Хронікі рэпрэсій. Затрымалі маці дарадцы Ціханоўскай, у Гомелі за «падпіскі» схапілі ябацьку
За дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 30 лістапада.
Затрымалі маці
дарадцы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыты Ворыхавай. Затрыманне
адбылося сёння раніцай у Наваполацку. Да Інэсы Ворыхавай на працу прыехаў АМАП
— пасля гэтага сувязь з жанчынай знікла. Пазней з’явілася інфармацыя, што
жанчыну будуць судзіць. У чым яе абвінавачваюць, невядома.
У тым жа Наваполацку
адбыўся ператрус у бацькоў актывіста Аляксея Трубкіна, які з 2006 года не жыве
ў Беларусі. Па выніках
ператрусу быў затрыманы Анатоль Трубкін — бацька Аляксея.
Анатолю Трубкіну 69 год, у яго забралі камп'ютар і кнігі. У чым вінавацяць, невядома, магчыма, у тым, што не адразу адчыніў дзверы. Гэта лукашэнкаўскія сілавікі афармляюць як «непадпарадкаванне».
У Ваўкавыску пачаўся
чарговы суд над палітзняволеным блогерам Уладзімірам Цыгановічам.
43-гадовага аўтара Youtube-канала «MozgON» толькі тры месяцы таму перавялі ў новую калонію пасля апошняга прысуду — у красавіку яму прызначылі яшчэ адзін год зняволення. За гэты час адміністрацыя ваўкавыскай калоніі №11 ініцыявала ўзбуджэнне другой запар крымінальнай справы паводле ч.2 арт.411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі»).
Цяпер палітвязню могуць дадаць яшчэ два гады зняволення да 16 гадоў калоніі.
У Мінску
затрымалі інжынера — ён нібыта
доўга адчыняў дзверы міліцыянтам. Мужчыну абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах пасля выбараў 2020 года.
У Гомелі
затрымалі дырэктара IT‑кампаніі «Элітсофт» Юрыя Баля. На
відэа ён кажа, што затрыманы за «экстрэмісцкія» падпіскі ў фэйсбуку. Цікава,
што мужчына з’яўляецца ябацькам — ён збіраўся балаціравацца ў 2024 годзе ў гарадскія
дэпутаты, на яго старонцы ў сацсетках шмат праўладных допісаў.
Генеральная пракуратура накіравала ў Вярхоўны суд крымінальную справу ў дачыненні да
кіраўнікоў «BYPOL». Завочна збіраюцца
судзіць шэсць былых сілавікоў — Андрэя Астаповіча, Аляксандра Азарава, Алега
Талерчыка, Уладзіміра Жыгара, Мацвея Купрэйчыка і Ігара Лобана. Згодна з
матэрыяламі справы, «названыя асобы ў розныя перыяды ўчынілі дзеянні з мэтай
захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».
Гомельскага
актывіста Анатоля Паплаўнага аштрафавалі на 10 базавых велічынь (370 рублёў) за
«распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле ч.1 арт. 19.11 КаАП. Што
канкрэтна стала падставай для пратакола, невядома.
У Брэсце затрымалі мясцовага жыхара. Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, мужчына нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, а дома ў яго знайшлі цішотку з абрэвіятурай «АСАВ».
Тэлеграм-канал Лявона Вольскага прызнаны «экстрэмісцкім». Адпаведнае рашэнне прынята судом
Лідскага раёна 28 лістапада. Таксама спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў
папоўнілі тэлеграм-каналы «Екологiчна
Платформа», «ЖИЛИЩНО-КОММУНАЛЬНАЯ. ПУХОВИЧИ ДЛЯ ЖИЗНИ», «Народны дэпутат», інстаграм-старонка «talaka_in_italia», старонка ва
«УКантакце» «Николай
Масловский», цікток-старонкі «anatoykoipe»,
«Андреевич».
Грамадскі актывіст Васіль Палякоў выйшаў на волю. Ён быў затрыманы 1 лістапада і двойчы асуджаны да 15
сутак арышту за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Падчас зняволення Васіль трымаў галадоўку.