Суд па справе групы «Буслы ляцяць» зрабілі закрытым. 4 абвінавачаным пагражае смяротнае пакаранне

Абвінавачаныя, нібыта, знішчылі сістэму відэаназірання, кінулі камень у акно кватэры супрацоўніка пракуратуры, пашкодзілі аўтамабілі суддзі ды прапагандыста.

busly.jpg

6 чэрвеня ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся суд над групай "Буслы ляцяць" (прызнаная ў Беларусі "тэрарыстычнай"). Па справе праходзяць Аляксей Іванісаў, Аляксей Гамеза (яны прызнаныя палітвязнямі), Мікалай Бібліс, Андрэй Будай, Аляксандр Мураўёў і Аляксандр Сідарэнка, паведамляе «Еўр*радыё».

Суддзя Анастасія Папко зрабіла суд закрытым.

Па версіі следства, абвінавачаныя ў сакавіку-чэрвені 2021-га правялі шэраг акцый: знішчылі сістэму відэаназірання, усталяваную ў Фрунзенскім раёне Мінска, кінулі камень у акно кватэры супрацоўніка пракуратуры, пашкодзілі аўтамабілі суддзі Барысаўскага раёна і прапагандыста. Мужчын абвінавачваюць ва "ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак", ва "ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі", у "акце тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага дзеяча", "наўмысным пашкоджанні чужой маёмасці", "распальванні сацыяльнай варожасці" і "закліках да санкцый".

Чатырох з абвінавачаных (Будая, Гамезу, Іванісава і Мураўёва) КДБ уключыў у спіс "тэрарыстаў". Ім пагражае смяротнае пакаранне.

На судзе на 76-гадовую маці палітвязня Іванісава Наталлю выклікалі міліцыю. Відавочцы кажуць, што яе справакавалі "пацярпелыя" (мужчына і жанчына), якія прыйшлі з "групай падтрымкі". У аднаго з "ябацек" на кашулі была літара "Z", зробленая з георгіеўскай стужкі. Адбыўся канфлікт, жанчына нешта ім сказала. У выніку на яе выклікалі міліцыянераў, якія склалі пратакол.