Ці гатовы беларусы плаціць за альтэрнатыўную дзяржаву?
Ініцыятывы беларусаў за мяжой становяцца больш моцнымі, накіраванымі на пабудову альтэрнатыўнай краіны ў выгнанні. На мінулым тыдні Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) адкрыла офіс у Вільні, а дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка распавёў пра пашпарты новай Беларусі, якія разглядаюцца ў ЕС. Павел Лібер ужо тэстуе праграму «Лічбавая Беларусь». Але ці можа гэта ўсё працаваць без грошай беларусаў і ці гатовы яны плаціць за ўрад у выгнанні або за новы пашпарт і іншыя сервісы?
«Е*рарадыё» даведалася ў экспертаў, чаму гэта важна і як
павінна працаваць.
«Велічэзны дэфіцыт рэсурсаў прыблізна на ўсё»
Cябра эканамічнай каманды Офіса Святланы Ціханоўскай і
кіраўнік АВВА Яўген Буры кажа, што ABBA зацікаўлена, каб бізнес выконваў не
толькі сваю непасрэдную функцыю — зарабляў грошы, але і дапамагаў беларускай
супольнасці, незалежна ад таго, дзе яна знаходзіцца і чым займаецца.
— Каго падтрымліваць канкрэтна — гэта справа выбару кожнага
персанальна. Мы дакладна ведаем, што беларускія прадпрымальнікі адчуваюць сваю
сацыяльную адказнасць, шмат хто дапамагае, але робіць гэта непублічна.
Падтрымліваюць вязняў і іх сем’і, спансіруюць культурніцкія і адукацыйныя
праекты, дапамагаюць яшчэ шмат каму і чаму. І робяць гэта па сваім уласным жаданні, бо хочуць памнажаць не толькі фінансавы, але і сацыяльны капітал.
2020-ты год паказаў, што сярод прадпрымальнікаў ёсць велічэзны
запыт на пошук сацыяльнай ролі ў грамадстве. Што яны могуць быць не толькі
донарамі, але і актарамі, візіянерамі.
Суразмоўца лічыць, што было б добра, калі б беларусы змаглі
самі фінансаваць дэмакратычны рух, але з гэтым ёсць праблемы.
— Калі глядзець тэарэтычна, палітыкаў як прадстаўнікоў
народа мусіць падтрымліваць і ўтрымліваць сам народ. Тады адразу вырашаюцца ўсе
пытанні наконт справаздачнасці, празрыстасці і дэмакратычнасці.
На практыцы відавочна, што цяпер існуе велічэзны дэфіцыт
рэсурсаў прыблізна на ўсё. Ад падтрымкі людзей унутры Беларусі да школак для
дзяцей тых, хто выехаў. Частку пытанняў закрываюць партнёры і донары, частку
беларусы закрываюць сваімі сіламі. Пакуль існуе такі дэфіцыт, цяжка казаць пра рэальнае пакрыццё ўсіх патрэб сваімі сіламі.
У залежнасці ад таго, як будзе развівацца беларуская
супольнасць за мяжой, магчымасць для фінансавання, можа, і з’явіцца. Можа, нават і
хтосьці з бізнесоўцаў адчуе ў сабе моц стаць палітычным актарам. Чаму не? Ці
з'явяцца якія-небудзь новыя платформы і інструменты. Але гэта пытанні далёкай
перспектывы, дакладна не бліжэйшага часу.
Беларусы гатовыя плаціць, але калі ёсць добрая нагода
На думку прадпрымальніка Аляксандра Кныровіча, палітыка —
гэта сэрвіс, за які абавязкова трэба плаціць.
— Калі беларусам патрэбна палітыка, яны павінны за яе
плаціць. Беларусаў прывучалі стагоддзямі да нездаровай сітуацыі, калі ёсць
дзяржава, якая ніякага дачынення да людзей не мае, яны не прымаюць удзелу ў яе
рашэннях.
Некалі павінен адбыцца пераход ад сітуацыі, калі
патэрналісцкая дзяржава як бы скідае зверху нейкія даброты, а народ павінен казаць «дзякуй» за любую якасць і колькасць гэтых даброт — яны ж нібыта
бясплатныя.
Нармальная сітуацыя, да якой трэба прыйсці — калі людзі
разумеюць, за што і якім чынам яны плацяць.
— Ці гатовы беларусы плаціць? 2020 год паказаў, што калі
беларусы збіраюцца разам, то яны гатовы плаціць як мінімум за каштоўнасці,
якія яны падзяляюць. Калі вы ўспомніце сумы, якія збіраліся на падтрымку з
розных нагод, то ніякай праблемы ў саміх беларусах няма. Іншая справа, што
няма ў беларусаў і адчування, што сённяшнія палітычныя сілы робяць нешта, што
адпавядае іх інтарэсам і з'яўляецца каштоўнасцю, каб заплаціць за гэта грошы.
Каб наблізіцца да пераходу, павінны стварацца і лепей
працаваць ужо існуючыя грамадскія арганізацыі. Абавязкова яны мусяць абапірацца на
патрэбы канкрэтных людзей, працягвае Кныровіч.
— Вось працуе палітык ці грамадская арганізацыя, якая
займаецца вырашэннем канкрэтных праблем, звязаных з візамі, з роўнасцю
беларусаў з прадстаўнікамі іншых нацый у Польшчы і гэтак далей. Крок за крокам
яны збіраюць на гэта грошы ад людзей, якія ў гэтым зацікаўлены. Думаю, што
можа быць толькі такі шлях. А шлях зверху — давайце ўсе ўкладзёмся ў фонд
Святланы Ціханоўскай — на дадзены момант тупіковы, — рэзюмуе Аляксандр
Кныровіч.