Як прысудам Анджэю Пачобуту Лукашэнка стварыў праблемы Казахстану
Санкцыі працуюць. Проста не заўсёды так, як хацелася б.
Саджаючы ў турму журналіста Анджэя Пачобута, Аляксандр Лукашэнка зусім не думаў, што тым самым ён не кукіш пакажа прэзідэнту Польшчы, а нанясе мільённыя страты Казахстану, свайму партнёру па ЕАЭС. Але калі бессістэмна, проста ад злосці, кідаеш камяні ва ўсе бакі, яны могуць патрапіць у зусім непадыходную цэль, піша Ірына Халіп у выданні «Новая газета. Еўропа».
Польскія карані казахстанскіх страт
24 лютага на сайце Нацыянальнай палаты прадпрымальнікаў Казахстана «Атамекен» з'явілася паведамленне прэс-службы з каментаром кіраўніка дырэктара НВП Мурата Амрына з нагоды спынення руху грузавікоў на польска-беларускім пераходзе «Кукурыкі — Казловічы»:
«Пад новыя абмежаванні трапілі і казахстанскія
перавозчыкі, якія вязуць экспартныя тавары Казахстана ў краіны Еўропы, а
таксама еўрапейскія тавары, што накіроўваюцца ў адрас казахстанскіх
прадпрыемстваў. А гэта мільённыя страты. Па стане на 23 лютага на тэрыторыі
Польшчы знаходзяцца больш за 150 казахстанскіх аўтатранспартных сродкаў, яшчэ
больш за сто ідуць у напрамку Еўрапейскага саюза. Лагістыка парушаная,
адбываецца падаражэнне сабекошту перавозак».
Мільённыя страты для Казахстана. Ужо не дні, а тыдні,
праведзеныя дальнабойнікамі на межах. Ужо не гадзіны, а дні для аўтобусаў і
легкавых аўтамабіляў. Што будзе далей — зусім невядома. Снежны ком, унутры
якога — беларускі журналіст, уласны карэспандэнт польскай Gazety Wyborczej Анджэй
Пачобут і ягоны прысуд у восем гадоў пазбаўлення волі.
Анджэй у турме ўжо амаль два гады, яго затрымалі 25 сакавіка
2021 года паводле абвінавачвання ў «распальванні варожасці або варажнечы»,
артыкул 130 КК Беларусі. Тады, у сакавіку, у Заходняй Беларусі прайшла хваля
арыштаў палякаў паводле таго ж артыкула: арыштавалі не толькі Пачобута, але і
старшыню Саюза палякаў Беларусі Анжаліку Борыс, дырэктарку грамадскай польскай
школы ў Ваўкавыску Марыю Цішкоўскую, кіраўніка Лідскага аддзялення Саюза
палякаў Ірэну Бярнацкую і дырэктарку ТАА «Польская школа» Ганну Панішаву.
Усё пачалося з Назарбаева?
У пачатку чэрвеня 2021 года стала вядома, што Бярнацкая, Панішава і Цішкоўская вызваленыя з-пад варты і выехалі ў Польшчу. 14 чэрвеня, на прэс-канферэнцыі сілавікоў, першапачаткова прысвечанай пасадцы рэйса Ryanair Афіны — Вільня ў Менску і арышту Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі, кіраўнік Следчага камітэта Беларусі Дзмітрый Гара сказаў, што перамовы аб вызваленні актывістак Саюза палякаў і іх выездзе ў Польшчу вяліся не на дыпламатычным узроўні, а на ўзроўні спецслужбаў. Прычым ініцыятар усяго перамоўнага працэсу — былы прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, які звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі па асабістай просьбе прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды, пасля чаго пачаліся перамовы спецслужбаў.
Гара прыгразіў, што вынясенне інфармацыі аб іх выездзе ў публічную прастору ставіць пад пытанне перспектывы вызвалення двух астатніх фігурантаў «польскай справы» і выказаў здагадку, што іх лёс ужо мала каго ў Польшчы хвалюе.
Астатнія фігуранты — гэта Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут.
Анжаліка адседзела ў СІЗА год, пасля чаго была пераведзеная пад хатні арышт.
Зразумела, чаму яна не выходзіла на сувязь і не давала інтэрв'ю і каментароў.
Незразумелым застаецца, колькі яшчэ Анжаліцы сядзець пад хатнім арыштам і чаму
наогул яны з Пачобутам засталіся ў турме пасля складаных перамоваў па
ініцыятыве, як аказалася, Назарбаева.
Блукалі сярод журналістаў і праваабаронцаў розныя
канспіралагічныя версіі пра тое, што нібыта трэба было пісаць прашэнне на імя
Лукашэнкі, а Пачобут і Барыс адмовіліся. Але праз месяц пасля выезду ў Польшчу
Ірэна Бярнацкая і Марыя Цішкоўская ў інтэрв'ю выданню «Н*ша ніва» распавялі,
што адзіная падпісаная імі папера — аб змене меры стрымання. 25 траўня ім далі
пастановы аб змене меры стрымання на хатні арышт, і на гэтых пастановах стаяць
іх подпісы: «Азнаёмленыя». А потым іх адразу з турмы ў мікрааўтобусах вывезлі на
мяжу, дзе перадалі польскім памежнікам. Ні Марыя, ні Ірэна, ні Ганна не ведалі,
куды іх вязуць, да самай мяжы.
А Анджэй Пачобут застаўся ў СІЗА. Спачатку — у Мінску, потым у
Жодзіне, потым у Гродне. Да суда ён змяніў тры турмы. Судзілі яго ў выніку па
двух артыкулах: акрамя распальвання варожасці, дадалі яшчэ артыкул 361
(заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы
Рэспублікі Беларусь).
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, асновай абвінавачвання стала
тое, што Анджэй у адным са сваіх артыкулаў назваў агрэсіяй напад СССР на
Польшчу ў 1939 годзе.
Акрамя таго, узгадалі яго тэксты пра акцыі пратэсту ў 2020
годзе і нават стары нарыс, напісаны і апублікаваны ў 2006 годзе ў выданні
Magazyn Polski, пра аднаго з камандзіраў антыкамуністычнага падполля на
Гарадзеншчыне Анатоля Радзівоніка. (Дарэчы, дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА
пасля прысуду Пачобуту напісала наогул вельмі проста: «спрыяў гераізацыі Арміі
Краёвай».) У кастрычніку мінулага года журналіста ўнеслі ў спіс
тэрарыстаў.
Кукурыкі і Баброўнікі
Суд быў, як звычайна ў такіх выпадках, хуткім і закрытым. 8 лютага Анджэю Пачобуту вынеслі прысуд: 8 гадоў пазбаўлення волі. А на наступны дзень міністр унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў, што Польшча закрывае памежны пераход Баброўнікі (з беларускага боку — Бераставіца) з меркаванняў нацыянальнай бяспекі. Эфектны ход — мабыць, самы эфектны з магчымых: без усялякіх рэзалюцый і заклікаў, без выражэння глыбокай заклапочанасці і крайняга абурэння, проста закрыць пагранічны пераход. Гэта, несумненна, прагучала нашмат гучней, чым слоўная і пісьмовая рэакцыя.
І аказалася, што для пасажырскага транспарту ў Беларусі застаўся толькі адзін апошні пераход — Брэст —Цярэспаль. І яшчэ адзін для грузавога транспарту — Казловічы — Кукурыкі (таксама ненадоўга, як высветліцца пазней). Хоць наогул паміж Беларуссю і Польшчай — шэсць пагранпераходаў. Пераходы Пясчатка — Полаўцы і Дамачава — Славатычэ як зачыніліся падчас пандэміі і польскага лакдаўна, так больш і не адкрыліся. Памежны пераход Брузгі — Кузніца быў зачынены польскім бокам восенню 2021 года ў сувязі з міграцыйным крызісам на беларуска-польскай мяжы. Пасля прысуду Анджэю Пачобуту зачыніліся Баброўнікі — гэта, дарэчы, быў адзіны пераход паміж Польшчай і Беларуссю, які можна было праязджаць на ровары. Цяпер, калі кажуць «жорсткая рэакцыя на рэпрэсіі», я адразу ўяўляю сабе закрыццё Баброўнікаў.
Першымі зразумелі, што сітуацыя сур'ёзная, нават не
грузаперавозчыкі, а жыхары прыгранічных раёнаў, пасажыры аўтамабіляў і
аўтобусаў. Пасля пачатку пандэміі закрыліся не толькі памежныя пераходы. Спыніўся
чыгуначны рух, які больш не аднавіўся. А пасля пасадкі самалёта Ryanair
Еўрасаюз увёў чарговыя санкцыі і забараніў беларускім авіякампаніям
выкарыстоўваць паветраную прастору ЕС, так што палёты ў Еўропу таксама
спыніліся.
І адзіным транспартам, які можа даставіць беларуса ў
Польшчу, сталі аўтобусы. Іх ездзіць незлічонае мноства, але з Минска на мяжу з
Польшчай заўсёды вялі два маршруты: адзін прамы да Берасця і адпаведнага
памежнага пераходу і другі — з прыпынкамі ў Слоніме, Зэльве, Ваўкавыску да пераходу
Бераставіца —Баброўнікі. А там побач Беласток, які стаў галоўным шопінг-цэнтрам
для беларусаў, асабліва жыхароў Гарадзенскай вобласці. Цяпер ім даводзіцца
рабіць вялікі крук, каб трапіць у Польшчу праз Берасце. І, вядома, чэргі на
мяжы там адразу выраслі. А традыцыйныя аўтобусы і маршруткі
«Гродна — Беласток» вымушаныя былі рабіць дадатковы крук у 200 кіламетраў, каб
уехаць на тэрыторыю Еўрасаюза праз беларуска-літоўскі пункт пропуску Прывалка — Райгардас. З адваротнага боку ў Райгардас (250 кіламетраў ад
Беластока) паехалі і грузавікі. І вось тут «імперыя нанесла зваротны
ўдар».
Пагранічны пінг-понг
16 лютага Аляксандр Лукашэнка назваў закрыццё пункта пропуску Баброўнікі эканамічнай правакацыяй і сказаў, што адказ на дзеянні Польшчы ўжо падрыхтаваны: «Адкажам мякка спачатку. Не зразумеюць —узмоцнім». 17 лютага ў МЗС Беларусі быў выкліканы часовы павераны Польшчы Кшыштаф Ажана, якому паведамілі, што «ў адказ на антыгуманнае рашэнне ўрада Матэвуша Маравецкага» Беларусь мяняе правілы ўезду польскіх грузаперавозчыкаў на сваю тэрыторыю: з гэтага часу яны могуць карыстацца толькі польска-беларускімі пераходамі, але ўязджаць праз Літву ім забаронена. Акрамя таго, беларускі бок запатрабаваў скараціць штат польскага консульства ў Гродне і выслаў афіцэра сувязі памежнай службы Польшчы.
Улічваючы закрыццё Баброўнікаў, для
польскіх дальнабойшчыкаў заставаўся толькі адзін грузавы пераход:
Кукурыкі — Казловічы.
А для беларускіх у выніку не засталося нічога. 20 лютага МУС
Польшчы апублікавала заяву: у сувязі з абмежаваннямі для польскіх перавозчыкаў,
уведзенымі беларускімі ўладамі і датычнымі магчымасці перасячэння мяжы на
літоўска-беларускіх і латвійска-беларускіх участках, міністр унутраных спраў
Польшчы Марыюш Каміньскі прыняў рашэнне аб абмежаванні руху для беларускіх
грузавых машын на памежным пераходзе Кукурыкі — Казловічы. Мяжа для беларускіх
фур закрываецца ў 19:00 21 лютага, забарона будзе дзейнічаць да адмены
беларускім бокам абмежаванняў для польскіх перавозчыкаў. А пакуль беларускім
дальнабойшчыкам рэкамендуецца ехаць у Літву ці Латвію для перасячэння мяжы і
вяртання ў Беларусь.
Крыху пазней з'явіліся афіцыйныя тлумачэнні: забарона
тычыцца не толькі беларускіх перавозчыкаў. Цяпер праз Кукурыкі выязджаць з
Польшчы ў Беларусь дазволена толькі фурам, зарэгістраваным у Еўрасаюзе і
краінах, якія далучыліся да Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю (Ісландыя,
Нарвегія, Швейцарыя, Ліхтэнштэйн). І атрымалася, што не толькі беларускія, але
і казахстанскія перавозчыкі, якія не маюць да рэпрэсій у Беларусі ніякага
дачынення, былі вымушаныя разварочвацца і з'язджаць у Літву.
Калі праглядзець архіў чэргаў на сайце Памежнай службы
Польшчы, можна ўбачыць, як змяняўся час чакання ў чарзе. Да 19:00 21 лютага,
калі дальнабойнікі ўсяго кантынента незалежна ад рэгістрацыі транспартнага
сродку стаялі ў адной агульнай чарзе, чаканне да пачатку афармлення польскія
памежнікі ацэньвалі ў сярэднім у 63 гадзіны.
Гэта значыць, што тыя, хто стаяў у чарзе, пасля навін аб
будучым закрыцці не мелі шанцу прайсці гэтую мяжу.
Пасля таго як фуры з нееўрапейскай прапіскай развярнуліся і
паехалі ў Літву (ад пункта Кукурыкі — Казловічы да бліжэйшага
літоўска-беларускага пераходу Райгардас — Прывалка 370 кіламетраў і пяць з
паловай гадзін шляху), час чакання скараціўся да 30-38 гадзін. Для еўрапейскіх
дальнабойшчыкаў гэта, несумненна, стала добрай навіной. Для астатніх — чарговай дрэннай у чаканні такіх жа.
Тэрмінал
І яны не прымусілі сябе чакаць. У нядзелю, 26 лютага, Адміністрацыя транспартнай бяспекі Літвы паведаміла, што ўводзіць на мяжы з Польшчай на месцы былога прапускнога пункта Калварыя кантроль грузавога транспарту. Сумесна з памежнай службай, мытняй і дарожнай паліцыяй транспартная адміністрацыя будзе правяраць наяўнасць дазволу на транзітны праезд па тэрыторыі Літвы фур, зарэгістраваных у трэціх краінах. І тых, у каго такога дазволу няма, будуць разгортваць і адпраўляць назад у Польшчу. А з Польшчы, нагадаю, ні адзін грузавік з нееўрапейскай рэгістрацыяй выехаць у Беларусь ужо не зможа.
Паводле дадзеных Нацыянальнай палаты прадпрымальнікаў Казахстана,
23 лютага, у момант закрыцця для велікагрузаў з нееўрапейскай рэгістрацыяй
апошняга пункта пропуску на тэрыторыі Польшчы знаходзілася 150 фур. Вельмі
малаверагодна, што за гэты час яны паспелі б перасекчы мяжу. Так што ў выніку
можа атрымацца фільм Стывена Спілберга «Тэрмінал», толькі праз шмат гадоў і з вялікай колькасцю персанажаў. Нездарма ж у тым выдатным фільме 2004 года
галоўны герой Віктар Наворскі, грамадзянін Кракозіі, паказвае памежнікам
беларускія правы кіроўцы, выдадзеныя ў Гомелі. Там імя ўладальніка лацінкай
напісана як Viktor Navorski, а па-беларуску — Гуліна Гульнара Надыраўна. Хоць і
па-беларуску, а ўсё ж крыху па-казахску.
Вось яны і сустрэліся, грамадзяне розных Кракозій, у
тэрмінале памерам з Польшчу. Спілберг геній — усё прадбачыў. Акрамя хіба што
магчымасці ў нашым стагоддзі дзесьці ў Еўропе (або ў Кракозіі) даваць
журналісту 8 гадоў турмы проста за тое, што ён паляк.