Вольгу Мікалайчык аштрафавалі амаль на 900 рублёў за допіс пра малебен у Курапатах
Суд Першамайскага раёна аштрафаваў Вольгу Нікалайчык на 35 базавых велічыняў «за заклік на несанкцыянаванае мерапрыемства ў сацыяльных сетках». Мікалая Статкевіча сёння ў суд не прывезлі, паведамляе «Радыё Свабода».
Грамадзянскую актывістку Вольгу Нікалайчык затрымалі 5 красавіка каля 20-й гадзіны. Яна пасля вечаровай малітвы засталася ў Курапатах, каб пасадзіць кветкі. Па дарозе дадому на выхадзе з падземнага пераходу яе закінулі ў мікрааўтобус, забралі тэлефон.
«Міліцыянты паводзілі сябе агрэсіўна, здзекаваліся, пагражалі пасадзіць на ланцуг. Павезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушэнняў на Акрэсціна. Я адразу ж абвясціла, што буду трымаць галадоўку. У камеры першую ноч не магла спаць, мяне спрабавалі размясціць на верхняй шконцы. Потым ужо перавялі на ніжнюю шконку. Пратакол я не падпісала», — распавяла “Свабодзе” пасля вызвалення Вольга Нікалайчык.
У панядзелак, 8 красавіка, яе прывезлі ў Першамайскі суд Мінску. Справу разглядаў суддзя Юры Гарбатоўскі. Асудзілі яе за «заклік на несанкцыянаванае мерапрыемства ў сацыяльных сетках». Вольга настойвала, што гэта быў не заклік на мерапрыемства, а інфармаванне пра малебен за Курапаты.
Прысуд — 35 базавых велічыняў (892,5 рубля).
Паводле Вольгі Нікалайчык, невядома, дзе ўтрымліваюць Арцёма Чарняка, якога апошні раз бачылі ў Аляхновічах — ён сядаў у маршрутку на Мінск.
Па стане на 17:15 8 красавіка, Міколу Статкевіча з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў не вывозілі — магчыма, у суд яго ў панядзелак не прывязуць.
На думку жонкі Статкевіча Марыны Адамовіч, Міколу могуць пратрымаць на Акрэсціна трое сутак, то бок, да серады.
«Я дапускаю, што яго могуць асудзіць заўтра, паслязаўтра. А таксама могуць знайсці неадбытыя суткі і пакінуць на Акрэсціна нібыта адбываць ранейшае пакаранне», — выказала меркаванне Марына Адамовіч.