Гамяльчука будуць судзіць за пашкоджанне шын 39 тралейбусаў і падпал аўто сілавіка

Пракуратура накіравала ў Гомельскі абласны суд крымінальную справу 33-гадовага гамяльчаніна. Ён абвінавачваецца ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтве ім, замаху на наўмыснае знішчэнне і пашкоджанне чужой маёмасці, учыненыя агульнанебяспечным спосабам і якія пацягнулі прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры, а таксама ў актах тэрарызму.

05940a69607c41a30d34810fcd95ae5207fa1d19_599_399_c.jpg

Паводле версіі абвінавачвання, мужчына ў верасні 2019 года паспрабаваў на будаўнічым аб'екце ў Гомелі падпаліць аўтакран.

«Ён жа з выкарыстаннем кампутарнай тэхнікі і мабільных прылад стварыў у мэсэнджары Telegram публічныя інфармацыйныя рэсурсы. Пасля Ч. як адміністратар канала аб'яднаў групу грамадзян і кіраваў дзейнасцю дадзенай супольнасці, схіляў да экстрэмісцкай дзейнасці, спрыяў навучанню і падрыхтоўцы да такой дзейнасці», — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.

Пазней гэтыя рэсурсы былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі. Акрамя таго, мужчыне інкрымінуецца пашкоджанне шын 39 тралейбусаў на тэрыторыі транспартнага дэпо ў лістападзе 2021 года. Абвінавачванне лічыць, што мужчына абліў яшчэ і аўтамабіль супрацоўніка міліцыі гаручай вадкасцю, а таксама падпаліў яго.

Абвінавачванні выстаўленыя паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218, ч. 1 арт. 361-1, ч. 1 і ч. 2 арт. 289. Расследаваннем справы займалася ўпраўленне КДБ па Гомельскай вобласці.

Абвінавачаны застаецца пад вартай. Яго прозвішча не называецца.