Як Зміцер Дашкевіч мусіў даказваць, што не галасаваў «за гэтага ўдода»
«Не, — падумаў я, — каб атрымаць па пысе за тое, што галасаваў за ўдода, калі ты за яго не галасаваў — гэта верх мастацтва!»
Спыніўся я ў пераходзе ля чаргі з кветкамі. Групоўка на падпітку выбірала ружы. У кожнага па пляшцы піва ў руцэ. Выбіраць кветкі з мабілаю ў адной і бутэлькаю ў другой руцэ — цяжка. Законна ў аднаго з іх бутэлька выслізвае і паўлітра аб мармур у друзачкі. Усе азіраюцца, смурод стаіць прыўкрасны. Прадавачка ж, дзябёлая кабета гадоў сарака пяці, закручвае букет руж і кажа хлопцам: «Ну нічо, можна і пагуляць — жыццё кароткае!» Адзін з іх: «Канечне, гульнуць заўсёды трэба!»
Нельга было не далучыцца да такой гаворкі, і я ўлез-такі. «Дык а колькі гуляць жа можна? — звярнуўся я да аднаго, — гэта ў 20 гуляць яшчэ па прыколе, але ў 30 трэба ўжо пра
іншыя рэчы думаць».
«Пра якія ж?» — абурыўся суразмоўца.
«Ну хаця б пра сям’ю», — адказаў я, мяркуючы распачаць дыскусію на маральна-духовую тэматыку.
Аднак суразмоўца з нечаканага боку нечакана мяне абламаў: «Вось ты, — звярнуўся ён да мяне нахабна, — галасаваў за гэтага ўдода, і тут цяпер мне нешта
ўціраеш?!»
Першы раз у жыцьці я апынуўся ў найжахлівейшай сітуацыі — мусіў камусьці даказваць, што за ўдода я не галасаваў.
«Дык ні разу я не галасаваў за яго!» — абурыўся я, маючыся падлічыць колькасць год праведзеных у зоне за тое, што не аддаваў свой голас за ўдода.
Але трыццацігопнік слухаць мяне і не збіраўся: «Ну, расказвай нам цяпер, што не галасаваў! Галасаваў дакладна, а нам тут пляцеш цяпер!»
Да таварыша падцягнуліся яшчэ двое — групоўка з трох чалавек атачыла мяне з усіх бакоў. Непрыемнае адчуванне пракацілася зверху ўніз. «Зара як надаюць па пысе за тое, што за ўдода
галасаваў — і думай потым як апраўдвацца перад жонкаю за засіненую морду».
«Паслухай мяне, а ты не думаў, што ўдод — костка ад косткі нашага народа? Усе ж спакойна ходзяць, п’янствуюць і толькі на кухнях удода праклінаюць», —
паспрабаваў я хоць нейкім бокам павярнуць дыскусію да ўнутраных духовых прычынаў жыцця. Няхай гэтым разам і не асобна ўзятага чалавека, а цэлай супольнасці.
«Як прыемна чуць, што чалавек на роднай мове размаўляе! — заплятаючыся, выдаў той, што справа. — Маладзец! А вось я, хоць на беларускай мове школу скончыў, не
размаўляю…»
«Ну не расстройвайся, у цябе ўсё наперадзе», — з усмешкаю супакоіў я і падумаў: «Ад сечы сёння пранесла».
«Маладзец!» — пацвердзіў ён яшчэ раз і працягнуў мне руку, якую я і паціснуў.
Развіталіся мірна і зычліва. Хаця, канечне, калі б начысцілі мне пысу за тое, што я нібы ўдодавец — гэта быў бы яшчэ той нумар.
Прыйшоў дахаты і прачытаў з Вікіпедыі: «Паводле беларускага мiфу, удод быў некалi царом птушак. Але яму захацелася стаць птушыным богам. За такое зухвальства Бог пакараў яго, сказаўшы:
«Не быць табе богам, быць табе смярдзючым удодам». Ад колішняга царскага ўбору заўстаўся ва ўдода толькі чуб — напамінак пра карону».
«Не, — падумаў я, — каб атрымаць па пысе за тое, што галасаваў за ўдода, калі ты за яго не галасаваў — гэта верх мастацтва!»
Але, дзякуй Богу за матчыну мову — пранесла!
Зміцер Дашкевіч, facebook.com