У ЕГУ чарговы крызіс. Гэтым разам — праз прапагандыстаў Лукашэнкі
У студзені адзін з лукашэнкаўскіх прапагандыстаў заявіў, што Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які месціцца ў Вільні, у Беларусі хутка прызнаюць «экстрэмісцкай арганізацыяй». Не паспеў ЕГУ перажыць скандал з харасмэнтам, як ужо пачынаецца новы. Здавалася б, пры чым тут Офіс Ціханоўскай?
Рэжым Лукашэнкі прыгразіў Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту, які працуе ў Вільні, што абвесціць яго «экстрэмісцкай арганізацыяй». Гэта значыць, што на радзіме студэнтаў і выкладчыкаў гэтай ВНУ чакае рэальнае турэмнае зняволенне. У разгар крызісу з пасады сышоў рэктар ЕГУ Кшыштаф Рыбіньскі — у мінулы чацвер ён працаваў апошні дзень.
Пасля такіх пагроз некаторыя студэнты сышлі з ЕГУ, пакінулі ВНУ і некаторыя выкладчыкі. Мала таго, прадстаўнікі ЕГУ асцерагаюцца, што ў ВНУ могуць працаваць або вучыцца саўдзельнікі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі (некаторыя выкладчыкі бесперашкодна часта ездзяць у Беларусь).
«Я б не здзівіўся, калі б што-небудзь знайшлі», – сказаў «Delfi» старшыня праўлення ЕГУ Андрус Кубілюс. У лютым абшчына ЕГУ атрымала ліст Рыбіньскага, у якім ён інфармаваў аб сыходзе з пасады. Ён сцвярджаў, што рашэнне прынята па стане здароўя, як сваім, так і члена сям'і.
«Delfi» высветліў, што апошнім часам ЕГУ перажываў не найлепшыя часы. Асабліва шмат хаосу выклікалі пагрозы, якія прагучалі ў студзені ў эфіры беларускага тэлебачання АНТ: ЕГУ пагражалі абвясціць «экстрэмісцкай арганізацыяй». Гэта выклікала непакой і выкладчыкаў, і студэнтаў, бо тады ў Беларусі ім будзе пагражаць турма, яны асцерагаліся і за пакінутых у Беларусі сваякоў.
У эфіры тэлеперадачы было сказана, што ЕГУ нібыта пазбавіўся фінансавання, таму «вырашыў звязацца з дзеючым у Вільні офісам Святланы Ціханоўскай, каб атрымаць у яго грошай». Офіс Ціханоўскай ужо прызнаны «экстрэмісцкай арганізацыяй». Паведамлялася, што частка выкладчыкаў і студэнтаў выступілі супраць такога рашэння.
«Як на мяне, прызнанне асобна ЕГУ ў Беларусі "экстрэмісцкай арганізацыяй" – гэта пытанне часу. Бо ЕГУ даўно перастаў быць ВНУ, а стаў проста дэструктыўным НКА. Вы, дарагія, усё роўна акажацеся ў кропцы, калі з'явіцца закон. А падабаецца ён вам ці не, не мае сэнсу. Вы яго альбо парушыце і панесяце пакаранне, альбо паспееце забраць дакументы і ад гэтага ЕГУ адхрысціцца. І часу ў вас, паводле адчуванняў, засталося вельмі вельмі мала», — сказаў прапагандыст Ігар Тур.
Кубілюс пацвердзіў, што абшчына спалохалася гэтых пагроз. «Статыстыка мне невядомая, але некалькі чалавек вырашылі, што для іх гэта занадта вялікая рызыка, і пакінулі ВНУ, але гэтых людзей няшмат», – сказаў ён
Паводле слоў Кубілюса, пагрозы ВНУ ацэньвае сур'ёзна, бо за ўдзел у дзейнасці «экстрэмісцкай арганізацыі» ў Беларусі пагражае 8 гадоў турмы.
«Паводзіны абсурдныя, але зразумела, што ў студэнтаў і выкладчыкаў гэта выклікала немалую занепакоенасць», – не хаваў ён. Паводле звестак «Delfi», пасля гэтых пагроз Кубілюс і старшыня агульнага сходу саўладальнікаў Уільям Хортан пісьмова запэўнілі выкладчыкаў і студэнтаў, што такія пагрозы нічым не абгрунтаваныя.
«Такія пагрозы ні з якой дзейнасцю ЕГУ не звязаныя. Яны сведчаць пра новую палітыку Беларусі ў дачыненні да Літвы і ЕС, асноўных спонсараў ЕГУ. Нягледзячы на тое, што ўніверсітэт дзеянні беларускіх уладаў не кантралюе, ён зробіць усё, каб абараніць студэнтаў, і зробіць усё, каб яны маглі працягваць вучобу, нягледзячы на спробы перашкодзіць нашай працы», – было сказана ў лісце. Рыбіньскі ў інтэрв'ю парталу «Наша Ніва» адмаўляў фінансавыя праблемы ВНУ і зварот у Офіс Ціханоўскай.
Добра знаёмы са становішчам ЕГУ чалавек, які не пажадаў выдаваць сваё прозвішча агалосцы, запэўніў «Delfi», што ўніверсітэт ніколі не планаваў звяртацца па грошы да Офіса Ціханоўскай, усё гэта толькі хлусня беларускіх уладаў. Гэтую інфармацыю пацвердзіў і прэс-сакратар ЕГУ Вілюс Алесюс, які адзначыў, што фінансаванне ЕГУ атрымлівае з фонду «Patikos», а ён з Офісам Ціханоўскай не звязаны.
Кубілюс запэўніў «Delfi», што паміж ВНУ і Офісам Ціханоўскай не існуе нейкага асаблівага супрацоўніцтва. Ён заўважыў, што Лукашэнка ў любы момант можа прызнаць ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй», і яму для гэтага не патрабуюцца нейкія асаблівыя падставы.
Алесюс запэўніў «Delfi», што Рыбіньскі пакінуў пасаду праз праблемы са здароўем у блізкага чальца сям'і, яго адстаўка з пагрозамі Беларусі не звязаная. «Універсітэт актыўна рыхтуе план па абароне членаў абшчыны ЕГУ ад магчымых пагроз. На жаль, з меркаванняў бяспекі больш нічога каментаваць мы не можам», – сказана ў каментары ВНУ.
«Delfi» высветліў, што ў сябраў абшчыны ЕГУ асцярогі выклікаюць не толькі пагрозы беларускай прапаганды. Добра знаёмы з сітуацыяй чалавек сказаў журналісту партала, што на адной з сустрэч суполкі ЕГУ некаторыя выкладчыкі з Беларусі выказаліся за спыненне любых зносінаў з Офісам Ціханоўскай, каб не ставіць універсітэт пад пагрозу.
Аднак кіраўніцтва ЕГУ адзначыла, што не можа падпарадкоўвацца патрабаванням беларускіх уладаў. Паводле звестак Delfi, пасля гэтай сустрэчы ўзніклі падазрэнні ў дачыненні да некаторых выкладчыкаў, высветлілася, што яны вельмі часта ездзяць у Беларусь.
«Гэта небяспечная краіна, туды проста так не ездзяць, нават студэнтаў арыштоўваюць. Паўстала пытанне, як гэта, для адных — небяспечна і яны туды імкнуцца не ехаць, а іншыя ездзяць туды даволі часта», – заўважыў суразмоўца партала. Паводле звестак «Delfi», атмасфера недаверу ўзмацнілася пасля таго, як хтосьці агучыў інфармацыю з сустрэчы з Ціханоўскай у цесным коле.
Сталі высвятляць, ці няма ў ЕГУ людзей, якія працуюць на рэжым Лукашэнкі, ці няма іх сярод выкладчыкаў, якім даступныя спісы студэнтаў ВНУ. Калі гэта так, то праз разгалошванне такіх спісаў небяспека можа пагражаць блізкім студэнтаў.
Кубілюс сказаў, што на гэтае пытанне адказаць немагчыма. Пакуль у нас даных няма. «Але добра, што Дэпартамент дзяржбяспекі разумее, што рэжым можа ўяўляць для Літвы рознага кшталту пагрозы, таму прыняў меры для праверкі людзей, якія знаходзяцца ў Літве, — заўважыў ён. — Нават калі б я нешта ведаў, не мог бы каментаваць. Але я б не здзівіўся, калі б каго-небудзь знайшлі», – адказаў ён.
На яго думку, адна з прычын, па якіх Лукашэнка вырашыў пагражаць ЕГУ — занадта шмат моладзі імкнецца пакінуць Беларусь.