Генадзь Коршунаў: У Беларусі барацьба з экстрэмізмам — гэта не пра пакаранне, а пра запужванне

Вядомы сацыёлаг Генадзь Коршунаў, абапіраючыся на мінулагоднія звесткі, аналізуе асаблівасці функцыянавання такога складніку дзяржаўных рэпрэсій, як спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

marsz_adzinstva_6__9__log__logo.jpg.webp

Толькі што завяршыўся фарс са смажанкамі, самадзейнасцю на пустых участках і датэрміновым галасаваннем, яўка на якім у два разы перавысіла паказнік асноўнага дня «недавыбараў». Пасля гэтай спецыяльнай сацыяльна-палітычнай аперацыі краіна цяпер вяртаецца …

Пасля спецыяльнай сацыяльна-палітычнай аперацыі краіна вяртаецца на стацыянарную арбіту з усімі спадарожнымі атрыбутамі. Так, напрыклад, дзяўчыну затрымалі за відэа з выбарчага ўчастка,  вулічнага музыку — за тое, што насуперак усяму граў «Разбуры турмы муры»… Першай «шыюць» перасылку відэа экстрэмісцкаму рэсурсу, другому — распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Краіна экстрэмістаў — яна такая, экстрэмізм за кожным кустом. Пасля 2020 года і асабліва пасля 2021-га гэтым ужо нікога не здзівіш, бо ў Беларусі амаль усе маюць датычнасць да экстрэмізму, нават калі яны самі пра гэта і не здагадваюцца.

Такое магчыма праз тое, што экстрэмізм стаў новай нормай беларускага жыцця. Дакладней — абвінавачанні ў ім, бо атрымаць прысуд за тую ці іншую датычнасць да экстрэмізму сёння можна ў два мігі. Рэжым у Беларусі настолькі вольна выкарыстоўвае антыэкстрэмісцкае і контртэрарыстычнае заканадаўства, што патрапіць пад пераслед пад канкрэтны артыкул можа фактычна кожны.

Возьмем, напрыклад, самы непрадказальны варыянт — «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», за які ў Беларусі прадугледжаная пакуль толькі адміністратыўная адказнасць (штраф ці арышт на содні). Варыянт непрадказальны, бо пасля 2020 года колькасць экстрэмісцкіх матэрыялаў у Беларусі расце амаль па экспаненце. Сам спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папаўняецца некалькі разоў на месяц, і, зразумела, ніхто рэгулярна не адсочвае яго актуалізацыю, каб адпісацца ад адпаведных рэсурсаў.

Дый наўпрост адпіска ад «экстрэмісцкіх матэрыялаў» не звальняе ад пагрозы пераследу. Адказнасць за распаўсюд інфармацыі з крыніц, унесеных у спіс экстрэмісцкіх, мае зваротную сілу без абмежаванняў паводле тэрміну даўнасці. Гэта значыць, што ў 2024 годзе чалавек можа стаць, да прыкладу, экстрэмістам праз лайк, пастаўлены ў 2020 годзе, ці праз перапост, зроблены, скажам, у 2009 годзе.

Глядзіце таксама

Пазбавіцца ўсіх сувязяў (падпісак, лайкаў, перапостаў і г.д.) з тым, што беларускія суды прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі, наўрад ці магчыма. На другую палову лютага 2024 года ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў былі ўжо 920 рэсурсаў. Абсалютная большасць з іх — 847 — з’явіліся пасля 2020 года. Гэта вынік больш за 2100 судовых пасяджэнняў ад пачатку 2021-га да лютага 2024-га, цягам якіх экстрэмісцкімі было прызнана амаль 4000 тэлеграм-каналаў і чатаў, старонак у сацыяльных сетках, музычных кампазіцый і сайтаў у інтэрнэце.

Дарэчы, першы ўсплёск «барацьбы з экстрэмізмам» адбыўся не пасля 2020 года ў Беларусі, а пасля падзей 2014 года ва Украіне. Канешне, маштабы непараўнальныя, але відавочна, што пакрысе механіка адпрацоўвалася яшчэ тады.

Такім чынам, цяпер у спісе больш за 4700 крыніц. І што з гэтым рабіць, калі чалавек жыве ў Беларусі ці час ад часу перакрочвае беларускую мяжу?

Адказ непасрэдна на гэтае пытанне лепш пакінуць спецыялістам, тым больш што варыянты ёсць — ад «Партызанскага тэлеграма» да перыядычных чыстак тэлефона. Аднак увагі патрабуе наступнае:

  • па-першае, падаецца малаверагодным, што рознага кшталту правяральнікі трымаюць у галаве амаль 5 тысяч пазіцый экстрэмісцкага спісу. Яны, хутчэй, могуць рэагаваць на ключавыя словы тыпу: «…для жыцця», «…за перамены», «97%», «Лука», «прафсаюз», «пратэст» і нават проста «Беларусь». Прынамсі да такіх высноваў можна прыйсці, аналізуючы тое, што суды адносяць да экстрэмісцкіх матэрыялаў;
  • па-другое, нават самі судовыя службоўцы не вельмі ўважліва адсочваюць тое, што трапляе ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, напрыклад, ад калег з іншых абласцей. У выніку адная і тая ж крыніца, Тэлеграм-чат ці Інстаграм-старонка могуць некалькі разоў трапляць у «экстрэмісты». Цікава, што калі да 2018-2019 гадоў працы па ўпарадкаванні спіса праводзіліся (гэта бачна ў пераносах інфармацыі аб розных судовых пасяджэннях у адну ячэйку побач з адпаведным «экстрэмісцкім матэрыялам»), то цяпер суды проста «гоняць вал», не зважаючы ні на што, у тым ліку і на парадак;
  • – па-трэцяе, вось гэтая ўстаноўка «гнаць вал» стварае сітуацыю, калі важна не тое, што ўключана ў спіс, а колькі. Трэба ўразіць памерамі і маштабамі, то-бок прымусіць людзей думаць, што патэнцыйна экстрэмісцкае — усё; што лепей адпісацца ад усяго старога і не падпісвацца на нішто новае. А раптам яно ўжо экстрэмісцкае? Ці хутка стане такім?

У выніку можна казаць, што ў Беларусі барацьба з экстрэмізмам — прынамсі ў варыянце спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў — гэта, хутчэй, не пра пакаранне, а пра запужванне.

Таму будзьма беларусамі: пільнымі і асцярожнымі, жывымі і на свабодзе!

Глядзіце таксама