Сяргей Пятрухін: Паспелі сабраць толькі 1200 рублёў

Брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін распавёў сайту palitviazni.info пра тое, якім чынам ён збіраецца аплочваць штраф пасля таго, як быў заблакаваны збор сродкаў.

siarhei_1_1.jpg


Нагадаем, што 18 красавіка суд Ленінскага раёна г.Брэста вынес прысуд па крымінальнай справе супраць блогера Сяргея Пятрухіна. Яго прызналі вінаватым па ч.2 арт.188 (“Паклёп”) і ч.2 арт.189 (“Абраза”) Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Блогера пакаралі штрафам у памеры 360 базавых велічынь (9180 рублёў, ці 4381 долар). Пятрухіна абавязалі таксама выплаціць маральную шкоду пацярпелым супрацоўнікам Ленінскага РУУС г.Брэста 8500 рублёў, ці 4250 долараў. Усяго Пятрухін абавязаны выплаціць каля 9 тысяч долараў.
Як паведаміла“Брэсцкая газета”, на платформе MolaMola заблакавалі збор сродкаў на пагашэнне вялізнага штрафу, які суд Ленінскага раёна абавязаў выплаціць блогера Сяргея Пятрухіна. Маўляў, выяўлена яе неадпаведнасць бягучаму заканадаўству Беларусі ў частцы збору сродкаў на штрафы, бо «такая дзейнасць можа быць расцэненая як спроба ўхілення вінаватай асобай ад прызначанага пакарання».
“5 мая збор сродкаў быў заблакаваны, а за той час, што ён працягваўся, людзі сабралі мне на пагашэнне штрафа каля 1200 рублёў, – кажа Сяргей Пятрухін. – Шчыра кажучы, гэта нават не было маёй ініцыятывай, знаёмы арганізаваў такую акцыю на вышэйзгаданай платформе. А вось нагода, па якой заблакавалі збор крыху здзіўляе, бо гэта быццам бы адзін чалавек паскардзіўся ў міліцыю, што я займаюся незаконным зборам грошай і такім чынам хачу ўхіліцца ад пакарання”.
Са слоў Сяргея Пятрухіна, ён пакуль не ведае, якім чынам будзе шукаць грошы на аплату штрафу, і ў сапраўдны момант займаецца абскарджваннем рашэння раённага суда.
“Мы падалі апеляцыю ў Брэсцкі абласны суд, хаця дата яе разгляду пакуль не прызначана, – адзначае ён. – Таму час яшчэ ёсць, і грошы зараз з мяне пакуль не патрабуюць”.