Ідэнтычнасць — не пусты гук. Чаму кейс «карты паляка» — не толькі пра рэпрэсіі
Улады не толькі застрашваюць насельніцтва, але і працуюць на яго раскол. У тым ліку — па нацыянальнай прыкмеце.
18 ліпеня Камітэт па міжнародных справах Еўрапейскага Парламента прыняў новую справаздачу, якая тычыцца адносін Еўрапейскага Саюза з Беларуссю. У адпаведным прэс-рэлізе гаворыцца пра тое, што рэжым Лукашэнкі спрабуе не толькі здушыць беларускую мову, але і дыскрымінуе нацыянальныя меншасці.
Тэма нацыянальных меншасцей часцяком заставалася дзесьці на другім плане, калі ў розных органах ЕС абмяркоўвалася беларуская сітуацыя. «Delfi» спрабуе разабрацца, чаму прысутнасць дадзенай тэмы на парадку дня важная і як яна можа дапамагчы беларускай грамадзянскай супольнасці.
Незалежныя беларускія СМІ і праваабаронцы неаднаразова пісалі пра тое, што спецслужбы рэжыму Лукашэнкі рознымі спосабамі «настойліва рэкамендуюць» грамадзянам адмаўляцца ад «карты паляка». Сярод іншага паведамляецца пра выпадкі, калі прадстаўнікі спецслужбаў рэкамендавалі проста на мяжы адмовіцца ад «карты паляка», а тым, хто не хацеў гэтага рабіць, пагражалі «суткамі». Паводле афіцыйных даных, пачынаючы з 2008 года «карту паляка» атрымалі больш чым 160 тысяч грамадзян Беларусі. Дадзеная лічба можа быць з розных прычын неактуальнай, аднак яна сведчыць пра тое, што зацікаўленасць у наяўнасці такога дакумента сярод грамадзян Беларусі была і застаецца значнай.
У многіх выпадках інфармацыя пра наяўнасць у каго-небудзь «карты паляка» становіцца вядомай уладам з дапамогай праверкі наяўнасці польскай візы. Менавіта мэта выдачы «24» гаворыць пра тое, што падставай для гэтага паслужыла «карта паляка», наяўная ў канкрэтнага грамадзяніна Беларусі. Такім чынам у беларускіх уладальнікаў «карты паляка» пры перасячэнні мяжы ўласнай краіны адсутнічае рэальная магчымасць схаваць яе наяўнасць ад уладаў, а тыя, у сваю чаргу, маглі даволі лёгка стварыць і абнаўляць адпаведную базу даных уласных грамадзян, якія маюць такі дакумент.
Абмежаванні правоў уласных грамадзян
Доўгі час «карта паляка» з'яўляецца прадметам нападаў прапагандыстаў і чыноўнікаў, якія прадстаўляюць рэжым у Мінску. Сапраўды, «карта паляка» — гэта дакумент, які выдаецца польскай дзяржавай. Аднак, яго ўладальнікі — замежныя грамадзяне, якія з'яўляюцца этнічнымі палякамі, а ў дадзеным канкрэтным выпадку гэта грамадзяне Беларусі.
На пачатку 2023 года ў Беларусі былі прынятыя змены ў Выбарчы кодэкс, паводле якіх наяўнасць замежнага грамадзянства або дакументаў замежных дзяржаў, «якія прадстаўляюць правы на льготы і перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю», пазбаўляюць такога грамадзяніна права балатавацца ў дэпутаты любога ўзроўню. Для дзяржаўных служачых такое абмежаванне існуе яшчэ з 2012 года, а для дэпутатаў мясцовага ўзроўню — з 2015-га. Крыху раней, на пачатку студзеня 2023 года, Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб змяненні закона аб грамадзянстве». Ён уступіў у сілу 11 ліпеня і абавязаў усіх грамадзян Беларусі, якія атрымалі грамадзянства замежнай дзяржавы, від на жыхарства ці іншы дакумент кшталту «карты паляка» на працягу трох месяцаў праінфармаваць пра гэта органы ўнутраных спраў або дыпламатычную службу.
Нягледзячы на тое, што закон не ўстанаўлівае санкцыі за непаведамленне такой інфармацыі, ва ўладаў дастаткова сродкаў і спосабаў, каб яе атрымаць. Зноў жа, звычайная праверка дакументаў пры перасячэнні мяжы з Літвой і Польшчай з'яўляецца цалкам эфектыўным спосабам збору інфармацыі, паколькі досыць шматлікія паведамленні пра сканаванне замежных дакументаў, выдадзеных грамадзянам Беларусі пры памежным кантролі заўсёды можна спісаць нейкія «ўнутраныя распараджэнні», а нязручныя пытанні растлумачыць неабходнасцю збору інфармацыі, перапыніўшы далейшы дыялог адсутнасцю часу і неабходнасцю выконваць свае службовыя абавязкі.
Такім чынам, рэжым Лукашэнкі паставіў грамадзян Беларусі, якія маюць «карту паляка» перад дылемай «або-або». З аднаго боку, выбіраючы «карту паляка», яны пазбаўляюцца шэрагу правоў, прадугледжаных Канстытуцыяй. Зразумела, што сам працэс выбараў у Беларусі далёкі ад дэмакратычных стандартаў, а прызначэнні чыноўнікаў на тыя ці іншыя пасады патрабуюць поўнага іх падпарадкавання існай сістэме. Аднак, падобнае становішча заканадаўства перашкаджае рэалізацыі прынцыпу роўнасці ўсіх грамадзян, накладваючы неабгрунтаваныя абмежаванні на асоб, якія адносяцца да польскай нацыянальнай меншасці. Акрамя таго, такі падыход прынцыпова па этнічнай прыкмеце абмяжоўвае кола асоб, якія могуць займаць адпаведныя пасады, асабліва ў тых раёнах Беларусі, дзе этнічныя палякі складаюць значную частку насельніцтва.
З іншага боку, адмаўляючыся ад «карты паляка», гэтыя людзі ўскладняюць магчымасць кантактаў з Польшчай як этнічна роднаснай дзяржавай. У кожным канкрэтным выпадку гэта індывідуальная гісторыя, аднак у дзеяннях прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі вымалёўваецца агульная тэндэнцыя, якая не адпавядае духу і літары еўрапейскіх норм, што тычацца абароны правоў нацыянальных меншасцей, хай нават у фармаце мяккага права АБСЕ.
Па-першае, парушаецца прынцып роўнасці перад законам на падставе прыналежнасці грамадзян да польскай нацыянальнай меншасці. Па-другое, дадзены падыход відавочна абцяжарвае трансгранічныя кантакты беларускіх палякаў з Польшчай. У цэлым, гэтую праблему можна таксама экстрапаляваць і на этнічных літоўцаў, якія пражываюць у Беларусі. Яе ўзровень, безумоўна, меншы, бо колькасць грамадзян Беларусі літоўскай нацыянальнасці ў разы меншая, чым этнічных палякаў. Аднак узровень праблемы — гэта сума індывідуальных гісторый, а тыя заўсёды тычацца канкрэтных людзей. Але, як калісьці даўно сказаў Аляксандр Лукашэнка, «я сваю дзяржаву за цывілізаваным светам не павяду!»
Як апраўдаць абсурд, або Пра што пішуць у дзяржаўных СМІ?
Некаторыя калумністы выдання «СБ. Беларусь сёння» называюць «карту паляка» з«выклым штодзённым злом», а то і «таўром, якім пазначаюць быдла, частка якога пойдзе на забой, частка — на племя, а на забой — потым». На іх думку, людзі ідуць на гэта свядома, паколькі іх «паманілі хвіліннай "выгадай"». Пры гэтым, яны не стамляюцца нагадваць пра тое, што« беларускія ўлады настойліва раяць пэўнай катэгорыі грамадзян пазбавіцца» гэтага дакумента. Пра тое, як даюць такія «парады», часткова гаварылася вышэй.
Ёсць падставы казаць пра тое, што «збор інфармацыі» пасля выкарыстоўваецца для ціску на работнікаў дзяржаўных устаноў, якія займаюць адносна высокія пасады. Іх ставяць перад выбарам: адмова ад «карты паляка» альбо звальненне ці непадаўжэнне працоўнага дагавора пасля яго заканчэння, прычым нават у выпадках, калі ўладальнікам «карты паляка» з'яўляецца не сам работнік, а хто-небудзь з яго бліжэйшых сваякоў. Ці можна ўявіць сабе такое ў Літве? Адказам на такое пытанне можа быць смех або ўсмешка, паколькі чалавек, якому яго задалі будзе разумець увесь абсурд падобнага раскладу. Але ў Беларусі гэты абсурд ужо стаў часткай рэальнасці.
Раз ужо мы закранулі кантэкст польскай меншасці ў Літве, варта правесці іншую аналогію. Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці з'яўляецца адзіным раёнам у Беларусі, дзе палякі складаюць большасць насельніцтва. Тут ёсць прамая аналогія з Шальчынінкайскім раёнам Літвы, з якім ён мяжуе. У сваім інтэрв'ю ў сакавіку 2023 года старшыня Воранаўскага райвыканкама Дзмітрый Захарчук заявіў, што частка мясцовага насельніцтва стала здаваць «карту паляка». На яго думку, яны «афармлялі яе дзеля выгады, каб на закупы прасцей ездзіць было, а не каб падкрэсліць сваю этнічнасць». Такую лінію ўтылітарнай патрэбы ў «карце паляка» можна ў цэлым бачыць у якасці аргументу беларускай дзяржаўнай прапаганды. Збольшага эканамічны кампанент мае месца, асабліва калі параўнаць колькасць «карт паляка», атрыманых грамадзянамі Беларусі і Літвы.
Для літоўскіх палякаў гэты дакумент хутчэй сімвалічны, паколькі ўсе астатнія пытанні закрывае права ЕС. Для беларускіх палякаў — эканамічныя і сацыяльныя магчымасці «карты паляка» апрыёры маюць больш важнае значэнне, паколькі Беларусь не ўваходзіць у ЕС. Аднак, для многіх з іх ідэнтычнасць не з'яўляецца пустым гукам, як гэта спрабуюць прадставіць чыноўнікі і прапагандысты, якія працуюць на цяперашнюю ўладу ў Мінску.
У верасні 2020 года Аляксандр Лукашэнка выдаў чарговую сумна вядомую фразу: «Часам не да законаў». Пасля яна стала лейтматывам усяго, што адбывалася ў беларускім грамадстве пасля выбараў 2020 года. Шматлікія жорсткія меры пад соусам кансалідацыі грамадства, прама ці ўскосна накіраваныя супраць нацыянальных меншасцей, прывялі да таго, што ўзровень правоў нацыянальных меншасцей апусціўся яшчэ ніжэй, закрануўшы іх права на адукацыю на роднай мове, права на свабоду асацыяцый і магчымасці трансгранічных кантактаў з этнічна роднаснымі дзяржавамі. Ці апраўдваюць такія мэты рэжыму выкарыстаныя для гэтага сродкі? Адказ на гэтае пытанне будзе адмоўным, паколькі ўсе гэтыя дзеянні накіраваны супраць уласных грамадзян, а замест кансалідацыі яны нясуць у сабе беспадстаўныя абмежаванні, штучнае раскручванне стыгматызацыі па прыкмеце прыналежнасці да пэўнай групы і заснаваны на гэтым патэнцыяльны раскол у грамадстве.