Фігуры тыдня: Алесь Бяляцкі, Андрэй Бандарэнка, Міхаіл Мясніковіч
Алесь Бяляцкі
50-гадовы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі ўвайшоў у шорт-ліст кандыдатаў на атрыманне прэміі Еўрапарламента імя Сахарава «За свабоду думкі». Як паведамілі БелаПАН у
прэс-службе Еўрапарламента, у тройку кандыдатаў таксама ўвайшлі расійскі панк-гурт «Pussy Riot» і прадстаўнікі Ірана Насрын Сотудэ (адвакат) і Джафар Пана (рэжысёр).
Лаўрэат прэміі будзе названы 26 кастрычніка. За вылучэнне Бяляцкага на атрыманне прэміі падпісаліся ініцыятар вылучэння польскі дэпутат Яцэк Сарыюш-Вольскі і яшчэ 82 еўрапарламентара.
Прадстаўнікі Беларусі ўжо атрымлівалі прэмію імя Сахарава: у 2004 годзе яе ўручылі грамадскаму аб’яднанню «Беларуская асацыяцыя журналістаў», у 2006 годзе —
экс-кандыдату ў прэзідэнты Аляксандру Мілінкевічу.
Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі абвінавачаны ва ўтойванні даходаў у
асабліва буйным памеры. У лістападзе 2011 года суд прыгаварыў яго да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага
пераследу праваабаронцы стала наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не прыняў да ўвагі той факт, што грошы, якія паступалі на гэтыя рахункі, выкарыстоўваліся для праваабарончай
дзейнасці. Не быў прыняты да ўвагі і той факт, што шкода, якую, па версіі суда, нанёс Бяляцкі, была цалкам сплачаная за кошт добраахвотных ахвяраванняў беларускіх грамадзян. Бяляцкі абвешчаны вязнем
сумлення, яго вызвалення патрабуе міжнародная дэмакратычная грамадскасць, кіраўніцтва Еўрасаюза і ЗША.
Андрэй Бандарэнка
Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Платформа» пад кіраўніцтвам Андрэя Бандарэнкі, што займаецца пытаннямі выканання заканадаўства ў месцах пазбаўлення волі, будзе ліквідавана.
Падставай для ліквідацыі праваабарончай арганізацыі стаў пазоў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Савецкага раёна Мінска. У адказ дырэктар «Платформы» Андрэй Бандарэнка
спаслаўся на інструкцыю Міністэрства юстыцыі аб справаводстве, апеляваў да таго, што «Платформа» ўжо адказала за парушэнне, аператыўна яго выправіла і не нанесла гэтым парушэннем
ніякай шкоды. Нягледзячы на гэтыя довады, суддзя Клюйко прыняў рашэнне аб ліквідацыі ІАУ «Платформа».
«Усе мы ўжо прывыклі да таго, якім чынам у нас прымаюцца рашэнні суда, асабліва калі гэтыя рашэнні датычацца праваабарончых арганізацый ці палітычных структур. Але цяпер мы на сваім
прыкладзе можам даць міжнародным структурам інфармацыю пра тое, якім чынам у Беларусі ажыццяўляецца ціск на праваабарончыя арганізацыі, якім чынам у нас выконваецца міжнароднае права. І хай пасля
гэтага пастаянны прадстаўнік пры міжнародных арганізацыях Міхаіл Хвастоў ці міністр замежных спраў Уладзімір Макей паспрабуюць у ААН або ў АБСЕ растлумачыць, якім чынам у Беларусі выконваюцца правы
чалавека, і якім чынам праваабаронцы могуць свабодна ажыццяўляць сваю дзейнасць», — цытуе Бандарэнку БелаПАН.
«Платформа» была створана Андрэем Бандарэнкам пасля таго, як сам ён правёў за кратамі без малога два гады па абвінавачванні ў здзяйсненні эканамічнага злачынства. У сакавіку 2011
года Мінскі гарадскі суд прызнаў Бандарэнку невінаватым, а ў чэрвені ён заснаваў «Платформу».
Міхаіл Мясніковіч
Беларусь плануе ствараць уласную вытворчасць касмічных спадарожнікаў. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч у Мінску на сустрэчы з намеснікам кіраўніка Федэральнага
касмічнага агенцтва Расіі (Роскосмас) Анатолем Шылавым.
«Мы не будзем абмяжоўвацца толькі адным апаратам, як і дамаўляліся раней, разгледзім пытанні, каб у Беларусі вырабляць спадарожнікі», — цытуе Мясніковіча дзяржаўнае
агенцтва БелТА.
Такім чынам, Беларусь плануе не толькі працаваць у далейшым на касмічных апаратах, але і вырабляць адпаведную прадукцыю. «Гэта ў інтарэсах нашых дзяржаў і трэціх краін», —
мяркуе прэм’ер-міністр.
Касмічны апарат — гэта не толькі навукова-тэхнічны прагрэс, але і камерцыя, адзначыў Мясніковіч. У сувязі з гэтым Беларусь імкнецца да камерцыялізацыі праекта.