Фігуры тыдня: Тадэвуш Кандрусевіч, Ірына Ятчанка, Іван Ціхан, Мікалай Дзядок
Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч паўстаў перад вернікамі ў вобразе звычайнага чалавека. Каталіцкі іерарх узяў удзел у Першым чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе сярод
каталіцкіх святароў.
У чэмпіянаце ўдзельнічалі шэсць каманд: па адной з кожнай дыяцэзіі — Віцебскай, Гродзенскай, Пінскай, Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама каманды з гродзенскай і пінскай духоўных
семінарый. Папярэднічала футбольным баталіям імша ў лідскім фарным касцёле, якую ўзначаліў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У гаміліі арцыпастыр падкрэсліў вартасці футболу, адзначыўшы, што гэтая гульня «вучыць павазе да іншага чалавека і ахвярнасці дзеля дабра ўсёй каманды», «дазваляе ўбачыць
таленты кожнага спартсмена», «вядзе да логікі братэрства і любові». Іерарх прывёў таксама аналогіі паміж жыццём хрысціяніна і футболам», — піша
інтэрнэт-партал catholic.by. Правёўшы лёсаванне, Мітрапаліт пажадаў, каб гэты футбольны турнір стаў прыкладам хрысціянскага жыцця, справай абвяшчэння веры.
Міні-футбол дастаткова папулярны сярод святароў Аўстрыі, Польшчы, Венгрыі, Харватыі, Славеніі, Партугаліі, Украіны, Румыніі, Славакіі, Босніі і Герцагавіны. У некаторых з гэтых краін існуюць нават
адмысловыя чэмпіёны краіны сярод святароў.
Ірына Ятчанка, Іван Ціхан
Па выніках пераправеркі допінг-пробаў, узятых падчас Алімпіяды 2004 года, ва ўжыванні забароненых прэпаратаў абвінавачаныя беларусы Іван Ціхан і Ірына Ятчанка, рускія Святлана Крывелева і Алег
Перапячэнаў, украінец Юры Беланог, паведамляе агенцтва «Увесь спорт».
23 лістапада стала вядома, што пяць медалістаў Алімпіяды ў Афінах з краін былога СССР абвінавачаныя ў парушэнні антыдопінгавага заканадаўства. Па правілах, допінг-пробы захоўваюцца восем гадоў, у
жніўні 2012 года перад заканчэннем тэрміну захоўвання Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) правяло пераправеркі 110 пробаў. Пяць тэстаў далі станоўчы вынік.
Іван Ціхан выступае ў кіданні молата, Ірына Ятчанка — у кіданні дыска. На Гульнях у Афінах Ціхан выйграў срэбра, Ятчанцы дасталася бронза.
Пры гэтым Ціхан ужо станавіўся ўдзельнікам допінгавага скандалу. На Алімпіядзе ў Пекіне ён выйграў бронзу, аднак неўзабаве быў абвінавачаны ва ўжыванні допінгу, пазбаўлены медаля і дыскваліфікаваны.
Але беларус у арбітражным судзе даказаў сваю невінаватасць, атрымаўшы алімпійскі медаль назад.
На рахунку Ціхана ўдзел у трох Алімпійскіх гульнях, тры перамогі на чэмпіянатах свету. Ятчанка ўдзельнічала ў пяці Алімпіядах, выйграўшы ў 2000 годзе бронзавы медаль.
Мікалай Дзядок
На 4 снежня прызначана выязное пасяджэнне Шклоўскага суда па справе палітвязня Мікалая Дзядка. Суд будзе вырашаць, ці накіроўваць Мікалая Дзядка як злоснага парушальніка рэжыму з калоніі ў
«крытую» турму, — паведамляе Радыё «Свабода».
Суддзя Віталь Волкаў дазволіў абараняць Мікалая Дзядка на пасяджэнні ягонаму адвакату, але не даў дазволу, каб палітвязня абараняў таксама ягоны бацька, былы суддзя Мінскага абласнога суда Аляксандр
Дзядок.
Паводле Аляксандра Дзядка, у яго сына ўжо 22 спагнанні за розныя парушэнні дысцыпліны, і спецыяльная камісія ў калоніі выказалася за накіраванне Мікалая Дзядка ў «крытую»
турму.
«Усе гэтыя нібыта парушэнні тлумачацца адным — сын адмаўляецца падпісваць прашэнне аб памілаванні і трымаецца па-ранейшаму мужна і прынцыпова, не скараецца», —
кажа Аляксандр Дзядок.
Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок у 2011 годзе быў асуджаны на 4,5 гады зняволення за хуліганства і пашкоджанне маёмасці падчас акцый каля Міністэрства абароны, на тэрыторыі расійскага
пасольства, ізалятара на Акрэсціна ды іншых. У зняволенні Мікалай Дзядок яшчэ мусіць адбыць больш за 2 гады.
У «крытых» турмах зараз знаходзяцца палітвязні Мікалай Аўтуховіч, Мікалай Статкевіч, Зміцер Дашкевіч, Яўген Васьковіч.