Былую каардынатарку страйкама БДУ і яе мужа-пчаляра адправілі за краты

Міхаіла і Святлану Волчак затрымалі 19 кастрычніка пасля ператрусу. Стала вядома, што іх арыштавалі на 15 і 13 сутак адпаведна.

Святлана Волчак

Святлана Волчак

Паводле папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, пратаколы на Святлану і Міхаіла склалі за «непадпарадкаванне міліцыянтам» (арт. 24.3 КаАП).

Таксама праваабаронцы паведамілі, што сваякоў Волчакаў не пусцілі на судовы працэс. «Суткі» Міхаіл і Святлана адбываюць у іванаўскім ІЧУ.


Святлана — былая выкладчыца і кіраўніца страйкаму БДУ, якую звольнілі ў верасні мінулага году. Яе з мужам неаднаразова затрымлівалі пасля 2020 году. Міхаіл — грамадскі актывіст і апантаны пчаляр, які арганізаваў смарт-пасеку БЖ-БЖ, займаўся гарадскім пчалярствам і ладзіў анлайн-курсы для пачаткоўцаў, хто цікавіўся пчоламі.