Хронікі рэпрэсій. Чарговы сталінскі прысуд за ахвяраванні, затрыманні чыгуначнікаў у Жлобіне

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 25 ліпеня.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1_logo.jpg_logo.webp

У Бабруйску 3 траўня 2023 года па новай крымінальнай справе асудзілі палітвязня Яўгена Прапольскага. Суддзя Павел Карцінін прызнаў палітвязня вінаватым паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі) і прызначыў яму ў дадатак да васьмі гадоў калоніі яшчэ паўтара года зняволення.

Напрыканцы траўня палітвязня этапавалі ў мазырскую калонію № 20, але з 14 чэрвеня ад яго не было яшчэ ніводнай весткі.


Глядзіце таксама

Уступіў у сілу прысуд 35-гадоваму жыхару Бабруйска Дзмітрыю Слуку, абвінавачанаму ў «фінанасаванні тэрарыстычнай дзейнасці» паводле ч.1 арт. 290-1 КК. Справа разглядалася ў судзе Заводскага раёна Мінска. Працэс вёў суддзя Дзмітрый Астапенка.

Мужчыну асудзілі за тое, што «20 жніўня 2021 года, будучы дасведчаным аб тэрарыстычнай накіраванасці дзейнасці, ажыццявіў яе фінансаванне». У прыватнасці, як стала вядома, ён перавёў крыптавалюту на віртуальны кашалёк дадзенай арганізацыі ў суме эквівалентнай 2 160 даляраў ЗША, што на момант здзяйснення злачынства склала не менш за 5,4 тыс.рублёў». Што гэта за арганізацыя, невядома.

Суд прызначыў  пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 8,5 года са штрафам у памеры 300 базавых велічынь (11,1 тыс. рублёў).


Глядзіце таксама

Суд у Баранавічах прызначыў мясцовай жыхарцы Людміле Сяліцкай 2,5 года «хатняй хіміі» і штраф у памеры 70 базавых велічыняў паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Падставай для крымінальнай справы сталі некалькі лайкаў на карцінкі ў «Аднакласніках». Працэс вяла Аксана Літвінчык.

Суд праходзіў у выязныям рэжыме ў гарадскім аддзеле ўнутраных справаў пры асуджаных да «хатняй хіміі». Працэс быў прадстаўлены як «прафілактычнае мерапрыемства».

Вядома, што пракурор запрашваў тры з паловай гады «хатняй хіміі», але суддзя прызначыла на год менш.


Глядзіце таксама

У судзе Жлобінскага раёна яшчэ 10 красавіка асудзілі Дзмітрыя Кіба паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Суддзя Яўген Ерафееў прызначыў Дзмітрыю два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміі»).

Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе ў Жлобіне, а таксама ў выхадзе на праезную частку падчас акцый.

У Жлобіне за «пратэсныя настроі» затрымалі двух работнікаў мясцовай чыгункі. Адзін з іх, Аляксей Барсукоў, працаваў у жлобінскім дэпо. Ён быў затрыманы ў чэрвені. Мяркуецца, што супраць яго распачата крымінальная справа за пратэсную актыўнасць у інтэрнеце. Імя другога затрыманага — Ігар (прозвішча высвятляецца).


Глядзіце таксама

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 7 ліпеня пастанавіла арыштаваць на 15 сутак Сяргея Крупкіна. На думку суддзі мужчына вінаваты ў распаўсюдзе «экстрэмізму» ў сацыяльных сетках. У судзе высветлілася, што Крупкін, як карыстальнік сацыяльнай сеткі «УКантакце», быў падпісаны на канал «Радыё Свабода», інтэрнэт-старонкі «Мая Краiна Беларусь» і «STOP LUKA», а таксама быў сябрам ў суполках «Наш край», «Хартыя'97», «Дрэнныя навіны Беларусь» і «Краіна для жыцця». Усе гэтыя інфармацыйныя рэсурсы раней былі ўнесеныя ў так званы Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У судовым паседжанні «правапарушальнік» віну не прызнаў, пры гэтым не адмаўляў таго, што на ягонай старонцы ва «УКантакце» меліся пералічаныя СМІ, але ён не лічыць, іх экстрэмісцкімі.


Глядзіце таксама

Палітвязень Аляксей Горбач, асуджаны па «справе Зельцэра», выйшаў на волю.

У Гомельскім абласным судзе 25 лістапада 2022 года жыхара Светлагорска асудзілі паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) КК. Суддзя Аляксей Хлышчанкоў прызначыў яму 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф памерам 3200 рублёў.

Аляксея затрымалі ў Светлагорску паводле крымінальнай справы, распачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і ІТ-спецыяліста Андрэя Зельцэра.

Тэрмін Аляксей адбываў у івацэвіцкай калоніі № 5, адкуль 22 ліпеня выйшаў на волю. У зняволенні яго ўтрымлівалі 1 год, 9 месяцаў і 21 дзень.