Хронікі рэпрэсій за 28 лютага

З дапамогай СМІ і праваабаронцаў сабралі факты палітычнага пераследу беларусаў за 28 лютага.

fota_aryny_sjankevicz__3__1.jpg

У Беларусі +12 новых палітвязняў. Гэта Яўген Эміліт, Максім Самброс, Вадзім Пінжакоў, Дзмітрый Гапанюк, Аляксандра Захарык, Валерый Пацярухін, Андрэй Мамойка, Вера Мамойка, Яўген Радкевіч, Андрэй Філіпчык, Аляксей Дужы, Таццяна Дубатоўка.

Родныя журналіста «НЧ», палітвязня Дзяніса Івашына, не могуць даведацца, дзе ён знаходзіцца

Бацькам палітвязня вярнуліся абедзве бандэролі, дасланыя на імя гродзенскага журналіста. Прычын вяртання на пошце не патлумачылі, а на пакунках указана таямнічая «даведка з ПК №15». На адным з пакункаў з дазволенымі для дасылання вітамінамі ёсць дадатковая пазнака «няслушна аформ. вяртанне», а таксама чамусьці дапісаны індэкс гродзенскай турмы №1 з літарай Д (дасыл). З гэтай прычыны сваякі Дзяніса мяркуюць, што яго ізноў этапавалі ў Гродна, але яны не маюць ніякіх звестак пра тое, чаму гэта магло стацца.

Ад самога Івашына родныя не атрымлівалі лістоў з 8 лютага, і ён дагэтуль ні разу не патэлефанаваў сваякам з калоніі. Таму на дадзены момант невядома ані месцазнаходжанне палітвязня, ані стан яго здароўя.

Пасля вяртання з-за мяжы быў затрыманы былы ратаўнік Максім Сташулёнак — яго будуць судзіць па крымінальнай справе.

Праваабаронцам стала вядома, што 32-гадовы Максім Сташулёнак знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага. Мужчына быў затрыманы на пачатку лютага, пасля вяртання ў Беларусь з-за мяжы.

Яму інкрымінуецца «народны» арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

У 2020 годзе Максім працаваў пажарным і папярэдзіў жыхароў «Каскада», што іх БЧБ едуць здымаць. Пасля гэтага яго звольнілі.


Жыхара Светлагорска затрымалі, калі ён прыехаў з Расіі ў Беларусь мяняць пашпарт

Сёлета мужчына, які з 2019 года жыў у суседняй краіне, страціў у Расіі пашпарт і вярнуўся на радзіму для афармлення новага. Практычна адразу ж ён быў затрыманы. Як паведамляе МУС, у 2021 годзе ён «у групавым чаце пакінуў абразлівы допіс пад фотаздымкам міліцыянта са Светлагорскага РАУС». Яму інкрымінуюць «абразу службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў».

Прызначана дата разгляду апеляцыйнай скаргі палітзняволенай Дар'і Лосік

У Брэсцкім абласным судзе 19 студзеня агучылі прысуд Дар‘і Лосік: два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Муж Дар'і Ігар Лосік адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі, а чатырохгадовая дачка Паўліна цяпер знаходзіцца з бабулямі і дзядулямі.

Нядаўна палітзняволеную перавялі ў баранавіцкі СІЗА-6. Апеляцыйную скаргу Дар'і разгледзяць 21 сакавіка.


Супраць жыхаркі Пружанскага раёна распачалі крымінальную справу за інтэрв'ю «экстрэмісцкім СМІ» — нядаўна яна вярнулася ў Беларусь з-за мяжы

Як піша прэс-служба СК, 29-гадовая жанчына двойчы дала інтэрв'ю інтэрнэт-рэсурсам, якія былі прызнаны «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».

Зэльвенскім раённым аддзелам Следчага камітэта ёй прад'яўлена абвінавачанне па ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). З санкцыі пракурора да яе прыменена мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

Вядома, што пасля падзей 2020 года жанчына з'ехала ў Еўропу. Пражывала ў Польшчы, Італіі, Нідэрландах. Пасля прыбыцця на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у пачатку бягучага года была затрымана супрацоўнікамі міліцыі.

Пінскага блогера асудзілі да калоніі за карыкатуру на Лукашэнку

У судзе Пінскага раёна і г. Пінска абвясцілі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да мясцовага блогера Мікалая Клімовіча — адзін год калоніі.

Яго абвінавацілі паводле арт. 368 КК у абразе Лукашэнкі ў сатырычным малюнку, які ён размясціў у сацыяльнай сетцы. Такі прысуд вынес суддзя Андрэй Бачыла па прапанове пракурора Іллі Гузарэвіча, нягледзячы на тое, што Мікалай Клімовіч мае інваліднасць II групы па сэрцы.

Нядаўна Мікалая ўжо судзілі за падобныя дзеянні, але па адміністрацыйнай справе паводле арт. 19.10 КаАП. За тое, што ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» ён паставіў рэкцыю «смешна» пад карыкатурай на Уладзіміра Пуціна, намаляванага ў нацысцкай форме. Суддзя Андрэй Бачыла прызнаў блогера вінаватым у распаўсюдзе нацысцкай сімволікі і прызначыў яму штраф у памеры 111 беларускіх рублёў.

6 сакавіка пачнецца новы суд па «справе ЧКБ» — на лаве падсудных 39-гадовая Ірэна Клявец

Ірэна — спецыялістка Мінскага гарадскога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, яе затрымалі мінулым летам. Вядома, што ў жанчыны двое непаўнагадовых дзяцей. Клявец інкрымінавалі чатыры артыкулы Крымінальнага кодэкса: ч. 3. арт. 203-1 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных»); ч. 3 арт. 130 («Распальванне варожасці»); ч. 3 арт. 352 («Неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй»); ч. 3 арт. 426 («Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў»).

Яе справу 6 сакавіка пачне разглядаць Мінскі гарадскі суд. Працэс будзе весці суддзя Дзмітрый Супрун.

Цалкам адбыў свой тэрмін і выйшаў на волю палітзняволены Ян Рымараў. Жыхару Жлобіна прысудзілі 2 гады «хіміі» за каментары пра намесніка начальніка УУС Жлобінскага райвыканкама Дзмітрыя Дзядзюна.

Прысуд па справе «Буслы ляцяць» пакінулі без змен

У Вярхоўным судзе 28 лютага ў закрытым рэжыме разгледзелі апеляцыйныя скаргі палітзняволеных па гучнай справе ініцыятывы «Буслы ляцяць».

Судовая калегія пад старшынствам суддзі Паўла Каршуновіча пакінула апеляцыйныя скаргі без задавальнення, а прысуд — у сіле. Хутка палітвязняў этапуюць у калоніі.

Нагадаем, напрыканцы верасня Мінскі гарадскі суд прызначыў вялікія турэмныя тэрміны яе шасці фігурантам: Аляксею Іванісаву — 14 гадоў калоніі і штраф у 500 базавых, Аляксею Гамезу — 14,5 гадоў калоніі і штраф у 500 базавых, Мікалаю Біблісу — 8,5 гадоў калоніі і штраф у 300 базавых, Андрэю Будаю — 15 гадоў калоніі і штраф у 500 базавых, Аляксандру Мураўёву — 12 гадоў калоніі, Аляксандру Сідарэнку — 8 гадоў калоніі.

Гамельчука асудзілі да трох гадоў калоніі за абразу і паклёп на Лукашэнку

Гомельскі абласны суд асудзіў да трох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму мясцовага жыхара Канстанціна Лапіцкага. Меркавана, яго асудзілі за каментары ў інтэрнэце. Прысуд вынес суддзя Мікалай Доля.

Канстанціна абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч. 2 арт. 367 («Паклёп на Лукашэнку»), ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»). Акалічнасці справы невядомыя, бо суд з 10 лютага праходзіў у закрытым рэжыме.

У Баранавічах актывіста Ігара Шумілава адправілі на «суткі»

Былога байкера Ігара Шумілава затрымалі 23 лютага. На наступны дзень яго асудзілі паводле арт. 19.11 КаАП за «распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Суддзя Вікторыя Пакунова прызнала яго вінаватым і арыштавала на 15 сутак.

Шумілаў мае інваліднасць трэцяй групы. 10 гадоў таму ён трапіў у ДТЗ і згубіў нагу.


Пасля інцыдэнту ў Мачулішчах у Дзяржынску было затрымана як мінімум 6 чалавек

Пазней усім ім прызначылі па 2 сутак арышту за «непадпарадкаванне», таму цяпер яны ўжо на волі.

Паведамляецца, што пасля затрымання людзей збівалі — рабілі гэта не мясцовыя міліцыянты, а нейкія іншыя.

Нагадаем, у нядзелю каля 9-й раніцы на аэрадроме ў Мачулішчах былі чутны два выбухі. Паведамлялася, што пацярпеў вельмі каштоўны расійскі самалёт дальняй разведкі ДРЛВ А-50, ён быў падарваны ў двух месцах. Усяго такіх самалётаў у Расіі, спраўных і няспраўных, дзевяць. Ён выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне.

B*pol увечары 26 лютага паведамляў, што сілавікі пачалі адпрацоўваць сацсеткі, каб выявіць тых, хто каментуе падрыў расійскага самалёта ў негатыўным ключы.

FIDH: «Абвінавачванні ў бок нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага і яго калег з «Вясны» грунтуюцца на хлусні»

Трое кіраўнікоў беларускай праваабарончай арганізацыі «Вясна» знаходзяцца ў зняволенні па фіктыўнай справе, ім пагражае ад 9 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Суд Ленінскага раёна Мінска вынесе вердыкт па іх справе 3 сакавіка 2023 года.

Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) тлумачыць, чаму абвінавачанні супраць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча з'яўляюцца сфабрыкаванымі.