Данаты, КДБ і беларусы: колькі каштуе воля?
Беларусаў працягваюць пераследаваць за ахвяраванні ў фонды салідарнасці. Часам прапануюць «адкупіцца», а часам з гэтым не шанцуе.
Беларусаў працягваюць пераследаваць за данаты «экстрэмістам» — практыка прымусовых ахвяраванняў у дзесяціразовых памерах чаргуецца з крымінальнымі справамі і рэальнымі тэрмінамі. «Медыязона» сабрала тры такія гісторыі.
Ганна — не выпусцілі з Беларусі. «Пачалі пытацца: дзе мой фэйсбук?»
Калі ў чэрвені Ганна выязджала з Беларусі ў Польшчу, на беларускім пашпартным кантролі яе папрасілі адысці ўбок для гутаркі. Неўзабаве да дзяўчыны падышлі два чалавекі ў цывільным адзенні і запрасілі прайсці за імі. Мужчыны не прадставіліся, але Ганна ўпэўненая, што гэта былі супрацоўнікі КДБ.
— У мяне ўзялі тэлефон, праверылі мэсэнджары, але там нічога не знайшлі. Потым пачалі пытацца, дзе мой фэйсбук. Яны аднавілі выдаленае прыкладанне і імкнуліся аднавіць мой уліковы запіс. Але паколькі я выдаліла яго больш за месяц таму, зрабіць ім гэта не ўдалося.
Ганна падазрае, што цікавасць да яе звязаная з яе затрыманнямі на мірных акцыях у 2020-2021 гадах. Абодва разы яна атрымала штраф.
Людзі ў цывільным сказалі Ганне, што ў іх ёсць інфармацыя пра фінансаванні ёю «экстрэмісцкіх фарміраванняў».
Паводле словах дзяўчыны, невядомыя паказалі ёй аркуш А4 са звесткамі пра два пераводы па 10 долараў. Інфармацыю, як сцвярджалі суразмоўцы, ім падаў Банкаўскі працэсінгавы цэнтр. З аркуша яны зачыталі Ганне звесткі пра два пераводы па 10 дрлараў, якія яна зрабіла ў 2020 годзе. Даты пераводаў супадаюць з аб'явамі збораў для палітвязняў.
— Мне не было страшна, бо я ехала адна, без сям'і. Падумала: будзь што будзе, галоўнае — сям'я ў бяспецы. Я пачала з імі размаўляць, што ў 2020 годзе гэтыя ініцыятывы, пра якія кажуць супрацоўнікі, не былі «экстрэмісцкімі». І нават калі я нешта пераводзіла, то дзе парушэнне? Але яны назвалі нейкі закон, згодна з якім могуць прыцягваць да адказнасці нават калі ініцыятыву прызналі «экстрэмісцкай» нашмат пазней.
Ганна лічыць, што яе не затрымалі на мяжы толькі таму, што сілавікі не змаглі знайсці доказаў у яе выдаленым фэйсбуку.
Гутарка працягвалася каля гадзіны. Увесь гэты час беларуску чакаў аўтобус. Напрыканцы размовы мужчыны паведамілі Ганне, што яна не можа выехаць з краіны і што цягам 10 дзён ёй трэба прыйсці ва ўпраўленне КДБ і «ва ўсім прызнацца».
На рэйсавым аўтобусе дзяўчыну адправілі ў Мінск. Аніякіх пазнак у пашпарце пра забарону на выезд ёй не ставілі.
— Я законапаслухмяная вельмі. І калі мне сказалі, што трэба з'явіцца ў КДБ, то я ўжо пачала думаць, калі мне зручней за ўсё схадзіць. Але пакуль ехала ў Мінск, мае блізкія купілі мне квіток на самалёт да Калінінграда і адтуль квіток на аўтобус да Гданьска.
Ганна кажа, што баялася паўтарэння гісторыі на пашпартным кантролі ў мінскім аэрапорце, але там усё прайшло «гладка». Цяпер дзяўчына ў бяспецы.
Апынуўся ў «айцішным» спісе КДБ — з'ехаў
У студзені супрацоўніку адной з IT-кампаній Цімафею ў скайпе патэлефанаваў менеджар і сказаў, што айцішнікам зацікавіліся ў КДБ. Цімафей трапіў у спіс тых, хто данаціў «экстрэмістам», таму яго выклікаюць на размову і патрабуюць добраахвотна перавесці на дабрачыннасць дзесяціразовую суму даната.
— Нават далі пару слотаў, кшталту: «Чацвер 14:00» ці «Пятніца 11:00» у будынку КДБ. Гэта была, канешна, ржака. «Ну і са словамі: Нейкія нашы хлопцы ўжо схадзілі, усе ок, можа быць, запытацца». Я проста адцягваў сваю чаргу, каб не трыгерыць підарасаў і даць сабе як мага больш часу зваліць з краіны.
Цімафей кажа, што ў спісе ад КДБ было каля 80-100 супрацоўнікаў толькі аднаго дэпартамента кампаніі. Паводле слоў айцішніка, многія з яго калегі хадзілі на гутарку і «пакрылі» грошы. Тых, хто адмовіўся і з'ехаў з Беларусі, было менш.
— Глядзіце: яны сфармавалі спіс усіх, хто данаціў нешта праз Фэйсбук з 9 жніўня 2020. Усіх з гэтага спісу яны клічуць на размову і патрабуюць паказаць Фэйсбук на тэлефоне. Транзакцыю схаваць з мабільнага дадатку немагчыма (толькі праз цікет у сапорце). Наколькі я ведаю, уся гэтая справа — гэта ўсё пра Фэйсбук-данаты. Я думаў схадзіць на размову і паказаць іншы акаўнт Фэйсбука — напрыклад, махнуцца з кімсьці акаўнтамі — ці проста знішчыць, схаваць акаўнт, дадатак і сказаць, што нічога не ведаю. Але наябаць КДБ — гэта задача нетрывіяльная і шанец на поспех невялікі.
Прэтэнзіі да Цімафея паўсталі праз два ахвяраванні па 100 долараў на «BYSOL» і «BYHELP». Беларус кажа, што акрамя гэтых данатаў у яго было яшчэ мноства на іншыя ініцыятывы. Напрыклад, ён ахвяраваў у тым ліку палку Каліноўскага, але гэтыя данаты ішлі не праз Фэйсбук.
Цімафей вырашыў не ісці ў КДБ, не чакаць, калі КДБ прыйдзе да яго, таму пакінуў краіну.
— Я кажу [менеджару]: «Ок, мне трэба падумаць», — а сам пайшоў праз сваіх людзей рабіць польскую гуманітарную візу, выключыў тэлефон, жыў не па месцы прапіскі. З візай справы занялі дзесьці каля чатырох тыдняў. Як толькі атрымаў, сеў у сваю машыну — і ў «швабрастан» [Расію], адтуль — у Латвію, рашысцкія памежнікі выпусцілі.
3,5 гады калоніі за данат у 20 долараў
Выпадкі з данатамі «экстрэмістам» не заўсёды заканчваюцца прымусовымі ахвяраваннямі на дабрачыннасць або ад'ездам з краіны. Увосень 2022 бізнэсоўца Алега асудзілі на 3,5 гады калоніі за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці».
Спачатку мужчыну затрымлівалі ў красавіку 2022 года па падазрэнні ў «грубым парушэнні парадку», але ў выніку ён атрымаў 15 сутак і выйшаў на волю. Але тады ж у яго Фэйсбуку знайшлі данат на «BYSOL».
— Перакваліфікавалі ў «фінансаванне экстрэмізму». Адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, — расказвае сябар палітвязня. — Месяцы чатыры не было наогул аніякага руху. Вядома, мы яго штурхалі, каб звальваў: Дзвіна, Буг, мангольскія стэпы — як заўгодна. Але ў яго бацькі, бізнэс — «Куды я паеду?».
Алега зноў затрымалі 17 жніўня 2022 года і ўвосень асудзілі. Падставай для крымінальнай справы стала ахвяраванне ў 20 долараў, кажуць сябры.
— ДФР тэхніку, докі і касы вярнуў, санкцый аніякіх не было. І па скрынках было відаць, што ніхто ў іх нават не глядзеў. Ніхто аніякіх кампенсацый яму не прапаноўваў, таму што не з айці, — лічаць сябры асуджанага.
Алег не адзіны, каго асудзілі за данаты BYSOL. Напрыклад, цяпер у Мінску судзяць супрацоўніцу кампаніі «Гейм стрым» Ксенію Алькенаву за данат у 425 долараў. У чэрвені гэтага года 6 гадоў калоніі атрымаў Мікалай Васілевіч — яго абвінавацілі ў «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці і экстрэмісцкага фарміравання».