У Польшчу перастала паступаць расійская нафта
Яшчэ ў 2015 годзе расійская нафта складала амаль 100% сыравіны, якая перапрацоўваецца на заводах польскай кампаніі Orlen. Але цяпер расійскай нафты ў Польшчы амаль не засталося.
Польскі нафтаперапрацоўчы канцэрн PKN Orlen паведаміў, што больш не атрымлівае пастаўкі нафты з Расіі, піша «Польскае радыё». Пастаўкі па трубаправодзе «Дружба» ў Польшчу былі спыненыя расійскім бокам, падкрэслілі ў кампаніі.
У той жа час, як паведамілі ў кампаніі, PKN Orlen цалкам
гатовы да такой сітуацыі, і пастаўкі на нафтаперапрацоўчыя заводы могуць быць
ажыццёўлены выключна марскім шляхам. Таму бягучае прыпыненне не паўплывае на
забеспячэнне польскіх кліентаў прадукцыяй кампаніі, уключаючы бензін і
дызельнае паліва.
Як нагадалі ў кампаніі, з пачатку лютага 2023 года, пасля
заканчэння тэрміну дзеяння кантракту з «Раснафтай», пастаўкі расійскай нафты
пакрывалі толькі блізу 10% патрэбаў Orlen у нафце. Гэта былі выключна
трубаправодныя пастаўкі, у дачыненні да якіх не былі ўведзеныя міжнародныя
санкцыі. PKN Orlen падкрэсліў, што ён ужо адмовіўся ад імпарту нафты па моры і
гатовага паліва з Расіі з пачатку вайны ва Украіне, значна раней, чым было
ўведзена эмбарга Еўрасаюза на такія пастаўкі.
У цяперашні час імпартны партфель PKN Orlen заснаваны на
пастаўках нафты з Паўночнага мора, Заходняй Афрыкі, Міжземнаморскага басейна, а
таксама Персідскага і Мексіканскага заліваў. Важным партнёрам кампаніі з'яўляецца Saudi Aramco, з якой PKN Orlen заключыў стратэгічны кантракт на
пастаўку нафты ў 2022 годзе, падкрэслілі ў кампаніі.
У той жа час кампанія нагадала, што яшчэ ў 2015 годзе
расійская нафта складала амаль 100% сыравіны, якая перапрацоўваецца на заводах
Orlen. Значнае скарачэнне выкарыстання гэтай сыравіны на польскіх НПЗ
з'яўляецца вынікам інтэнсіўных намаганняў па дыверсіфікацыі паставак, адзначылі
ў кампаніі.
Адзначым, у PKN Orlen ёсць кантракт на пастаўку нафты з
расійскай кампаніяй «Татнафта», які дзейнічае да канца 2024 года. Польскі
нафтаперапрацоўчы канцэрн заявіў, што прыпыніць імпарт, калі ЕС увядзе
адпаведныя санкцыі, у адваротным выпадку разрыў дзейнага кантракту павышае
рызыку неабходнасці выплаты кампенсацыі.