Ганна Севярынец: Быць беларусам — і гонар, і годнасць, і сорам, і страх
«Я думаю пра тое, што апошнія два гады нас бесперапынна кідае на эмацыйных арэлях ад "ганаруся быць беларусам" да "сорамна быць беларусам", ад "годна быць беларусам" да "страшна быць беларусам", і тут важна тое, што сусвет то дубчыкам, то бізунчыкам забівае тутэйшаму люду ў галаву самае важнае: "быць беларусам"», — піша ў Фэйсбуку пісьменніца, настаўніца і літаратуразнаўца Ганна Севярынец.
Быць беларусам — і гонар, і годнасць, і сорам, і страх, і шмат яшчэ розных пачуццяў, і важна, што яны розныя, таму што ў жывых людзей не бывае толькі добрага альбо толькі благога. Быць беларусам — гэта не праслязіцца пад песню пра буслоў на Дажынкі, гэта і ганарыцца, і саромецца, і працаваць, і бедаваць. Галоўнае, каб мы разумелі, што мы беларусы, як украінцы разумеюць, што яны — украінцы, і толькі на гэтым трымаюцца.
Я ведаю, што гэта цяжкі і доўгі шлях, я сама яго праходжу, я толькі сёння нарэшце выкінула са сваёй галавы "Вайну і мір" як абавязковую кніжку — і мы пачнем чытаць "Вайну ў Лісабоне". А пасля яе — Чэхава. Я ў дзяцінстве, памятаю, шкадавала, што я не руская, ну на скрайні выпадак — украінка, а нейкая там беларуска. Бо беларускае падавалася мне слабым, нецікавым, парэпаным, не маім. Калі я паставіла сабе задачу загаварыць на беларускай мове, я пайшла і ўзяла сабе ў нагрузку пары па беларускай мове для завочнікаў — і вучыла на памяць лекцыі свае, бо свабодна расказваць не магла, а ўжо калі трэба было адказваць на пытанні, у мяне ад страху падгіналіся каленкі. Я ведаю, што гэта няпроста. Але я ведаю, што гэта патрэбна.
Я мару аб тым часе, калі Беларусь будзе незалежнай — ад любых, любых саюзаў. Я не хачу ні да кога прыхінацца, ні да ўсходу, ні да захаду. Я хачу быць адкрытай усім — і адасобленай ад кожнага. Я хачу, каб у нашай краіны быў свой беларускі пуць. Я не хачу быць часткай ніякага іншага свету, акрамя свайго. Але для гэтага я мушу ведаць, што я — беларуска, і што такое — Беларусь, і як вылядае беларускі свет, як выглядаў раней і як ён будзе выглядаць у будучыні.
Быць беларусам — значыць мець унутры сябе не рускі мір, не іншы любы мір, а беларускі мір. І з ім ісці ў шырокі свет, з ім адкрываць для сябе іншыя краіны і іншыя магчымасці. Але мець пры гэтым свой дом, дзе мы гаспадары. Без дома цяжка. Без свайго дома — смяротна цяжка.
Я бясконца і ўпарта мару пра той час, калі з майго дома сыдуць усе няпрошаныя госці. Усе і назаўсёды. Але гэта здарыцца толькі тады, калі кожны тут, у гэтым доме, нарэшце зразумее, што такое быць беларусам. Не дэкаратыўным, а жывым.