«Гарэлку і піва размятаюць са свістам». Рэпартаж з Барысава, дзе стаяць расейскія войскі
Калі расійскія танкісты насамрэч пакінуць Беларусь? З якімі абмежаваннямі падчас вучэнняў сутыкаюцца жыхары дамоў ля Барысаўскага палігону?
Як афіцэры бавяць вольны час і чаму на
здымачную групу дзяржаўнага тэлеканала выклікалі контрвыведку? Belsat.eu працягвае
серыю спецыяльных рэпартажаў, прысвечаных «Захаду–2017».
17 верасня стартаваў другі этап беларуска-расійскіх стратэгічных манеўраў «Захад–2017». На палігоне «Барысаўскі» пачалася актыўная фаза вучэнняў. Паводле зводак Мінабароны, тут беларускія вайскоўцы сумесна з расійскімі з 1-й танкавай арміі адпрацавалі вядзенне артылерыйскай выведкі, адбіццё ўдараў праціўніка з паветра, а таксама правялі агульныя мерапрыемствы па захаванні баяздольнасці.
Расійскія жаўнеры — без апазнавальных знакаў
Як сведчаць мясцовыя, выгрузка тэхнікі з рампы на чыгуначнай станцыі пачалася яшчэ ў жніўні. Цяпер жа на вуліцах Барысава часцяком бачаць то вайсковую аўтаінспекцыю з Маскоўскай вобласці, то машыны патрулю, то расійскіх жаўнераў паасобку.
«Ходзяць па горадзе яны чамусьці з залепленымі шаўронамі, без адмысловых апазнавальных знакаў, таму часам не ведаеш — расіянін пайшоў ці наш», — распавядае касірка ў краме ля вакзалу.
Тут жа сустракаем двух «срочнікаў». Хлопцы служаць у частцы ў Пячах і ў вучэннях удзелу не прымаюць.
«Расейцы жывуць проста на палігоне, у намётах. Мы іх, шчыра кажучы, не бачылі. Яны там сабе, а мы сабе, — распавядае хлопец, — Але ведаю, што па горадзе ездзяць патрулі расійскай вайсковай паліцыі. Нам казалі, што яны могуць у нас ваенныя білеты правяраць. Вучэнні будуць доўжыцца да 25 верасня, а потым тры дні на зборы і 28-га яны вяртаюцца дадому», — кажа жаўнер.
Іншую інфармацыю мы атрымалі ад кіроўцы таксі, які ледзь не штодня падвозіць расейцаў з цэнтру горада да палігону.
«Адзін з іх сказаў, нібыта на 25-е і 26-е прыйдуцца найбольш актыўныя дзеянні вучэнняў, а пакуль ідзе «прыстрэлка», — дзеліцца кіроўца, — А яшчэ афіцэры кажуць, што быццам бы да нас сюды Пуцін прыедзе»…
Нагадаем, «Захад–2017» афіцыйна мусіць скончыцца 20 верасня і прадстаўнікі Мінабароны Беларусі неаднаразова падкрэслівалі: расійскія падраздзяленні цалкам пакінуць тэрыторыю краіны да 30 верасня. Што тычацца візіту Уладзіміра Пуціна, то Масква заяўляе, што ён будзе інспектаваць вучэнні толькі ў Ленінградскай вобласці.
«Прыехала контрвыведка са зброяй…»
Пакуль што жыхары дамоў праз дарогу ад палігона, сцвярджаюць: за дзень яны рэдка бачаць самалёты, а вось стрэлы чуваць добра ў любой кропцы гораду, у некаторых кватэрах ажно вокны дрыжаць. Нават падлеткі на пляцоўцы ля пад’езду абмяркоўваць, «як моцна стралялі».
Барысаўскі палігон шчыльна прымыкае да горада: з аднаго боку шашы стаяць шматпавярховікі, з супрацьлеглага — таблічкі «Стой, страляюць». Там жа знаходзіцца цэнтральны КПП. Ахова на гэтым КПП змешаная — разам з прадстаўнікамі беларускай камендатуры нясуць варту супрацоўнікі расійскай вайсковай аўтаінспекцыі ў зялёных камізэльках з адпаведнымі нашыўкамі.
Калі мы падыходзім бліжэй, яны ўпарта тлумачаць жанчыне сталага веку, якая з сяброўкай вырашыла прагуляцца па лесе, што шпацыр забаронены. Найбольш мясцовыя жыхары скардзяцца на тое, што ў лесе ля палігону ім цяпер забараняюць збіраць грыбы. Праўда, многіх забарона не спыняе.
«Мы рэгулярна грыбнікоў ловім, затрымліваем, — распавядае нам прадстаўнік камендатуры, — Бывае, прыходзяць наўпрост на КПП, а мы па паўгадзіны тлумачым людзям. Ну нельга туды хадзіць! Там жа расцяжкі, там страляюць — куды вы лезеце, бл…?.. Тут наогул нідзе нельга хадзіць, нідзе нельга здымаць. Нават з супрацьлеглага боку. Нядаўна прыязджала «ВоенТВ» (тэлеканал Мінабароны РБ), з таго боку дарогі здымалі — і тое, за імі прыехала нашая контрвыведка са зброяй і затрымала».
Пра далейшы лёс здымачнай групы «ВоенТВ» даведацца не паспяваем. Супрацоўнік камендатуры паводзіць сябе з намі даволі адкрыта, без падазрэнняў, але, калі падыходзіць ягоны напарнік з расійскай вайсковай паліцыі, то адразу закрываецца — больш ніякіх адказаў на пытанні, усё сувора. Карэспандэнтку просяць паказаць тэлефон на выпадак дыктафоннага запісу размовы. «Дзяўчына зараз пройдзе роўненька ў машыну міліцыі», — кажа афіцэр. На шчасце, ніякага запісу мы не вялі, таму спакойна пакідаем КПП.
«Мы столькі выпілі і не атруціліся!»
Акрамя КПП з боку Барысава ёсць яшчэ і КПП на ўездзе ў горад, па мінскім напрамку. А побач з ім — невялічкая сцежка, праз якую ў самаволку ходзяць расійскія вайскоўцы. Сцежку нам паказвае таксіст — ён неаднойчы забіраў адтуль такія кампаніі.
«Афіцэры пад вечар часцяком пераапранаюцца ў цывільнае ды едуць у стары горад у рэстарацыі або клубы. Ну і проста за гарэлкай ездзяць рэгулярна, — распавядае кіроўца таксоўкі, — Кажуць, ім нават прыйшлося ўзмацняць кантынгент вайсковай паліцыі, бо расійскія афіцэры адразу па саўнах пайшлі, лавілі іх потым».
Як распавядаюць нам у крамах ля палігону, пасля прыезду расійскіх вайскоўцаў продажы гарэлкі і піва выраслі проста неверагодна.
«Гарэлку, піва, тушонку — размятаюць са свістам! — кажа адзін з супрацоўнікаў крамы, — Пад канец працоўнага дня ў нас паліцы з алкаголем пустыя стаяць. А на заўтра расейцы зноў прыходзяць і ўсё здзіўляюцца: маўляў, мы столькі выпілі і не атруціліся! Як гэта ў вас такая танная і такая якасная гарэлка?.. Ну вядома: у Расіі за такія грошы хіба толькі настойку баярышніку купіш!»
Мясцовыя жыхары з расейцамі стараюцца без патрэбы не размаўляць: баяцца, што калі пачнуць задаваць шмат пытанняў іх «пацягнуць у КДБ». Але звычайна пытанняў у іх і няма: барысаўчане нічога супраць расійскіх вайскоўцаў не маюць і да вучэнняў ставяцца з разуменнем.
«Ну гэта ж трэба рабіць, гэта ж, як кажуць, нашыя браты», — гаворыць адзін з нашых суразмоўцаў у Барысаве. А потым з усмешкай дадае: «Праўда, Лукашэнка кажа, што і кітайцы нам браты, і індусы, і сірыйцы… Ды хто яго ведае!»
Кацярына Андрэева, Ігар Ільяш; belsat.eu