«Карта паляка» — падстава для пераследу. Гісторыя аднаго візіту КДБ

Масавая «зачыстка» працягваецца. Па людзей прыходзяць з абсалютна розных нагод. Да кагосьці — таму што псіхатэрапеўт, да кагосьці — бо мае «карту паляка». А бывае і так, што «зоркі сыходзяцца». Гісторыю аднаго звальнення запісала «М*дыязона».

Пасля візіту КДБ у адной з раённых паліклінік звольнілі доктара. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Пасля візіту КДБ у адной з раённых паліклінік звольнілі доктара. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Псіхолагі і псіхатэрапеўты ў Беларусі сталі яшчэ адной сацыяльнай групай, якая падверглася рэпрэсіям з боку рэжыму Лукашэнкі. Масавыя затрыманні праходзяць па ўсёй краіне. СМІ паведамляюць, што ад спецыялістаў патрабуюць парушыць закон аб медыцынскай таямніцы і дакладваць пра «нядобранадзейных» кліентаў, якія прыходзілі да іх на прыём. За два апошнія тыдні лік затрыманых псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў пайшоў на дзясяткі.

Партал «М*дыязона» запісаў гісторыю аднаго спецыяліста, якога звольнілі за тое, што ён не адмовіўся ад карты паляка.

«Трэба з вамі пагаварыць». КДБ на працы

Да нядаўняга часу Максім працаваў псіхатэрапеўтам у адной з раённых паліклінік, часам прымаў пацыентаў у стацыянары цэнтральнай бальніцы, а пры неабходнасці — з-за недахопу кадраў — вёў прыём як урач-псіхіятр.


На пачатку лютага сярод працоўнага дня Максіму патэлефанаваў галоўны ўрач і папрасіў пасля абеду зайсці да яго ў кабінет. Псіхатэрапеўт не здзівіўся: падумаў, што гэта будзе сустрэча па працоўных пытаннях. Калі час падышоў, ён даў пацыенту дыягнастычныя тэсты і сышоў — не думаў, што размова зойме шмат часу.

Сакратарка запрасіла псіхатэрапеўта прайсці ў невялікі кабінет для нарад і папрасіла пачакаць, а праз пару хвілін туды зайшоў галоўны ўрач і сказаў, што з Максімам хоча пагаварыць адзін чалавек. Ім аказаўся нібыта «супрацоўнік КДБ». Галоўны ўрач выйшаў, і Максім застаўся ў кабінеце з незнаёмцам.

— Ён прыйшоў, сеў насупраць мяне. Узяў мой тэлефон. Не назваўся: ні імя, ні прозвішча. Проста: «Добры дзень, я з КДБ. Трэба з вамі пагаварыць». — «З нагоды?» — «У вас ёсць «карта паляка». Разблакіруйце тэлефон». Што ж рабіць, давялося. Калі ў такой сітуацыі не быў, ты думаеш: «У мяне атрымаецца, я нічога не скажу, я ведаю свае правы». А тут, калі не чакаеш…

Як «супрацоўнік КДБ» даведаўся, што ў яго ёсць карта паляка, Максім не ведае. Лекар разблакіраваў тэлефон, і яго суразмоўца пачаў вывучаць перапіскі ў месенджарах і фотагалерэю. Калі нейкае змесціва здавалася яму падазроным, ён пытаўся: «Што гэта? Хто гэта?»

— У мяне быў чалавек у перапісцы, у якога на аватарцы ў Instagram была «Пагоня». Адразу спытаў: «Хто гэта?» Сфатаграфаваў. Дастаў нататнік, запісаў.

«Навошта вам гэта трэба?». Пытанні пра карту паляка

На тэлефоне Максіма стаяў «партызанскі» Тэлеграм, таму «супрацоўнік КДБ» убачыў у ім толькі бяспечныя перапіскі і каналы (праўда, псіхатэрапеўт забыўся схаваць бот для лекараў у эміграцыі і канал «Белыя халаты», але гэта не выклікала пытанняў, акрамя таго, што незнаёмец усё сфатаграфаваў).

Ён задаваў пытанні пра стаўленне Максіма да дзеючай улады, што задавальняе і не задавальняе, за каго галасаваў у 2020 годзе і пра «спецыяльную вайсковую аперацыю».

— Я кажу: «Да вайны, бо Пуцін ужо назваў гэта вайной, стаўлюся негатыўна, бо ў мяне загінулі сваякі». У нас загінула стрыечная бабуля ад наступстваў вайны. Не было святла, газу, вады. Плюс ўзрост. Ён спытаў: «Нават да нашага хаўрусніка, Расіі, ставіцеся негатыўна?»

Паміж пытаннямі на розныя тэмы ён раз-пораз вяртаўся да «карты паляка» — адкуль яна, як атрымалі, дзе вучылі мову, навошта яна патрэбна — і прапаноўваў адмовіцца ад яе «проста тут і цяпер».


— Я кажу: «Не». Спрабаваў рознымі спосабамі [растлумачыць]: я на гэта выдаткаваў сілы, час, гэта дае бясплатную візу, я магу ездзіць да мамы. «А вы і так ездзіце раз на год, навошта вам гэта трэба?»

Да гэтай «прапановы» суразмоўца вяртаўся яшчэ некалькі разоў.

«Ну, вы ж разумееце». Звальненне

Калі супрацоўнік сышоў, Максім зайшоў у кабінет галоўнага ўрача. Той спрабаваў як мага хутчэй вырашыць пытанне са звальненнем псіхатэрапеўта: «Ён сказаў мне гэтую фразу: "Ну, вы ж разумееце"». Пасля звальнення Максім яшчэ некалькі тыдняў заставаўся ў Беларусі, каб разабрацца з дакументамі, а на пачатку сакавіка з'ехаў у Польшчу.