У Гомелі сёння пачынаюць судзіць Ларысу Шчыракову: суд будзе закрытым
Гомельскі абласны суд сёння, 27 ліпеня, пачынае разгляд крымінальнай справы вядомай журналісткі і культурніцкай дзяячкі Ларысы Шчыраковай. Ёй пагражае да сямі гадоў зняволення. З-за пераследу ўлад Ларыса Шчыракова ў 2022 годзе сышла з журналістыкі і пачала займацца этнафотасесіямі, але гэта не ўратавала.
Ларысу Шчыракову абвінавачваюць паводле арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і тое ж дзеянне, якое ажыццяўляецца паўторна»). Судовы працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме, паведамляюць праваабаронцы.
Справу прызначаны разглядаць суддзя Мікалай Доля. Ён вядомы тым, што ўжо адправіў за краты на пяць гадоў журналістку Ірыну Слаўнікаву.
Палітзняволеную Ларысу Шчыракову затрымалі ўвечары 6 снежня 2022 года пасля ператрусу ў яе прыватным доме. Яе непаўнагадовага сына змясцілі ў прытулак. Былы муж палітзняволенай, які апошнія гады жыў у Расіі, сабраў неабходныя дакументы — і 23 снежня забраў Святаслава. Іншым сваякам хлопчыка не аддавалі.
Напачатку на Ларысу завялі крымінальную справу паводле арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») і змясцілі ў гомельскі СІЗА №3.
Больш за месяц таму памерла маці Ларысы. Але нават развітацца з маці Ларыса Шчыракова не здолела: на пахаванне з СІЗА яе не адпусцілі.
Паводле матэрыялаў следства, Ларыса «са жніўня 2020 года па снежань 2022 года, выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, праз розныя месенджары і ўліковыя запісы ў сацсетках прадаставіла для размяшчэння і размясціла ў сетцы Інтэрнэт, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь».
Яна ж, па меркаванні пракуратуры, «ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу аўдыя-, відэа-, фота- і тэкставай інфармацыі, для далейшага выкарыстання з мэтай забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу «Вясна» і экстрэмісцкага фарміравання «Белсат».
За сваю журналісцкую дзейнасць Ларусу Шчыракову больш за 40 разоў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў і арыштаў.
Урэшце яна вымушана была заявіць аб тым, што сыходзіць з журналісцкай дзейнасці, і пачала займацца этнафотасесіямі, а таксама фіксацыяй і захаваннем сямейных гісторый, стварэннем своеасаблівай гісторыі роду.
Нагадаем, у канцы красавіка стала вядома, што Ларыса Шчыракова разам з яшчэ трыма беларускімі журналістамі выйграла ў Камітэце ААН па правах чалавека справу супраць Беларусі. Але гэта скарга была пададзена яшчэ задоўга да падзей 2020 года ў Беларусі, яшчэ да глабальнай зачысткі ўладамі ўсіх незалежных СМІ.
Журналісты скардзіліся на адмову ў акрэдытацыі — і адпаведна, на суды і прысуды беларускіх судоў за працу без акрэдытацыі. Камітэт па правах чалавека ААН заявіў, што Беларусь абавязана прыняць адпаведныя меры для кампенсацыі прызначаных журналістам штрафаў ды іншых судовых выдаткаў, панесеных аўтарамі ў сувязі з нацыянальным разбіральніцтвам. Дзяржава таксама абавязана прыняць усе неабходныя меры для прадухілення падобных парушэнняў у далейшым. У сувязі з гэтым Камітэт адзначае, што меў справу з падобнымі зваротамі ў дачыненні да тых жа законаў і практыкі дзяржавы-ўдзельніцы, таму Беларусь павінна перагледзець сваю нарматыўную базу, у прыватнасці «Закон аб сродках масавай інфармацыі» з мэтай забеспячэння поўнага карыстання правамі, прадугледжанымі артыкулам 19 Пакта.
Падтрымаць журналістку можна лістамі на адрас: СІЗА-3. 246003, Гомель, Кніжная, 1А, Ларыса Фёдараўна Шчыракова