Хронікі рэпрэсій за 26 ліпеня
Суд над Паўлам Мажэйкам і Юліяй Юргілевіч, затрыманні ў Гомелі і Брэсце, чарговае папаўненне ў «экстрэмісцкіх матэрыялах» — агляд навін знутры краіны за сённяшні дзень.
***
Адвакатку Юлію Юргілевіч і журналіста Паўла Мажэйку прысудзілі да 6 гадоў калоніі за «садзейнічанне экстрэмізму», паведамляюць праваабаронцы — столькі і запытваў пракурор.
Юргілевіч прапрацавала юрысткай амаль 18 гадоў, піша «Салідарнасць». Абараняла ў судзе палітвязняў Алеся Пушкіна, Арцёма Баярскага, Ігара Банцара, Андрэя Асіповіча, Андрэя Сакалоўскага. 23 лютага 2022 года яна была выключаная з Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў за «сістэматычныя парушэнні закона».
Мажэйка — журналіст, каардынатар выдавецкай ініцыятывы «Гродзенская бібліятэка» і кіраўнік гродзенскага «Цэнтра гарадскога жыцця».
***
Паводле інфармацыі, атрыманай праваабаронцамі ад мясцовых жыхароў, у Жлобіне былі затрыманы двое мужчын, іх затрыманне звязана з пратэснымі настроямі.
Абодва затрыманыя — работнікі чыгункі. Адзін з іх, Аляксей Барсукоў, працаваў у жлобінскім дэпо. Ён быў затрыманы ў чэрвені. Мяркуецца, што супраць яго арганізавана крымінальная справа за «пратэсную актыўнасць у інтэрнеце». Імя другога затрыманага – Ігар. Яго прозвішча высвятляецца, піша «Гомельская вясна».
***
У Гомелі сілавікі затрымалі цэлую сям'ю. Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал паведаміў пра затрыманне пажылой пары, іх дачкі і зяця. Усіх іх збіраюцца судзіць па адміністрацыйным артыкуле 19.11 («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).
У прыватнасці, главу сямейства прымусілі расказаць пра прастаўленыя ў сацсетках «лайкі» і пра тое, што яго меркаванне адрозніваецца ад «дзяржаўнага», а іншым чальцам сям'і ставяць у віну падпіску на «экстрэмісцкія» YouTube-каналы. Імёны і абставіны затрымання праваабаронцам пакуль не вядомыя.
***
У Брэсце затрыманы Дзмітрый Буланаў — прафесійны шахматыст, які ўваходзіць у 30 наймацнейшых гульцоў краіны, майстар FIDE. У «пакаяльным відэа» мужчына расказаў, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, перасылаў «экстрэмісцкія матэрыялы», быў зарэгістраваны ў плане «Перамога» і захоўвае дома два бел-чырвона-белыя сцягі.
Сілавікі сцвярджаюць, што пасля трох сутак у ІЧУ адпусцілі Дзмітрыя пад падпіску аб нявыездзе. Аднак, як паведамляе @mediazona_by, ГУБАЗіКу ўдалося атрымаць поўны доступ да закрытага чату «Свабодныя шахматысты Беларусі».
***
ГУБАЗіК сцвярджае, што затрымаў былога мадэратара канала «Страна для жизни». Паводле сілавікоў, мужчына жыў за мяжой, але вырашыў вярнуцца ў Беларусь, дзе і быў затрыманы. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што ён ўдзельнічаў у «арганізацыі масавых беспарадкаў» і размяшчаў у інтэрнеце «экстрэмісцкую сімволіку».
***
У Беларусі збіраюцца ліквідаваць Партыю БНФ. Іск у Вярхоўны суд падаў Мінюст — яго разгляд прызначылі на 14 жніўня.
Кіраўнік БНФ Рыгор Кастусёў знаходзіцца за кратамі. Палітвязня прысудзілі да 10 гадоў калоніі па «справе змоўшчыкаў». Нядаўна была ліквідаваная і апазіцыйная Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, якую ачольвае Зянон Пазняк.
У Беларусі ў выніку «перарэгістрацыі» засталіся толькі праўладныя партыі: камуністы, «ліберал-дэмакраты» Алега Гайдукевіча і «Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці». Таксама зарэгістраваная партыя «Белая Русь».
***
Затрыманы яшчэ адзін лекар. Як паведамляюць «Белыя халаты», 25 ліпеня быў затрыманы лекар-уролаг Брэсцкай абласной лякарні Алег Зыкун. Паводле папярэдняй інфармацыі — за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
***
Чарговае абнаўленне ў «Спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў». Паводле нядаўніх рашэнняў судоў Брэсцкай вобласці туды дадалі:
- тэлеграм-канал «Кусь за Беларусь!»;
- тэлеграм-канал «Чат-Беларусы Вільні» (які насамрэч не канал, а чат);
- старонка ў «Вконтакте» з назвай «Лукашэнка яшчэ прэзідэнт?».
***
Паводле інфармацыі ініцыятывы прадстаўніцы АПК Вольгі Гарбуновайklopat.by, на дадзены момант няма аніякіх звестак пра вядомых палітвязняў: Максіма Знака — 167 дзён, Марыю Калеснікаву — 162 дні, Мікалая Статкевіча — 168 дзён, Ігара Лосіка — 157 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 139 дзён, Віктара Бабарыку — 90 дзён, Паліну Шарэнда-Панасюк — 19 дзён.
***
У спісах палітзняволеных, якія збірае праваабарончы цэнтр «Вясна», на сённяшні дзень налічваецца 1481 прозвішча.
Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1737 чалавек. Сярод іх — 192 жанчыны і 8 непаўнагадовых. 16 чалавек адпраўленыя на прымусовае лячэнне.