Дыялектыка: чым больш трывалай робіцца стабільнасць — тым больш у стабільнасці ворагаў
Заўсёды барацьба за стабільнасць з ворагаў стабільнасці толькі пачынаецца. А потым трэба пераходзіць на сведак стабільнасці, якія сведчылі стабільнасць няправільна, папярэджвае аўтар тэлеграм канала «Лісты да дачкі».
Пішуць, што ўчора ў Гомелі затрымалі дырэктара мясцовай IT-кампаніі. Цікавіўся, кажуць, падпіскамі экстрэмісцкага характару і меў даходы, якія цынічна парушаюць прынцыпы сацыяльнай справядлівасці.
Ты мне, вядома, зараз здзівішся. Скажаш: і што? І навошта ты мне гэта кажаш? Вядомая справа, што дырэктар IT-кампаніі — гэта класіка экстрэмісцкага элемента. Вось проста згодна з інструкцыяй «Дзе стабільнасці знайсці сваіх ворагаў». Пункт нумар тры — зазірніце ў бліжэйшую да вас IT-кампанію.
Так, але я табе адкажу: гэта быў не проста дырэктар IT-кампаніі, якога з-за непаразуменняў яшчэ пакуль не паспелі выкрыць. Гэта быў такі дырэктар IT-кампаніі, які паказваў сябе як адданага сведку стабільнасці. Мой прэзідэнт, мы разам, вораг не пройдзе. Карацей, усё такое...
Ты мне можаш, вядома, сказаць, што можа ён толькі рабіў выгляд. Толькі знешне паводзіў сябе як сведка стабільнасці, а ў глыбіні сваёй душы быў схільны да розных нядобрых палітычных альтэрнатыў. Так і я табе адкажу: гэта ж яшчэ не падстава! Падумаеш, вялікая справа — чалавек рабіў выгляд ды прыкідваўся. Яны ўсё толькі прыкідваюцца.
Я, вядома, паняцця не маю, якая там была нагода. Магчыма, ён праявіў палітычную пыху і сабраўся пайсці ў гарадскія дэпутаты. Таму на яго прыкладзе вырашылі наглядна растлумачыць пра рызыкі несанкцыянаванай палітычнай актыўнасці. А можа ён, пры сваіх абуральна асацыяльных даходах адмовіў красаўцам у добраахвотных ахвяраваннях на ўмацаванне стабільнасці…
Насамрэч, няма ніякай розніцы, што там была за нагода. Тут іншае больш важнае. Тут найважнейшае, што гэта той выпадак, пра які сведак стабільнасці даўно ўжо папярэджвалі многія разумныя людзі. Што барацьба за стабільнасць робіцца больш жорсткай па меры ўмацавання стабільнасці. Што чым трывалейшая стабільнасць — тым больш у стабільнасці ворагаў. Гэта ж дыялектыка. Разумець трэба!
Але некаторыя наогул не разумеюць тонкасцяў дыялектычнага матэрыялізму. Не разумеюць, што, калі ў краіне не да законаў, то не да законаў становіцца для ўсіх. Думаюць, што калі адзін раз запісаць сябе ў здаровыя сілы грамадства, то табе потым нічога дрэннага не будзе. Ага. Канешне...
Любы матэрыялістычны дыялектык табе скажа, што барацьба за стабільнасць з ворагаў стабільнасці толькі пачынаецца. А потым трэба пераходзіць на сведак стабільнасці, якія сведчылі стабільнасць няправільна. Таму што тыя, якія сведчылі стабільнасць няправільна, яны і ёсць самыя небяспечныя ворагі.
А як сведчыць правільна — тут ты ж ніколі не адгадаеш! Таму што гэта ўсё залежыць ад канкрэтных абставінаў грамадска-палітычнага становішча. І сёння ты паважаны член грамадства, а заўтра будзеш ужо замаскіраваным ворагам. А калі ты раптам, неспадзявана — ну, так атрымалася — ні ў чым перад стабільнасцю не правініўся, то табе ж яшчэ горш. Таму што табе ж тады самому трэба будзе прыдумаць, у чым ты вінаваты. І даць супраць сябе неабвержныя доказы. Каб не абцяжарваць следства…
P.S. А інакш можа атрымацца як з пацуком, якога сокалы скінулі на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.