Фігуры тыдня: Сяргей Гайдукевіч, Аляксандр Варламаў, Мікалай Лазавік

Сяргей Гайдукевіч   Ліберальна-дэмакратычная партыя прапанавала прыняць закон аб абавязковым валоданні дзяржаўнымі службоўцамі беларускай мовай. Адпаведная заява прынята Вышэйшым саветам і Цэнтральным камітэтам ЛДП, паведамляе БелаПАН. Дакумент, прыняты на беларускай мове, заканчваецца словамі: «Жыве Беларусь!»  



hajdukievic.jpg

Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч не адмаўляе, што актывізацыя ЛДП у апошнія некалькі месяцаў звязана ў тым ліку з яго намерам балатавацца на пасаду прэзідэнта на выбарах 2015 года.

Каментуючы БелаПАН заяву партыі, у якой сказана пра неабходнасць прыняць закон, што абавязвае кожнага чыноўніка валодаць беларускай мовай, Гайдукевіч адзначыў: «Цяпер ідуць спрэчкі пра суверэнітэт, улада спрабуе штосьці прыдумаць у гэтым кірунку, што трэба ўмацоўваць эканоміку. Але пра які суверэнітэт можна гаварыць, калі дзяржаўныя чыноўнікі не размаўляюць на роднай мове? Як так магчыма, што беларускі чыноўнік, які прыехаў, напрыклад, ва Украіну, размаўляе не на мове тытульнай нацыі? Ва Украіне ўсе размаўляюць на ўкраінскай мове, вакол яе аб’ядноўваецца нацыя».

На словах кожны выступае за суверэнітэт, гаворыць старшыня ЛДП. «Але для пацвярджэння гэтага кожны чыноўнік падчас візітаў у замежныя краіны павінен пачаць размаўляць на роднай беларускай мове. Іншага выйсця няма. Не ведаючы мовы, беларус не павінен мець права паступаць на дзяржслужбу. Я не кажу, што ўсе павінны адразу загаварыць на беларускай мове, але чыноўнікі гэта зрабіць абавязаны», — перакананы лідар ЛДП.


Аляксандр Варламаў

varlamov.jpg

Завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да Аляксандра Варламава — дырэктара ПУП «Агенцтва моды Сашы Варламава», былога мастацкага кіраўніка Цэнтра сучаснага стылю і моды «UNIVERSUM MODELS» упраўлення па справах культуры БДУ, былога намесніка старшыні арганізацыйнага камітэта рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота «Млын моды» і начальніка Цэнтра моладзевай моды БДУ.

Як паведамілі БелаПАН у аддзеле інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта, Варламаву прад’яўлена канчатковае абвінавачанне ў здзяйсненні злачынстваў, якія прадугледжваюць адказнасць за махлярства ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 209 КК), крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў буйным памеры (ч. 3 арт. 210 КК), прысваенне маёмасці (ч. 2 арт. 211 КК), ухіленне ад выплаты падаткаў (ч. 1 арт. 243 КК), злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі (ч. 3 арт. 424 КК).

У якасці сведак па крымінальнай справе дапытана больш за 800 чалавек. Пацярпелымі прызнаныя 353 асобы. Па дадзеных следства, агульная матэрыяльная шкода, прычыненая злачыннымі дзеяннямі Варламава, склала больш за 1 мільярд 200 мільёнаў рублёў.

Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя ў Генеральную пракуратуру для прыняцця рашэння аб накіраванні ў суд.

Варламаў быў заключаны пад варту 20 мая 2011 года.


Мікалай Лазавік

lozovik.jpg

Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік у інтэрв’ю «Еўрарадыё» заявіў, калі б экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта, а цяпер палітвязень Мікалай Статкевіч папрасіў аб вызваленні, яго выпусцілі б на волю.

Па словах Лазавіка, ён даўно асабіста знаёмы з экс-кандыдатам у прэзідэнты Мікалаем Статкевічам і запэўнівае, што раней палітык быў больш лаяльным у сваіх палітычных пазіцыях.

«Мне здаецца, што ён адмыслова выпрацоўвае ў грамадстве такі свой імідж пакутніка. Калі б ён хацеў вызваліцца — ён бы ўжо вызваліўся. Для гэтага дастаткова было б напісаць адпаведную заяву. І яно (пытанне пра вызваленне — «Еўрарадыё») было б, хутчэй за ўсё, вырашана станоўча. Але гэта яго асабісты выбар — ён так, як мне здаецца, вызначыўся ў сваіх паводзінах», — сказаў Мікалай Лазавік.

Сакратар ЦВК успамінае, што падчас «штурму» Дома ўрада ён знаходзіўся ў сваім кабінеце і вымушаны быў выключыць святло і нават кампутар з-за страху, што дэманстранты запусцяць у яго каменем.