Парадуемся за суседзяў. Як за 10 гадоў змяніліся заробкі ў Беларусі, Польшчы і Літве

Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, намінальная налічаная сярэдняя зарплата ў Беларусі ў студзені 2023 года склала 1684,9 рубля. Гэта крыху больш за запаветныя «папяццот» на рукі. «Н*ша Ніва» параўнала, як за апошнія 10 гадоў змяніліся заробкі ў Беларусі і суседніх Польшчы і Літве.

_hroszy___zyrouka__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Беларусь

Пасля сплаты падаткаў сярэднестатыстычны беларус за студзень атрымаў на рукі 1449 рублёў, што каля 518 даляраў, або каля 485 еўра.

Дзесяць гадоў таму, у студзені 2013 года, беларусы ў сярэднім атрымлівалі па 435 даляраў на рукі. Такім чынам, у даляравым эквіваленце заробкі беларусаў за апошнія дзесяць гадоў выраслі прыблізна на 19%. Інфляцыя самога даляра за гэты перыяд склала амаль 30%.

Адзначым, што ў ліпені 2014 года сярэднестатыстычны беларус атрымліваў ужо каля 540 даляраў на рукі. Гэты рэкорд 2014 года ўдалося пабіць толькі ў снежні 2022 года, калі беларусы атрымалі ў сярэднім 1647 рублёў на рукі. З улікам значных курсавых ваганняў, гэта было каля 635 даляраў ЗША.

Літва

Сярэдні заробак на рукі ў Літве складае 1153 еўра, ці каля 1225 даляраў ЗША. Дзесяць гадоў таму сярэдні заробак у Літве раўняўся 530 еўра, ці каля 715 даляраў па тагачасным курсе. Такім чынам, за апошнія 10 гадоў сярэднія заробкі ў Літве выраслі болей, чым на 70% у даляравым эквіваленце і амаль на 120% у еўра.

Польшча

Сярэдні заробак на рукі ў Польшчы па выніках студзеня 2023 года склаў 5038 злотых, ці каля 1120 даляраў ЗША, або каля 1055 еўра.

У пачатку 2013 года сярэднестатыстычны паляк атрымліваў чыстымі ў месяц 2730 злотых, што па тагачасным курсе раўнялася 840 далярам, або каля 615 еўра. Такім чынам, за 10 гадоў сярэднія заробкі ў Польшчы выраслі амаль на 35% у даляравым вымярэнні і амаль на 75% у еўра.

Адзначым, што частка беларускага грамадства не давярае лічбам Белстата адносна памераў сярэдняга заробку. Існуюць падазрэнні, што дзяржаўныя стытыстыкі займаюцца прыпіскамі, бо вельмі шмат людзей жыве ў краіне на нашмат меншыя грошы. У банку вакансій таксама працу прапануюць у асноўным за больш сціплыя грошы.

У тым ліку праз гэта ў Беларусі прама цяпер існуе вялікі дэфіцыт лекараў, настаўнікаў, кіроўцаў і прадстаўнікоў іншых прафесій. Пры гэтым рэкордная эміграцыя з Беларусі пасля 2020 года (лік ідзе на сотні тысяч) выкліканая не толькі палітычнымі прычынамі, а і эканамічныя. Беларусы з'язджаюць працаваць за мяжу. І ў асноўным яны абіраюць якраз Польшчу і Літву, насуперак запэўніванням лукашэнкаўскай прапагады, што жыццё там гаротнае, не тое што ў «працвятаюшчай» Беларусі.