Навукоўца і папулярызатара навукі Юрыя Адамава асудзілі за «фінансаванне экстрэмізму»
Палітзняволенага навукоўца, праграміста і папулярызатара навукі Юрыя Адамава асудзілі да трох гадоў калоніі. Юрый з'яўляецца сябрам беларускай супольнасці за свабоднае праграмнае забеспячэнне, а таксама сузаснавальнікам навукова-папулярнага самвыдата «Pamylka».
Палітзняволенага навукоўца Юрыя Адамава — праграміста і папулярызатара навукі — асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за «фінансаванне экстрэмізму».
Такі прысуд вынесены 24 ліпеня 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе. Справу разглядзела суддзя Дзіна Кучук. Палітвязня прызналі вінаватым паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»). Бок абвінавачання падтрымаў пракурор Раман Бізюк, паведамляюць праваабаронцы.
Пра затрыманне Юрыя напачатку сакавіка паведамілі ягоныя калегі. Пазней стала вядома, што Адамава змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Паводле праўладных СМІ, ён затрыманы за 24 ахвяраванні «BySol» і «ByHelp» на агульную суму 1590 долараў.
Юрый — удзельнік беларускай супольнасці за свабоднае праграмнае забеспячэнне, а таксама сустваральнік навукова-папулярнага самвыдата «Pamylka». Ён вучыўся тэарэтычнай фізіцы ў БДУ, пасля атрымаў PhD ва ўніверсітэце Уорыка (Англія) у кірунку «фізіка кандэнсаваных станаў».
Юрый Адамаў рабіў Postdoctoral-даследаванне ў Брукгэйвенскай нацыянальнай лабараторыі (штат Нью-Ёрк, ЗША) аб удасканаленні лікавага мадэлявання для моцна карэляваных сістэм.
І яшчэ адно Postdoctoral-даследаванне ў тэорыі фізікі кансэндаваных станаў у Тэхаскім універсітэце A&M (ЗША).
Падтрымаць лістамі, паштоўкамі салідарнасці, грашовымі пераводамі Юрыя можна па адрасе: СІЗА-1. 220030, Мінск, Валадарскага, 2. Юрыю Уладзіміравічу Адамаву.