«Пісаў лісты студэнтам-вязням, у якіх апісваў фізічныя цікавосткі». Што вядома пра палітзняволенага навукоўца

Калегі і сябры распавялі пра фізіка, аднаго са стваральнікаў навукова-папулярнага часопіса «PAMYŁKA» Юрыя Адамава, якога ўчора асудзілі да трох гадоў калоніі за данаты беларускім фондам салідарнасці. 

Юры Адамаў

Юры Адамаў

У сакавіку 2023 года быў арыштаваны Юры Адамаў. Паводле праўладных СМІ, ён затрыманы за 24 ахвяраванні фондам «BySol» і «ByHelp» на агульную суму 1590 долараў.

24 ліпеня 2023 года суддзя Дзіна Кучук прысузіла яму тры гады калоніі паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці).

Юрый вучыўся тэарэтычнай фізіцы ў БДУ, пасля атрымаў PhD ва ўніверсітэце Уорыку (Англія) у кірунку «фізіка кандэнсаваных станаў». Ён рабіў Postdoctoral-даследаванне ў Брукгэйвэнскай нацыянальнай лабараторыі (штат Нью-Ёрк, ЗША) аб удасканаленні лікавага мадэлявання для моцна карэляваных сістэмаў. І яшчэ адно Postdoctoral-даследаванне ў тэорыі фізікі кандэнсаваных станаў у Тэхаскім універсітэце A&M (ЗША).

Калегі Юрыя, якія пажадалі захаваць ананімнасць, распавялі, што с 2012 па 2018 гг. Юры Адамаў быў выкладчыкам Linux Development Courses. Гэта была ініцыятыва Epam на базе БДУІР для распаўсюду і папулярызацыі АС Linux і Open Source сярод распрацоўшчыкаў і студэнтаў. Ён удзельнічаў у стварэнні матэрыялаў і выкладанні курса ад пачатку да завяршэння.

Курсы былі бясплатныя для неабмежаванага кола асобаў, гэта значыць, гэта не былі тыповыя курсы для ўладкавання на працу. Часам слухачы казалі, што працуюць у іншых галінах і не збіраюцца мяняць працу.

Аўтары курса мэтанакіравана выклалі ўсе адукацыйныя матэрыялы курса ў адкрыты доступ

«Я даўно ведаю Юру Адамава праз мінскія лінуксоўкі MLUG, мерапрыемства для лінуксойдаў LVEE і мінскі хакерспэйс. Часам мы перасякаліся на розных падзеях», — распавяла Святлана Волчак, фізік, былая выкладчыца факультэта радыёфізікі БДУ, звольненая ў 2020 годзе за палітычныя погляды.

Святлана Волчак. Фота: прыватны архіў

Святлана Волчак. Фота: прыватны архіў

«У 2015 Юра дапамагаў давесці скрыні з прыладамі для мэш-сетак, якія мы разгортвалі ў моладзевай арганізацыі Фаланстэр на мерапрыемстве LVEE, ад Мінска да месца пад Гародняй, дзе адбывалася мерапрыемства.

І часам мы гутарылі пры сустрэчах. Было бачна, што Юра такі чалавек, які гатовы дапамагчы».

Святлана кажа, што наступным разам убачыла Юрыя, калі вызвалялася з турмы ў Жодзіна 12 лютага 2021 года. Ён сустракаў вызваленых вязняў.

Глядзіце таксама

«Паколькі мяне звольнілі з працы ў БДУ з факультэта радыёфізікі і кампьютарных тэхналогій, то у мяне вызваліўся час, каб пісаць пра фізіку папулярна у сацсетках. І аднойчы Юра пракаментаваў мой пост і напісаў, што ў яго багата кнігаў на англійскай мове і ён можа мне прынесці.

Так мы сустрэліся і ён перадаў некалькі кніг Рычарда Файнмана на англійскай і рускай мовах. Для мяне гэта было вельмі крута, бо здабыць кнігі на англійскай мове пра фізіку ў Беларусі амаль немагчыма», — узгадвае Святлана.

«Тады ж мы літаральна 10 хвілін пагутарылі і ён распавёў, што піша лісты вязням, напрыклад, студэнтам, асуджаным па "справе студэнтаў". Паказаў паштоўкі, якія ён надрукаваў з выявамі космасу, спампаванымі з сайта NASA. (Выявы пад свабоднымі ліцэнзіямі і таму кожны можа іх браць). Таксама запрапанаваў мне раздрукаваць мае выявы на паштоўках... У тым ліку ён распавёў, што піша лісты ад рукі студэнтам-вязням, у якіх апісвае фізічныя і матэматычныя цікавосткі.

І дадаў, што шкада, што няма ніякіх часопісаў пра навуку на беларускай мове, бо можна было б даслаць часопіс. 

На гэта я адказала, што «Дык, чаму б нам не зрабіць часопіс пра натуральныя і тэхнічныя навукі! Гэта выдатная ідэя».

Як мінімум у часопіс маглі б пайсці лісты Юры, якія натуральна былі як артыкулы, я б магла штосьці напісаць... І так пакрысе мы б назбіралі на нумар.

Артыкул Юрыя Адамава ў часопісе «PAMYŁKA». Фота Instagram @pamylka.zin

Артыкул Юрыя Адамава ў часопісе «PAMYŁKA». Фота Instagram @pamylka.zin

Я прапанавала стварыць зін [некамерцыйны часопіс, — заўв. рэд.], бо сама ўдзельнічала ў стварэнні зіна «Забей», і стварала і вярстала шэраг дапаможнікаў у нашай моладзевай арганізацыі: дапаможнік актывіста, дапаможнік раварыстаў, вікі-дапаможнік... Я ведаю, як ствараць разам зін, і таму гэта на той момант тэарэтычна было не складана».

Так паўстаў навукова-папулярны часопіс на беларускай мове «PAMYŁKA». Першы нумар выйшаў увесну 2023, другі – у ліпені, калі адзін са стваральнікаў часопісу Юры Адамаў ужо быў за кратамі.

Рэжым пазбавіў волі чалавека, поўнага жадання працаваць на карысць беларускай навукі, толькі за тое, што ён адгукнуўся на чужую бяду. 

Часопіс «PAMYŁKA». Фота Instagram @pamylka.zin

Часопіс «PAMYŁKA». Фота Instagram @pamylka.zin