Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 31 кастрычніка

+19 палітвязняў і «зачыстка» на «хіміі» — навіны дня ў адным аглядзе. 

Ілюстрацыйнае фота: wikipedia.org

Ілюстрацыйнае фота: wikipedia.org


Не выйшла на волю праваабаронца Наста Лойка. Ёй прысудзілі чарговыя 15 сутак арышту за «дробнае хуліганства». Праўладныя ТГ-каналы, у якіх з'явілася «пакаяльнае відэа» з праваабаронцай, абвінавацілі Лойка ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».
На былога кіраўніка пула Лукашэнкі на АНТ Дзмітрыя Семчанку заведзеная крымінальная справа — за «распальванне сацыяльнай варожасці». Журналіста абвінавачваюць у тым, што ён нібыта размяшчаў у ТГ-каналах і чатах публікацыі, «скіраваныя на фармаванне ў грамадскасці непрыязнасці і нянавісці да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, ваеннаслужачых і прадстаўнікоў улады».
Брэсцкі абласны суд вынес чарговы прысуд па «справе Зельцэра». Суддзя Святлана Крамянеўскаяпрысудзіла 3 гады калоніі Аляксею Іванову за «абразу прадстаўніка ўлады» і «распальванне сацыяльнай варожасці». Таксама вязень павінен выплаціць штраф у памеры 3200 рублёў. Па гэтай жа справе 2 гады калоніі атрымаў удзельнік праўладнага велапрабега Дзмітрый Малашэнка. За «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь» ён павінен яшчэ выплаціць 100 базавых велічынь штрафу.
Праваабаронцы паведамляюць, што сілавікі праводзяць «зачыстку» сярод асуджаных на «хімію». Пасля праверкі тэлефонаў у невядомым кірунку звезлі Юрыя Віннічука, Яўгена Пака, Дзмітрыя Максімчыка, Уладзіміра Хамякова, Алега Пасюка, Віталя Маркушэўскага, Дэвіда Шыракова, Дзмітрыя Гурзеева, Арцёма Ляшнеўскага, Аляксандра Сячко. Праўладныя ТГ-каналы паведамляюць, што двое з іх нібыта былі зарэгістраваныя ў «Плане "Перамога"».
За грашовыя пераводы заведзеная крымінальная справа на 36-гадовага мінчука. Пракуратура Мінска паведамляе, што мужчына зрабіў 8 пераводаў на 1150 долараў агулам у «фарміраванні, прызнаныя экстрэмісцкімі».
Шасцёра мінчукоў арыштаваныя за вывешванне ўкраінскага і нацыянальнага беларускага сцягоў на лініі электраперадач у Мінску. На іх завялі крымінальную справу за «злоснае хуліганства».
Праваабаронцы прызналі палітзняволенымі яшчэ 19 чалавек: Дар'ю Лычкоўскую, Аніту Бакуновіч, Ігара Хмару, Дзмітрыя Паўловіча, Канстанціна Шышко, Аляксандра Лычаўку, Сняжану Інанец, Сяргея Старавойтава, Антона Грыня, Міхаіла Макарава, Віктара Бойку, Дзіяну Чарнушыну, Яраслава Спірыдонава, Віталя Кірногу, Сяргея Алейніка, Дзяніса Самкова, Васіля Камкара, Валерыю Чарнаморцаву, Алу Паўлюць.
Цяпер у спісах «Вясны» 1353 чалавекі. Ініцыятыва Dissidentby налічвае 1680 палітычных зняволеных, сярод іх 199 жанчын і 7 непаўнагадовых.