У Жодзіне памёр 34-гадовы намеснік дырэктара па ідэалогіі, напярэдадні яго затрымалі сілавікі
Намеснік дырэктара па ідэалогіі жодзінскага завода цяжкіх штамповак Яўген Іваноў памёр пасля затрымання, якое адбылося ўвечары 30 жніўня. На наступны дзень раніцай паведамілі пра яго смерць, адзначае «Люстэрка».
Яўгена Іванова затрымалі ўвечары 30 жніўня, пасля працы, паведамляе Антон Матолька.
Намесніка дырэктара затрымалі на прахадной завода пасля працоўнай змены, павалілі на зямлю, запіхнулі ў машыну і павезлі.
На наступны дзень, раніцай 31 жніўня, з’явіліся спачуванні ад калектыву завода ў сувязі са смерцю Яўгена Іванова. Ён быў пахаваны практычна адразу пасля смерці
«З глыбокім жалем паведамляем вам пра трагічную страту. Учора наш калега і сябар, намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы і сацыяльных пытаннях Іваноў Яўген Анатольевіч пакінуў нас назаўжды», — гаворыцца ў некралогу.
Афіцыйны тэлеграм-канал КЗЦШ адзначыў, што Яўген Іваноў быў «не толькі прафесіяналам, але і выдатным чалавекам».
Што менавіта адбылося ад моманту яго затрымання і да смерці — пакуль невядома. Яўгену было 34 гады.
«На целе былі сляды збіцця»
Пазней Антон Матолька напісаў, што, паводле ўдакладненых звестак, Яўгена Іванова затрымлівалі 7-8 сілавікоў. Пры затрыманні яго збівалі.
Сілавікі нібыта кінулі мужчыну ў чорны бус і павезлі ў кірунку Мінска.
Выданне «Еўрарадыё» адзначае, што прычынай затрымання Яўгена Іванова мог быць хабар.
Паводле папярэдняй інфармацыі, у машыне ў Яўгена Іванова здарыўся сардэчны прыступ.
Некалькі крыніц пацвердзілі журналістам, што Яўгена пахавалі літаральна на наступны дзень — а гэта надзвычай хутка.
Акрамя таго, кажуць, што на яго целе былі бачныя шматлікія сінякі і пераломы пальцаў рук.
Аднак афіцыйнай інфармацыі пра тое, што здарылася з маладым намеснікам дырэктара, пакуль няма.