Як беларусізаваць «Гавары праўду!»
Хтосьці вырашыў, што лета — час адпачынкаў. Але не для кампаніі «Гавары праўду!». Працы над «Народным рэферэндумам» для яе актывістаў замала, вырашыў лідар кампаніі Уладзімір Някляеў. І падкінуў яшчэ адну праблемку пад назвай «беларусізацыя».
У пятніцу 14 чэрвеня лекцыю пра сучасны стан беларускай мовы і яе праблемы ў офісе кампаніі чыталі сам Някляеў і старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў. На гэтае мерапрыемства прыехалі актывісты з рэгіёнаў. Можа, яны прыехалі па іншых справах (пэўна, так яно і было) але абмеркаваць такую праблему з двума разумнымі людзьмі іх усё ж папрасілі. Што было неяк дзіўна, дык тое, што завіталі на гэтую імпрэзу нават лідары моладзевага крыла «ГП» — «Zмены». Ужо іх у асаблівай прыхільнасці да беларускай мовы ніколі не заўважалі.
Алег Трусаў напярэдадні сустрэчы не хаваў свайго энтузіязму. «Былі ў беларускай мовы і горшыя часы, чым сённяшнія», — сказаў ён. «Гэтае пытанне — пытанне беларускай мовы — узнікла не ўчора, не пазаўчора, а з Люблінскай ўніі. «Дзякуючы» Люблінскай уніі пачалася нашая паланізацыя, страта нашых магнатэрый, і пайшло-паехала. Так што змаганне за мову нам трэба пачынаць з Льва Сапегі і Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Сённяшнія дні, такім чынам — не самыя страшныя ў нашым больш чым трохсотгадовым змаганні за мову. Былі і нашмат горшыя часы», — з усмешкай паведаміў Трусаў.
Трусаў, як заўсёды, быў вельмі аптымістычны, нягледзячы на пераважную «рускамоўнасць» аўдыторыі. Але ён распавёў гісторыю, якая яго натхняе. «Любая размова на беларускай мове, нават у электрычцы і таксоўцы мае значэнне. Мы ж не ведаем, як і калі гэта адгукнецца. Можа, гадоў праз дваццаць. Вось нядаўні прыклад: адзін мой студэнт калісьці раней дапамагаў мне на выбарах яшчэ ў Вярхоўны Савет. Потым я пра яго нічога не чуў, а зараз, калі ТБМ паднялі плату за арэнду офіса, ён з’явіўся. Зараз ён — даволі высокі начальнік, таму я не буду называць ягонае прозвішча, ён прыйшоў і прынёс добрую суму грошай. Хто б мог падумаць, што той хлопчык, які мае ўлёткі раскідваў, стане даволі такім высокім чалавекам, і не забудзе беларушчыну?» — прывёў прыклад Трусаў.
Хто ведае, можа, праз некія год яшчэ 20 актывісты «Гавары праўду!» сапраўды будуць сядзець ва ўладных кабінетах і таксама будуць дапамагаць ТБМ матэрыяльна? Бо моўнае пытанне — гэта тое пытанне, якое можна вырашаць бясконца.
Таму ТБМ рэгулярна робіць такія курсы. І не толькі ў кампаніі «Гавары праўду!» «Я нават арганізаваў на офісе ТБМ такую летнюю школу «Гісторыя на вакацыях». Там я праводжу заняткі па гісторыі. Там мы рэгулярна збіраемся, размаўляем пра тую ж унію — яна была неадназначнай, а не толькі добрай ці дрэннай. Глядзім фільмы, абмяркоўваем. Наступны занятак у панядзелак», — кажа Трусаў.
Уладзімір Някляеў таксама не хавае сваіх мэтаў. З аднаго боку, ён спадзяецца на сталае супрацоўніцтва з ТБМ, у якога, па словах Алега Трусава, каля шасці тысяч сябраў па ўсёй краіне. Дзякуючы Някляеву гэтых сябраў стала значна больш, — у кампаніі нават з’явілася суполка ТБМ. «У кампаніі «Гавары праўду!», на якую ўвесь час наракаюць, што яна не беларуская, прарасійская, пракітайская ці яшчэ якая, ад самага пачатку палова актывістаў былі сябрамі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Зараз гэты працэс мы актывізавалі, і зараз у нас больш паловы — актывісты і прыхільнікі ТБМ. Таму гэтая сустрэча — яшчэ і магчымасць для нашых рэгіянальных актывістаў, якія прыехалі ў Мінск, сустрэцца са старшынёй ТБМ спадаром Трусавым, каб узгадніць далейшыя дзеянні па сумеснай працы», — паведаміў Някляеў.
З іншага боку, Някляеў у такіх сустрэчах мае і асабісты інтарэс. «Для мяне як для беларускага паэта пытанне будучыні Беларусі непарыўна звязанае з пытаннямі мовы, культуры, гісторыі. Без таго, што Беларусь будзе беларускай, мне асабіста яна непатрэбна ніякая: ні дэмакратычная, ні еўрапейская, ні кітайская, ні расійская. Калі мы не будзем у гэтым свеце распазнавацца як асобная нацыя, асобны народ, са сваёй гісторыяй, са сваёй мовай і культурай, то мы будзем нікім. А мне гэта без патрэбы. Без гэтага я не хачу займацца ні палітыкай, ні літаратурай, без гэтага мне лепш было паехаць з братам пчол разводзіць у Крэве. Але я буду да канца змагацца за тое, каб было так, як я хачу — каб была Беларусь», — заявіў Някляеў.
Безумоўна, кажа ён, «Гавары праўду!» і ТБМ будуць працягваць сустрэчы, каардынаваць сваю дзейнасць з ТБМ «і спрыяць таму, каб беларусы былі беларусамі сёння». «А гэта найбольш эфектыўна робіца якраз праз незаангажаваныя палітычна акцыі, праз нармальную размову з людзьмі», — падкрэсліў Някляеў.
«У 2010 годзе Лукашэнка казаў: «Вось, прыйдуць нацыяналісты (маючы на ўвазе мяне) да ўлады і прымусяць вас размаўляць па-беларуску». Я тады таксама казаў перад людзьмі… Сядзіць перада мной тысяча ці дзве чалавек, я кажу: «Слухайце, пачуўшы гэта можна звар’яцець! Беларускі прэзідэнт палохае вас тым, што вы будзеце размаўляць па-беларуску! Я вас палохаць не буду, і змушаць вас не буду, але прасіць, каб беларусы былі беларусамі, буду настойліва і абавязкова», — заяўляе лідар «Гавары праўду!».
Гэтая настойлівасць, падаецца, ужо займела свае вынікі. Аднаго з лідараў «Zмены» Паўла Вінаградава цяжка прадставіць беларускамоўным. Але, калі пачынаў ён размову на рускай мове, то скончыў яе па-беларуску. «Мне іншым часам, даволі сорамна, што я няздольны нармалёва размаўляць па-беларуску. Ну, і я вырашыў «паднатаскацца», вось і прыйшоў. Я не думаю, што з адной такой размовы будзе даволі вялікі адукацыйны эфект. Але вялікі эфект будзе ад папулярызацыі такіх мерапрыемстваў — і праз папулярызацыю такіх мерапрыемстваў будзе папулярызавацца беларуская мова», — лічыць Вінаградаў.
Карацей, беларусізацыя «Гавары праўду!» пачалася. Ці стануць гэтыя сустрэчы рэгулярнымі? Пачакаем сустрэчы з ініцыятарамі «Будзьма беларусамі!».