у тым, што СК звяртаецца да Міхайлава на «вы» з маленькай літары.
Між тым, згодна афіцыйна зацверджанымі правiламі беларускай арфаграфii i пунктуацыi, у афiцыйнай перапiсцы (афiцыйныя дакументы, пасланнi, асабiстыя лiсты) ужываецца асабовы займеннiк «Вы» (i вытворныя ад яго) як форма ветлiвага звароту да адной асобы, якi пiшацца з вялiкай лiтары. 3 маленькай лiтары ўказаныя займеннiкi пiшуцца пры звароце да некалькiх асоб.
Як піша Міхайлаў у пазове, «у адказе Цэнтральнага апарата Следчага камiтэта ад 18.10.2018 N0 М-4279 на зварот Мiхайлава А.М. аб прадстауленнi iнфармацыi аб унесеных папраўках у працэсуальныя дакументы звароты да мяне напiсаны з ужываннем займеннiка «вы» i вытворных ад яго з маленькай лiтары, што не адпавядае патрабаванням правiл. Тым жа часам адказ Цэнтральнага апарата Следчага камiтэта ад 18.10.2018 № Б- 4377, якi накiраваны ў бок абаронцы Мiхайлава А.М. — адваката Брагiнца В.Ф., — не ўтрымлiвае звароту з маленькай лiтapы. Звароты у тэксце названага адказу напiсаны з ужываннем займеннiка «Вы» з вялiкай лiтары».
Улічваючы тое, што абодва адказы былі складзеныя адной афіцыйнай асобай, Аляксандр Мiхайлаў разглядае такое стаўленне да сябе як абразу гонару i годнасцi, што з’яўляецца падставай для кампенсацыi маральнай шкоды. «Зняважлiвае звяртанне да Пазоунiка ўрадавых асобау Цэнтральнага апарата Следчага камiтэта спрыяла ўзнiкненню маральных пакут, якiя выяўляюцца ў адчуваннях страху, сораму i знявагi». Маральныя пакуты пагаршаюцца «ў сувязi з тым, што падобнае стаўленне дапускаецца асобамi Следчага камiтэта — дзяржаўнага органа; статусам Мiхайлава як асобы, якую iмкнуцца прыцягнуць да адказнасцi ў рамках крымiнальнай справы, а таксама тым, што парушэннi не былi выпраўлены нават пасля накiравання Пазоўнiкам у бок Адказчыка адпаведнай скаргi».
Таму спадар Міхайлаў падаў у суд на Цэнтральны апарат Следчага камітэта (ад яго імя вядзецца перапіска) пазоў аб абароне гонару і годнасці. Памер прычыненай маральнай шкоды ён ацаніў у 160 482 беларускiх рубля.
З аднаго боку, сітуацыя ў нечым камічная — з-за адной літары патрабаваць маральнай кампенсацыі ў 80 тысяч долараў. З іншага боку — гэта мы тут, у Беларусі, звыкліся са зняважлівым стаўленнем чыноўнікаў і не звяртаем увагі на такія дробязі. А Аляксандр Міхайлаў жыве ў Рызе, і яму павага да яго ў афіцыйнай перапісцы — прынцыповая.
Тым больш, што па гэтым пытанні на яго просьбу даў заключэнне Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Зразумела, у заключэнні вызнаецца, што да асобы ў афіцыйных дакументах трэба звяртацца на «Вы» з вялікай літары.
Але і на гэтым Міхайлаў не спыніўся, і звярнуўся ў Міжнародную федэрацыю незалежных экспертаў. Яны таксама прааналізавала адказы Следчага камітэта, правілы беларускай мовы і заканадаўства Беларусі. Эксперты зазначаюць, што зварот да асобы на «Вы» з вялікай літары «не з’яўляецца формай эпісталярнага этыкету — ён замацаваны ў заканадаўстве Беларусі». І таму «шматразовае парушэнне правіла арфаграфіі, выкладзенага ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 23.07.2008 мае дэманстратыўна зневажальны характар і яўна мае за мэту знявагу асобы атрымальніка ліста».
Працэс праходзіў у судзе Партызанскага раёна Мінска. Прадстаўніком інтарэсаў Міхайлава быў адвакат Сяргей Зікрацкі. «Якім бы незвычайным гэты пазоў не быў, але заканадаўства прадугледжвае кампенсацыю маральнай шкоды. І ў дадзеным выпадку тэарэтычна абсалютна магчымы выйгрыш», — сказаў ён «Новаму Часу».
Аднак беларускі суд прадказальна палічыў інакш і ў задавальненні пазову адмовіў.
Але гэта, мажліва, яшчэ не канец. Пасля атрымання матывіровачнай часткі рашэння Аляксандр Міхайлаў і яго прадстаўнік могуць падаць скаргу на рашэнне суда першай інстанцыі ў вышэйстаячы орган. Таму, можа быць, пра «справу адной літары» мы яшчэ пачуем.