Гродзенца аштрафавалі на 50 базавых за рэпост кліпа Rammstein
Гродзенец Андрэй Галавенка распавёў Hrodna.life, што яшчэ ў пачатку траўня крымінальную справу закрылі, а замест яе пачалі адміністрацыйную. У выніку за рэпост кліпа Rammstein ён атрымаў штраф – 1275 рублёў (50 базавых велічыняў).
Кліп Pussy нямецкага гурта Rammstein Андрэй размясціў на сваёй старонцы ў верасні 2014 года. Праз 4,5 гады, 21 мая 2019-га, аддзел культуралагічных экспертыз Дзяржкамітэта судовых экспертыз прызнаў кліп забароненым да распаўсюджвання з-за ўтрымання парнаграфічных сцэн.
На падставе экспертызы Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па ч.2 ст.343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфіі). За гэта пагражае ад 2 да 4 гадоў пазбаўлення волі.
«З-за тэрміну даўніны справу перавялі ў адміністрацыйную. Таксама мой працадаўца даў станоўчую характарыстыку з месца працы, – распавядае Андрэй. – У выніку 10 траўня мне агучылі прысуд: абышлося штрафам у памеры 50 базавых. Прыйшлося яшчэ заплаціць за выдаткі суда і за праведзеную экспертызу. Добра, што ўсё так скончылася».
Усе сабраныя грошы пайшлі на адваката і штраф
Калі інфармацыя пра крымінальную справу стала публічнай, Андрэя падтрымалі многія беларусы. Хлопец прасіў дапамагчы сабраць грошы на адваката.
«Вялікі дзякуй усім тым, хто мне дапамог. Я не думаў, што людзі адгукнуцца і падтрымаюць мяне ў цяжкую хвіліну. Гэта вельмі прыемна, што ў нас ёсць такія людзі. Нават прадстаўнікі групы Rammstein выходзілі на мяне і гатовыя былі дапамагчы, але на той момант дапамога ўжо не была патрэбная. Усе сабраныя сродкі пайшлі на адваката і на пагашэнне штрафу. Раю ўсім на будучыню глядзець, што дадаваць у сацыяльныя сеткі. За ўсімі намі сочаць», – сказаў Андрэй.
Руслан Кулевіч, hrodna.life