На вучэннях «Захад–2017» баявы верталёт выпусціў ракеты ў гледачоў (відэа)
З-за збою ваеннай тэхнікі два чалавекі апынуліся ў шпіталі. Верагодней за ўсё, інцыдэнт адбыўся незадоўга да візіту на палігон Уладзіміра Пуціна.
На чарговым этапе расійска-беларускіх вайсковых вучэнняў «Захад–2017» адбылося надзвычайнае здарэнне: на палігоне «Лужскі» пад Санкт-Пецярбургам здарыўся міжвольны пуск ракет класа «паветра-зямля» з верталёта Ка-52, паведамляе "Эхо Москвы".
«Яны ляцелі на цэлі, заставалася метраў 500, па заданні на баявым шляху ўключаюцца ланцугі ўзбраення. Яны ўключылі, але там нешта закарацілі — і ракеты сышлі самі. У аскепкаў разлёт вялікі, згарэлі як мінімум два аўтамабілі, два чалавекі атрымалі цяжкія траўмы, зараз яны знаходзяцца ў шпіталі. Гэта была трэніроўка перад нейкай паказухай. Пацярпелі, хутчэй за ўсё, журналісты», — паведаміла 66.ru дасведчаная крыніца.
Дакладная дата, калі адбылося здарэнне, невядомая. «Гэта адбылося ўчора ці пазаўчора», — распавёў наш суразмоўца. Таксама няма пакуль і афіцыйнай інфармацыі, што пацвярджае здарэнне.
Адзначым, паводле звестак прэс-службы Заходняй ваеннай акругі, 17 верасня «ў рамках сумесных стратэгічных вучэнняў «Захад-2017» на палігоне «Лужскі» экіпажы ударных верталётаў Мі-28Н і Ка-52 армейскай авіяцыі Заходняй ваеннай акругі адпрацавалі задачы паветранай выведкі, нанясення ракетнага ўдару па наземных цэлях і прыкрыццё наземнай групоўкі войскаў з паветра».
Прэс-служба Заходняй ваеннай акругі:
— Падчас выканання паветранай разведкі лётны састаў адпрацаваў найбольш складаныя элементы лётнай падрыхтоўкі — палёты на гранічна малых вышынях з абмінаннем рэльефу мясцовасці. Лётчыкі дзейнічалі ў складзе пар і звёнаў, выконваючы палёты ў пастраенні «пеленг» на ўстаноўленых інтэрвалах і дыстанцыях. Вядучы экіпаж мусіў, пры выяўленні мішэняў на зямлі, размеркаваць цэлі для кожнага з кіраваных ім экіпажаў для максімальна эфектыўнага нанясення авіяцыйнага ўдару. Лётчыкі выканалі пускі некіравальных ракет, а таксама ўжылі бартавое гарматнае ўзбраенне, знішчыўшы пры гэтым больш за 20 мішэняў, якія імітуюць калоны тэхнікі, агнявыя пазіцыі, умацаванні і іншыя аб'екты ўмоўнага праціўніка.
Сумесныя стратэгічныя вучэнні "Захад–2017» узброеных сіл Расіі і Беларусі праходзіць з 14 па 20 верасня. Учора, 18 верасня, палігон «Лужскі» наведалі вярхоўны галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі РФ Уладзімір Пуцін і міністр абароны РФ Сяргей Шайгу.
Расійска-беларускія вучэнні выклікалі неспакой лідараў суседніх дзяржаў. Так, прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ заявіла, што манеўры мадэлююць рэальны канфлікт з краінамі NАТО, і раскрытыкавала «прыхаваныя маштабы і сцэнары вучэнняў». Гэта сведчыць «пра агрэсіўны характар вучэнняў «Захад», паскардзілася Грыбаўскайтэ генсеку ААН Антоніу Гутэрэшу.