Футбалістам года ў Беларусі прызналі Ігара Стасевіча з БАТЭ
Гулец барысаўскага клубу прызнаны найлепшым футбалістам краіны 2015 года.
Акрамя таго Ігар Стасевіч прызнаны лепшым яшчэ ў некалькіх намінацыях — найлепшы паўабаронца і найлепшы гулец чэмпіянату Беларусі-2015.
«Ураджэнец Барысава правёў адзін з лепшых сваіх сезонаў. У 22 сустрэчах чэмпіянату краіны Ігар забіў 6 галоў і аддаў столькі ж выніковых перадач, зарабіў асістэнцкія балы ў 4 з 5 матчаў
на шляху да перамогі ў Кубку Беларусі 2014/2015. У Лізе Чэмпіёнаў Стасевіч адзначыўся 2 галамі і 3 выніковымі перадачамі», — пералічваюцца некаторыя з заслугаў футбаліста на сайце
Беларускай федэрацыі футбола.
Лепшымі брамнікам і абаронцам чэмпіянату таксама прызнаныя футбалісты БАТЭ — Сяргей Чэрнік і Неманʼя Мілуновіч.
А вось лепшым бамбардзірам ужо другі год запар стаў форвард салігорскага «Шахцёра» Мікалай Януш, які забіў 15 галоў і зрабіў 7 галявых перадач цягам сезону. На цырымоніі
ўзнагароджвання ён выступаў па-беларуску.
Трэнер года — Аляксандр Ермаковіч (БАТЭ).
Паводле belsat.eu