Хронікі рэпрэсій за 1 верасня

Галоўныя навіны краіны ў адным аглядзе.

Ілюстрацыйнае фота: sputnik.by

Ілюстрацыйнае фота: sputnik.by

***

У Жодзіне 29 жніўня пасля затрымання памёр 34-гадовы намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы і сацыяльных пытаннях кавальскага завода цяжкіх штамповак Яўген Іваноў, напісаў тэлеграм-канал «МотолькоПомоги». Гэтую інфармацыю «Медыязоне» пацвердзілі знаёмыя загінулага.

«Гэта сапраўды адбылося пасля затрымання, і ўвесь завод пра гэта гудзе. Усе бачылі, як яго затрымлівалі — як злачынцу, як забойцу заламалі. Чаму яго забралі — мы не ведаем, але забралі проста з працы, восем чалавек амапаўцаў», — расказаў знаёмы.

Паводле слоў знаёмага, «ніхто не бачыў, як яго білі». Суразмоўца мяркуе, што гэта адбылося «ў дарозе» і да Мінска Іваноў не даехаў. Знаёмы загінулага кажа, што ў пасведчанні аб смерці напісана, што «прычына смерці не ўстаноўлена».

Канал «МотолькоПомоги» піша, што, паводле папярэдніх даных, прычынай смерці стаў сардэчны прыступ, а на целе загінулага «бачны шматлікія сінякі і пераломы пальцаў рук».

***

Затрыманы прадзюсар і заснавальнік крэатыўнага агенцтва Кірыл Троска. Пра затрыманне паведамляе «Наша Ніва». Адзначаецца, што мужчыну абвінавачваюць у тым, што ён выходзіў на пратэсты і напісаў некалькі каментароў у тэлеграм-чатах.

Мяркуючы па фармулёўках у тэлеграм-канале сілавікоў, Кірылу можа пагражаць крымінальная справа.

***

Сілавікі паведамілі пра затрыманне чалавека ў Асіповічах, піша «Вясна».

Мясцовы жыхар, які працуе на асіповіцкай міні-ЦЭЦ слесарам, як сцвярджаецца, неаднаразова пакідаў «негатыўныя каментары» пра сілавікоў і прадстаўнікоў улады, а таксама нібыта «зарэгістраваўся ў чат-боце «Плана «Перамога».

Імя і прозвішча затрыманага не раскрываецца.

***

Былога следчага Аляксея Сянькова, які атрымаў два гады за ўдзел у пратэстах і ў красавіку выйшаў на волю, зноў будуць судзіць. Пра гэта паведаміў дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 4 Магілёў». 

— У красавіку гэтага года ён вярнуўся дадому, але нядоўга экс-следчы пабыў з сям'ёй. Хутка пацягнула яго на хуткія заробкі, і, праз усяго тры месяцы з моманту вызвалення, зноў пайшоў на здзелку са сваім сумленнем. Ён паспрабаваў уцягнуць у вырашэнне пытання за хабар сваіх былых калег. Пры гэтым загадзя супрацьпраўныя дзеянні ён здзяйсняў у інтарэсах грамадзяніна Украіны, які адбывае пакаранне, — паведаміла прапагандыстка і дадала, што «ва ўсім гэтым разбярэцца следства», піша «Люстэрка».

Аляксей Сянькоў — падпалкоўнік юстыцыі ў адстаўцы, мае ордэны і медалі, граматы за бездакорную службу. З 2012 года ён працаваў у Следчым камітэце, пасля падзей 2020-га звольніўся па пагадненні бакоў. 5 ліпеня 2021 года Сянькова затрымалі.

Яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 342 — за «ўдзел у акцыях пратэсту» 16 і 23 жніўня 2020 года і арт. 368 — за «рэпост у Тэлеграме».

На судзе Сянькоў прызнаў, што 16 жніўня выходзіў на праезную частку, пляскаў у ладкі і выкрыкваў «Жыве Беларусь».

Суддзя Наталля Бугук асудзіла Сянькова на два гады калоніі.

У кастрычніку 2021 года праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Цяпер яго чакае новы суд.

***

Палітзняволенага анархіста Дзмітрыя Разановіча 35 сутак утрымлівалі ў ШІЗА, пішуць праваабаронцы. Таксама Дзмітрыя пазбавілі спатканняў і перадач і пагражаюць перавесці на турэмны рэжым, паведамляе тг-канал «Права на паўстанне».

Разановіч быў затрыманы напрыканцы кастрычніка 2020 года. 22 снежня Мінскі абласны суд прызначыў Аліневічу і Раманаву па 20 гадоў калоніі; Разановічу — 19 гадоў калоніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калоніі. Суд з першага пасяджэння адбываўся ў закрытым рэжыме.

***

Кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі пяцярых адвакатаў, сказана на сайце ведамства.

Камісія адбылася 31 жніўня. Па яе выніках ліцэнзій пазбавілі Яўгена Ляўковіча і Алену Халупка «за здзяйсненне правін, несумяшчальных са званнем адваката».

Сяргея Мядзведзева, Ларысу Суслікаву і Міхаіла Тарасюка ліцэнзій пазбавілі «з прычыны недастатковай кваліфікацыі», паведамляе «Медыязона».

У чэрвені Мінюст пазбавіў ліцэнзіі адваката, які абараняў журналіста Анджэя Пачобута.

***

31 жніўня КДБ прызнаў праект «Рыцарскія гісторыі» «экстрэмісцкім фарміраваннем», вынікае з абноўленага пераліку.

У спісе пералічаны тэлеграм-канал, ютуб-канал, асабістыя старонкі ў сацыяльных сетках і месенджарах Андрэя Кушнярова.

Таксама ў яго дададзена старонка аўтара на праекце «Author.Today» і Patreon Кушнярова.

***

У «спіс экстрэмістаў» дадалі прозвішчы яшчэ 72 чалавек. Цяпер у сумна вядомым спісе МУС 3250 чалавек.

Сярод іншых дадаліся Анастасія Петрачэнка і Кірыл Клімаў, рэпетытар і настаўнік Яўген Лівянт, а таксама яго жонка Юлія, старэйшая дачка Ганна, зяць Мікіта Драздоў.

Нагадаем, у траўні Яўгена Лівянта, а таксама яго дачку Ганну і зяця Мікіту Драздова суд прысудзіў да трох гадоў «хатняй хіміі». Жонка педагога Юлія атрымала 2,5 гады «абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу».

***

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 10 чалавек. Гэта Аляксей Аўдзееў, Дзяніс Хахлоў, Надзея Старавойтава, Вольга Новікава, Міхаіл Тумчонак, Кірыл Камароў, Вячаслаў Янюк, Андрэй Шашко, Аляксандр Пімашэнка, Соф'я Багавец.

***

Паводле звестак ініцыятывы прадстаўніцы АПК па сацыяльных пытаннях Вольгі Гарбуновай@klopat_by, ужо амаль паўгода няма аніякай інфармацыі пра самых вядомых палітзняволеных: Марыю Калеснікаву — 199 дзён, Максіма Знака — 204 дні, Мікалая Статкевіча — 205 дзён, Ігара Лосіка — 194 дні, Сяргея Ціханоўскага — 176 дзён, Віктара Бабарыку — 127 дзён.

***

На сённяшні дзень у спісах «Вясны» налічваецца 1506 прозвішчаў палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1746 чалавек. Сярод іх — 195 жанчын і 8 непаўнагадовых. 18 чалавек адпраўлены на прымусовае лячэнне.