Гомельская «Левіяфанія»: У актывіста адбіраюць дом у цэнтры горада
Фірма ААТ «ЦентрЛизинг», якая ўжо праходзіла паводле справы аб махінацыях, прадаўжае «адціскаць» дамы ў жыхароў Гомеля. Судовая ўлада стала на бок скандальнага забудоўшчыка.

Справа тычыцца, у тым ліку вядомага гомельскага дома ў гістарычным цэнтры горада, на вуліцы Кніжная, 10. Аб падрабязнасцях гаспадар дома, гомельскі актывіст Кастусь Жукоўскі, распавёў у
інтэрв'ю сайту charter97.org.
- Раскажыце, як даўно пачаўся гэты працэс і што адбываецца ў гэты час?
- Справа пачалася яшчэ 6 гадоў таму, калі нашы дамы на вуліцы Кніжнай патрапілі пад знос. Наўзамен забудоўшчык прапанаваў кватэры, якія потым фігуравалі ў «справе Піліпца» аб
махінацыях з нерухомасцю. Пазней той жа забудоўшчык, ААТ «ЦентрЛизинг», падаў гарантыйны ліст на кватэры ў доме, які будуецца побач. Але гэтыя кватэры даўно прадалі, і мы іх так і
не ўбачылі. Летась гэтая ж фірма прапанавала мне выбраць варыянт кватэры, пераезд у якую яна павінна была забяспечыць, у адпаведнасці з указам №58, але, хоць я і спыніўся на пэўным варыянце, справа
заглухла, і забудоўшчык нічога мне не даў. Я падаваў у суды розных інстанцый на ААТ «ЦентрЛизинг», але ўсюды прайграў. А месяц таму мне і яшчэ васьмі жыхарам дамоў на вуліцы Кніжнай
прыйшлі позвы ў суд Цэнтральнага раёна горада Гомеля.
Пазоў падало ААТ «ЦентрЛизинг», абвінавачваючы нас у тым, што мы ўжо больш за год не вядзем перамоваў з забудоўшчыкам, прынамсі, не падпісалі пратакол рознагалоссяў. У
адпаведнасці з указам №58, гэты пратакол падпісваюць тры бакі: уласнік жылля, забудоўшчык і прадстаўнік гарвыканкама. Ніякіх прадстаўнікоў гарадскіх уладаў, ні іх подпісаў я не бачыў у гэтай справе,
а забудоўшчыкі прыходзілі да мяне паводле гэтага пытання адзін раз, у суботу, калі мяне не было дома. Хоць, паводле закона, я павінен быў атрымаць ад іх пісьмовае паведамленне для складання пратаколу
рознагалоссяў. На першым судовым пасяджэнні я ўказаў на гэтыя парушэнні заканадаўства, і на другое, якое адбылося сёння, суддзя Осіпава Алеся Уладзіміраўна выклікала толькі мяне. Ніхто з суседзяў
позвы не атрымаў. Мабыць, наважылі «дадушыць» спачатку мяне, як самога свавольнага.
- Што прапануе фірма-забудоўшчык наўзамен вашага дома?
- Тое, што яны прапануюць, ніжэй за рынкавы кошт майго дома прыблізна на 30 тысяч даляраў. Мае квадратныя метры яны лічаць коштам на 200 даляраў ніжэйшым, чым кошт квадратнага метра ў іх
забудовах. Прычым дом у мяне «свежы», з аздабленнем 2010 года, а яны прапануюць кватэры без аздаблення наогул.
- Вы мяркуеце, дзеянні суда звязаныя з вашай актыўнай грамадзянскай пазіцыяй?
- Вядома. Я неаднаразова паказваў пракуратуры на відавочныя парушэнні з боку ААТ «ЦентрЛизинг» дзейнага заканадаўства, і перш за ўсё ўказу №58. Але ні пракуратура, ні суды
розных інстанцый нічога гэтага не «ўбачылі». Не рэагуюць таксама на мае заўвагі з нагоды парушэння гэтым забудоўшчыкам правілаў супрацьпажарнай бяспекі (іх будаўніцтва
зарэгістраванае на адлегласць бліжэйшую за 15 метраў да майго гаражу, а гэта грубае парушэнне). А ў свой час, адразу пасля выбараў 2010 года, мяне ў аналагічным выпадку прымусілі за свой кошт
узводзіць супрацьпажарную сцяну. Хоць шмат гадоў перад выбарамі нічога такога не патрабавалі.
Нагадваем, што Кастусь Жукоўскі неаднаразова падвяргаўся рэпрэсіям з боку ўладаў за сваю грамадскую дзейнасць. Апошнім разам ён адбываў 10-дзённы адміністрацыйны арышт у лютым гэтага года, пасля
чаго атрымліваў пагрозы на свой адрас ад супрацоўнікаў міліцыі.